Правілы аховы працы павінны быць правілам жыцця

Чэрвеньскае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося ў мінулую пятніцу, адразу пасля пятага Усебеларускага народнага сходу. Распачынаючы пасяджэнне, яго дэлегат старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч у якасці квінтэсенцыі форуму, яго галоўнай думкі назваў неабходнасць працаваць. Не чакаць міласці ад некага ці нечага, а працаваць, працаваць, працаваць. Рупліва, настойліва, адказна, на вынік.

І – бяспечна. Адно з вынесеных на разгляд пытанняў – стан работы па ахове працы ў арганізацыях Ляхавіцкага раёна. Аб першачарговай важнасці тэмы, пастаянстве ўвагі да яе на розных паверхах улады, з боку наймальнікаў, прафсаюзаў, саміх работнікаў гаварыў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць.

На першым рубяжы адказнасці за стан гэтай работы на любым з прадпрыемстваў знаходзіцца інжынер па ахове працы. Гэта павінен быць чалавек з інжынернай і спецыяльнай падрыхтоўкай. У ідэале – выпускнік тэхнічнай ВНУ, як “бедны” варыянт – уладальнік дыплома сярэдняй спецыяльнай тэхнічнай навучальнай установы. З 29 ляхавіцкіх інжынераў па АП названым крытэрыям адпавядаюць 19. Яшчэ – ветурач, аграномы, юрысты, эканамісты, бухгалтары. Гэта не азначае, што апошнія з’яўляюцца на пасадзе менш паспяховымі, але, ак адзначыў дакладчык, адной з умоў паспяховага вырашэння комплексу задач аховы працы, прафілактыкі вытворчага траўматызму з’яўляецца неабходнасць павышэння ўзроўню ведаў кіраўнікоў і спецыялістаў. Для ацэнкі прафесіяналізму апошніх у раёне створана і дзейнічае спецыяльная камісія. З пачатку года яна збіралася 5 разоў, на прадмет ведання правіл АП было праэкзаменавана каля 3 дзясяткаў адказных асоб.

На выкананне плана мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні, мадэрнізацыі вытворчасці, паляпшэнні ўмоў працы і ахове працы прадпрыемствы раёна за першы квартал года затрацілі 3,9 мільярда рублёў. Што складае прыкладна чацвёртую частку ад запланаваных гадавых затрат.

Створаная пры райвыканкаме мабільная група сваёй першай задачай лічыць аказанне практычнай і метадычнай дапамогі кіраўнікам і спецыялістам арганізацый раёна ў забеспячэнні бяспекі працы. Але і кантроль: з пачатку года ажыццёўлена 45 мабільных рэйдаў. У выніку выяўлена амаль 700 фактаў парушэння правілаў аховы працы і працоўнага заканадаўства. Многа: у параўнанні з тым жа адрэзкам мінулага года адбыўся двухразовы колькасны рост. Якія пункты правіл узначальваюць ”хіт-парад” парушэнняў? Нярэдка работнікі ігнаруюць сродкі індывідуальнай аховы, сродкі падмошчвання не абсталёўваюцца поручнямі, выкарыстоўваюцца неадпавядаючыя патрабаванням бяспекі драўляныя лесвіцы,праёмы перакрыццяў будаўнічых аб’ектаў, некаторыя іншыя небяспечныя зоны не абгароджваюцца.

У маі прайшоў месячнік бяспекі працы ў недзяржаўных арганізацыях. Сведчаннем таму, што ў прыватным сектары эканомікі раёна не ўсё цудоўна з выкананнем працаахоўнага заканадаўства, стала выяўленне 96 парушэнняў.

На жаль, п’юць. У тым ліку, што ніяк недапушчальна, у працоўны час, а то і на працоўным месцы. За перыяд з пачатку года выпрабаванне алкатэстарам не вытрымалі 83 чалавекі. Для большасці з іх платай за нецвярозую працу стала прымусовае пазбаўленне гэтай самай працы. Нярэдкімі з’яўляюцца “супадзенні”, калі нецвярозы стан работніка правакуе апошняга на прагул. Па меншай меры, такую выснову можна зрабіць, параўнаўшы прыведзеныя дакладчыкам “нецвярозы” і “прагульны” спісы арганізацый раёна. Некаторыя “брэнды” ў іх пераклікаюцца. Знаходжанне работнікаў на працоўным месцы ці ў працоўны час у стане алкагольнага ап’янення, учыненне прагулаў – дастаткова распаўсюджаная “лінія паводзін” так званых абавязаных асоб. Неабавязковасць абавязаных – відавочны факт.

Нягледзячы на настойлівасць і комплекснасць мер прафілактыкі, не дапусціць у раёне ў бягучым годзе вытворчага траўматызму не атрымалася. Адзін выпадак класіфікаваны ўрачамі як цяжкі, адзін меў лёгкія наступствы.

Працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, культура вытворчасці і агульная культура, патрабавальнасць да сябе, кіраўнікоў – да сваіх падначаленых ляжаць у аснове бяспекі на вытворчасці. Як прагучала падчас абмеркавання, найбольш блізкімі да ідэалу ў пытаннях аховы працы з’яўляюцца малочны і кансервавы заводы, ДРБУ-200, райбальніца.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *