Партрэт з Дошкі гонару. Адкрытае акцыянернае таварыства «Ляхавіцкі льнозавод» /фота/
Іх крыху больш за паўсотню на ўсю Беларусь – залатых адрасоў, занесеных на Рэспубліканскую дошку Гонару. Дасягнуўшыя ў мінулым годзе найлепшых паказчыкаў гарады, раёны, вобласці, самыя ўзорна-выніковыя грамадскія аб’яднанні, установы, арганізацыі, прадпрыемствы краіны. У вузкім коле пераможцаў самай прэстыжнай намінацыі – у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый прамысловасці – адно з месцаў заняў прадстаўнік нашага раёна –ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Разумнікі льнозавадчане: змаглі і перамаглі!
Чым не нагода шчыра парадавацца за сваіх, яшчэ раз засяродзіць фокус увагі на партрэце перадавіка. Ён бачыцца рознапланавым, відавочна камбінацыя некалькіх выканальніцкіх тэхнік, калі рысы селяніна-працаўніка ўдала і гарманічна спалучаюцца з рабочай брутальнасцю і далікатнай інтэлігентнасцю. У якасці выніку можам назіраць вытворчую завершанасць і эканамічную прывабнасць.
Завод-селянін зараз у полі. Непасрэднай прысутнасці на палетках з даўгунцом гэтым часам патрабуецца не надта. Даўно і, да слова, аднымі з першых у раёне адсеяліся, па графіку і па норме былі праведзены неабходныя доглядныя работы. Важны момант: калі яшчэ параўнальна нядаўна “хімічылі” па прынцыпу “што можам”, сёлета змянілі яго на “што патрэбна”. 33 заводскія палі агульнай плошчай пад 1700 гектараў спаўна атрымалі і мінеральную падтрымку і гербіцыдна-інсектыцыдную абарону. Адзінае, што не ў сілах завадчан, – абараніць пасевы ад сонцапёку і напаіць вадой. Недахоп (і гэта вельмі мяккая характарыстыка сітуацыі) вільгаці з’яўляецца сёлета галоўнай праблемай аграрыяў. Для льнаводаў Ляхавіцкага льнозавода сказанае азначае недабор ураджаю. Нават для неўзброенага спецыяльнымі ведамі, але ўважлівага назіральніка ўжо не сакрэт, што падняць леташнія тоны трасты зараз не атрымаецца. Не без крыўды на нябёсы вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч расказаў, што засушлівае надвор’е некалькі наблізіла пачатак цераблення льну. З мэтай не дапусціць іх поўнага выгарання, на горшыя льняныя палеткі мяркуецца ўжо на будучым тыдні вывесці льноцерабільныя агрэгаты. Тэхніка практычна гатова, людзі таксама.
Ніякага сакрэта ў тым, што прывабнасцю свайго сённяшняга партрэта прадпрыемства абавязана новаму льноперапрацоўчаму цэху. Узведзены па рэспубліканскай праграме мадэрнізацыі галіны, аснашчаны на сучасным еўрапейскім узроўні цэх так і працуе. Сучасна, прадукцыйна, на беларускі, еўрапейскі, пазаеўрапейскі рынкі.
Як, калі не мовай арыфметыкі, паказаць узровень эканомікі? За 5 месяцаў года – са студзеня па май уключна – праз цэх прайшло 4620 тон ільнотрасты. Агульная выпрацоўка перавысіла 1400 тон валакна, што на 13 працэнтаў больш аналагічнага леташняга паказчыка. Асаблівым гонарам ды і артыкулам даходаў першаперапрацоўшчыкаў ільну з’яўляецца доўгае валакно. Пяцімесячны паказчык ляхавічан – больш за 500 тон “доўгай” прадукцыі ў агульнавытворчым аб’ёме. Эфектыўнасць работы прадпрыемства выражаецца двума дзясяткамі працэнтных пунктаў. Такая рэнтабельнасць, заўважым для асабліва дакладных, не цэха, а завода ў цэлым.
Канешне ж, недапушчальнай аўтарскай неахайнасцю будзе не заўважыць экспартны вектар нашага льнозавода. Адным сваім напрамкам ён глядзіць у бок Літвы. Другі з’яўляецца ці не дыяметральна супрацьлеглым, значна больш працяглым і вельмі ёмістым. Імя яму – Кітайская Народная Рэспубліка. Толькі з пачатку года Паднябесная і краіна – наша паўночная суседка “забралі” 650 тон валакністай прадукцыі. Просяць больш, але ўнутраныя, у рамках дзяржзаказу, пастаўкі з’яўляюцца першачарговай справай. Спачатку на Оршу, а ўсё, што не ў стане спажыць-перапрацаваць тамашні тэкстыльны гігант, і служыць у якасці экспартнай базы.
Новая вытворчасць прадпрыемства ўражвае “незаводскай” чысцінёй і нават у не самы сонечны дзень сонечнай светласцю. Практычна ніякіх вытворчых раздражняльнікаў (пылу, напрыклад) у цэху не заўважаеш. Працэсам кіруе камп’ютар, над якім стаіць, канешне, чалавек. З належнай кваліфікацыяй, высокай адказнасцю і, трэба думаць, з гонарам у душы за сваё прадпрыемства.
– Усё правільна, – пацвярджае здагадку дырэктар ільнозавода Дзмітрый Скакун. – І гэтымі словамі я магу характарызаваць ці не кожнага з 202 работнікаў нашага калектыву.
Зрэшты, у ліпені цэх і людзі, якія ў ім працуюць, ідуць у чарговы адпачынак. Застануцца толькі тэхнары: за адведзеныя тыдні часу ім давядзецца пашчыраваць у прадугледжаных рэгламентам рамонтна-прафілактычных мэтах.
Затое ў некалькі іншым вытворчым амплуа выступіць 40-гадовы цэх-ветэран. Дырэктар гаворыць пра мадэрнізацыю, фініш якой запланаваны таксама на ліпеньскія дні. Купленая на Аршанскім ільнокамбінаце і ўжо фактычна зманціраваная вытворчая лінія новай не з’яўляецца. Аднак дастаткова сучасная, абсалютна функцыянальная, “завостраная” на выпуск запатрабаванага рынкам прадукта. У тым ліку і замежным, у асобе нашых усходніх суседзяў. Рубленыя дамы набываюць усё большую папулярнасць – “жывыя”, экалагічныя, цёплыя, прыгожыя, у рэшце рэшт. Дык вось, завадчане вырашылі вярнуцца да таго, што ў больш сціплым варыянце некалі даўно ўжо выраблялі. Размова пра выпуск ушчыльняльніка, які “звязвае” вянкі зруба, трымае цяпло, стварае камфорт унутры драўлянай пабудовы.
Яшчэ адным вытворчым актывам ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” з’яўляецца швейны цэх. Мікравытворчасць, а штатны састаў падраздзялення складаюць усяго 6 чалавек, можа пахваліцца макрадасягненнямі. Пашыў рабочых халатаў, касцюмаў, фартухоў, рукавіц, пасцельнай і сталовай бялізны, некалькіх найменняў аўтамабільнага “ўбрання” і ёсць справа рук ільнозаводскіх умеліц. І яшчэ пра іх, майстрых швейна-закройнай справы. Міжнародная спецыялізаваная сельскагаспадарчая выстаўка “Белагра-2016” да гэтага часу працягвае хваляваць свежым успамінам. Рэпартажны матэрыял з таго форуму інфармаваў пра тое, што сярод прадпрыемстваў-экспанентаў адзначыліся і 3 прадстаўнікі Ляхавіччыны. Работа над памылкамі: на “Белагра” былі 4 нашы прадстаўнікі. Напярэдадні падзеі льнозавод атрымаў міністэрскі заказ на выраб гіганцкіх лялек-сімвалаў выстаўкі. Не без цяжкасцяў, у спрэчках, але паспяхова справіліся. “Душу” 4-метровых, але мілых воку гігантаў зваялі з ільну, адзенне – пераважна з ільняной тканіны. Да чаго гэты зварот у блізкае мінулае? Тлумачэнне простае: лялек “апраналі” швачкі ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Што новая для сябе справа была асвоена на выдатна, сведчыць дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.