У добры шлях, “Шлях новы”
Абавязковыя на пачатку любой справы хваляванні засталіся ў мінулым, вырашаны непазбежныя арганізацыйныя і тэхнічныя “шурпатасці” першых дзён работы – уборачная кампанія ўкацілася ўжо ў працоўную каляіну, набрала ход. Па сярэднераённых мерках, пройдзена прыкладна дзясятая частка ўборачнага марафону. Абмалот рапсу блізкі да завяршэння, з задачай жніва культур зерневай групы многія сельгасарганізацыі справіліся на 10 – 15, а то і больш працэнтаў. Сярод лідараў і СВК “Шлях новы”. Прычым, калі ў плане тэмпаў уборкі гаспадарка з’яўляецца адной з такіх, то, што тычыцца ўраджайнасці, яна – абсалютны лідар. Кожны рапсавы гектар дае тут 29 цэнтнераў пры сярэднераённых нямногім за 17, зерневыя – больш за 48. Ва ўсякім выпадку, па стану на 21 ліпеня, калі карэспандэнты “ЛВ” наведаліся на палеткі гаспадаркі, было іменна столькі.
Як патлумачыў старшыня СВК Аляксандр Вашчук, камбайны, занятыя на ўборцы рапсу, патрабуюць даабсталявання. Спецыяльныя прыстаўкі (нічога звыштэхналагічнага, па цане, аднак, параўнальныя з дзясятай часткай кошту саміх камбайнаў) “вісяць” толькі на двух уборачных агрэгатах “Шляху новага”. “Па гэтай прычыне і не завяршылі яшчэ з рапсам, хоць нагрузка ў 100 гектараў на камбайн, у прынцыпе, нармальная”, – гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. Размова адбывалася ў чацвер, калі было ўбрана ўжо больш за 90 працэнтаў тэхнічнай культуры.
Паралельна таму вялося камбайнаванне азімай пшаніцы. У структуры зерневых СВК “Шлях новы” прыярытэт іменна за ёй: 550 з агульных больш за 1300 зерневых і зернебабовых гектараў. Па словах старшыні, сярод усіх збожжавых пшаніца самая запатрабаваная, цікавая ў плане закупачнай цаны.
З-за нярэдкіх на працягу апошняга часу дажджоў колас некалькі страціў залацістасць, але выглядаў даволі важка. Поле, на якім мы знаходзіліся, не самае, па словах старшыні, лепшае, пры тым, што ўраджайнасць яго складае высокія 52 цэнтнеры пшанічнага зерня. Магло б быць і больш і лепш, мяркуе Аляксандр Вашчук. Але, згадзіцеся, паказчык добры і для яго атрымання тут працавалі сур’ёзна і адказна.
Сёлетняе жніво ў “Шляху новым” “рухаюць”, у тым ліку, і два сямейныя экіпажы камбайнаў: Генадзій Місько з сынам Сяргеем працуюць зараз на ўборцы пшаніцы, а Дзмітрый Петух з жонкай Наталляй пакуль на рапсе.
У добры шлях, “Шлях новы”!
Іван КАВАЛЕНКА