Магазін з роднай назвай
Родны кут – гэта не толькі самае мілае і дарагое мястэчка на зямлі, куды імкнешся ў марах і думках. З нядаўняга часу пад гэтым брэндам аб’яднаны гандлёвыя аб’екты спажыўкааперацыі. У нашым раёне ”па-роднаму” завуцца 69 магазінаў сістэмы. Але сёння райпо прапануе гандлёвае абслугоўванне не толькі ў стацыянарных гандлёвых кропках. Жыхары маланаселеных вёсак прывыклі да сігнала, што абвяшчае прыезд магазіна на колах. 7 аўталавак раённага спажывецкага таварыства абслугоўваюць 75 вёсак Ляхавіччыны: дастаўляюць і прамысловыя тавары, і прадукты. Можна зрабіць заказ, і вадзіцель-прадавец абавязкова яго выканае ў наступны прыезд, дапаможа і дадому данесці. У глыбінцы работнікі райпо не чужыя людзі. Стаў сваім для вяскоўцаў і “гаспадар” аўталаўкі Андрэй Савва (на здымку), які ў гэтым статусе паўтара гады. Яго хваляць не нахваляцца жыхары вёскі Рамашкі. Па словах першага намесніка старшыні праўлення райпо Уладзіміра Шырэя, усе аўталаўкі забяспечаны неабходным халадзільным і гандлёвым абсталяваннем, а ўсе вадзіцелі-прадаўцы выконваюць даведзеныя па тавараабароце заданні. 8 пунктаў грамадскага харчавання – рэстаран ”Ластаўка”, кафэ “Алеся” і ”Смайлік”, кулінарыя ”Ласунак” і іншыя – таксама частка тутэйшага райпо.Гандлёвыя кропкі спажыўтаварыства рознымі спосабамі імкнуцца прыцягнуць увагу пакупнікоў. Канешне, ім ёсць над чым працаваць, канкурэнцыя не дае спыніцца ў развіцці і ўдасканаленні. Звычайная справа для сённяшніх райпоўскіх магазінаў – шматлікія акцыі. Гандлёвыя аб’екты рэканструююцца, пашыраецца асартымент тавараў, ідзе пошук новых формаў абслугоўвання. Палаткі са знаёмым лагатыпам на рыначнай плошчы з вясны да позняй восені (пакуль дазваляюць тэмпературныя параметры) зазываюць пакупнікоў садавінай-агароднінай, мяснымі паўфабрыкатамі, хлебабулачнымі вырабамі, прамысловымі таварамі і многім іншым. Новы аўтафургон для развозкі хлеба дазваляе даставіць яго ў магазіны райцэнтра гарачым. Ляхавічане паспелі ацаніць смачны сэрвіс ад райпо і зараз у чаканні навінак. Няхай яны не затрымліваюцца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.