Хіба на вечар той можна забыцца…
Толькі праз дзесяцігоддзі прыйдзе ўсведамленне таго, наколькі важная гэта падзея і незабыўная, сэрцу дарагая – баль, якім завяршаюцца школьныя ці інстытуцкія старонкі жыцця.
Мае аднакласнікі, выпускнікі 1971 года СШ № 1 г. Ляхавічы могуць зацвердзіць гэта праз “круглыя” сорак пяць. Няўжо сорак пяць развітальнаму вальсу і світанку, што сустракалі ўсе разам, і загаданым патаемным жаданням, і марам, пра якія гаварылі ўслых ці трымалі ў сакрэце ў самай надзейнай схованцы – у сэрцы?
Пашанцавала нам на школу і настаўнікаў, пашанцавала на сапраўдных сяброў – і сапраўднасць гэту пацвердзіў час. Мы і сёння адчуваем не прапісаную ў метрыках роднасць. Сустракаемся, няхай не так часта, як хацелася б, тэлефануем адзін аднаму, радуемся шчаслівым акалічнасцям, суперажываем – калі наадварот.
Бываем і ў школе, напрыклад, віншавалі яе са 140-годдзем, не раз збіраліся на вечарах сустрэчы. Адчуваем сябе выключна вучнямі, калі бачымся з нашымі любімымі настаўнікамі, найчасцей – з Іванам Фамічом Купрыкам, Соф’яй Васільеўнай Хмарук. І ці не радасць велізарная – гэта адчуванне праз сорак пяць гадоў пасля выпускнога.
Многае ў жыцці спраўдзілася. З нашага выпуску выйшлі педагогі і будаўнікі, эканамісты і бухгалтары, работнікі гандлю і сельскай гаспадаркі. Шура Агафонава стала архітэктарам, Валянціна Жарабцова – урачом, Людміла Гардзеева – інжынерам-тэхнолагам лясной гаспадаркі, Людміла Бацечка і Тадэвуш Бурвель працавалі ў Белкаапсаюзе. А Леанід Цупрык – намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. І менавіта з ім сёлета ў чэрвені пасля раённага выпускнога балю разам з сённяшнімі выпускнікамі па знаёмым маршруце накіраваліся ў сваю СШ № 1, каб сэрцам павітаць: дзень добры, школа, ты па-ранейшаму маладая і мудрая, ня-зменна поўная творчых сіл і мараў, ведаў, адкрыццяў і натхнення.
Адрас заўсёднай любві – родная школа, адрасаты бязмежнай пашаны – настаўнікі, шчырага ўпадабання – аднакласнікі. Усё разам гэта вялікі кавалак шчасця, без чаго і без каго яно было б няпоўным і прэсным. А тут – у множным ліку, насуперак моўным аксіёмам. І вы, сённяшнія выпускнікі і заўтрашнія-паслязаўтрашнія, гэта абавязкова адчуеце! І чым далей ад выпускнога, тым больш выразным будзе адчуванне.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з архіва «ЛВ».