Актывы і ініцыятывы. Дэлегаты дзеляцца з землякамі сваімі ўражаннямі аб Усебеларускім народным сходзе

Удзел у мерапрыемствах такога маштабу як Усебеларускі народны сход  пакідаюць адбітак на ўсё жыццё. Быць у гушчыні падзей, мець дачыненне да  вызначэння стратэгіі  развіцця краіны  ганарова  і адказна. Удзячны за гэту магчымасць землякам, якія даверылі мне такое права. Яркімі  ўражаннямі ад пачутага, убачанага  на форуме падзяліўся з калегамі.
Галоўны сход пяцігоддзя прайшоў надзвычай дынамічна і насычана, у  дзелавым канструктыўным рэчышчы.  Многа гаварылася пра дасягнутае, планы і перспектывы, ставіліся канкрэтныя задачы, узнімаліся хвалюючыя пытанні. Прынятую  праграму  развіцця  краіны дэлегаты сходу палічылі  рэальнай і выканальнай. Канешне, сядзець склаўшы рукі не давядзецца. Будзем працаваць, дзейнічаць – будзем мець.  У прыярытэце ініцыятыва, інавацыі, інвестыцыі.
Вельмі спадабалася пазіцыя Прэзідэнта краіны адносна моладзі. У сваім   дакладзе Аляксандр Лукашэнка    абазначыў асноўныя напрамкі яе падтрымкі, назваўшы  моладзь  стратэгічным рэсурсам развіцця краіны. Менавіта ад нас, маладых, ад нашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі, удзелу ў канкрэтных справах, зацікаўленасці і нераўнадушнасці залежыць заўтрашні дзень Беларусі.  Кіраўнік краіны адзначыў, што дзяржава будзе працягваць падтрымліваць адораную, таленавітую моладзь,  з задаткамі лідараў, дапамагаць раскрыццю  творчага патэнцыялу.
Выдатна, што захаваецца падтрымка маладых сем’яў. Лічу гэта  добрым  знакам для юнакоў і дзяўчат, для замацавання кадраў на месцах і, канешне, для дэмаграфічнага плюса.
Для мяне вельмі важнай была і эканамічная частка даклада. Наш ільнозавод не толькі вырошчвае  паўночны шоўк, але і перапрацоўвае яго. Мадэрнізацыя, праведзеная на прадпрыемстве, дэманструе перавагі новых тэхналогій. Утрая ўзрасла прадукцыйнасць працы, непараўнальна палепшылася якасць валакна, у лепшы бок змяніліся ўмовы для нашых працаўнікоў. І  гэта не ўсе прыклады  пазітыўных перамен. Прадпрыемства ў ліку перадавых, занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. Завадчане выдатна разумеюць, што дасягнутыя поспехі неабходна не толькі захаваць, але  і прымножыць. Для дынамічнага развіцця  нельга спыняцца ў асваенні новых тэхналогій  і пошуку рынкаў збыту прадукцыі, укараненні інавацый. Задача нумар адзін – зніжэнне затрат на вытворчасць, якое адаб’ецца на сабекошце прадукцыі, яе цане і, адпаведна, канкурэнтаздольнасці. Ужо заключаны дагавор на рэалізацыю прасаванай ільняной кастрыцы на Кіпр. Наогул, шмат задумак, планаў.
Старт узяты, вызначана стратэгія, прыняты рашэнні. А працаваць якасна, самааддана, плённа мы ўмеем. Прычым, з захаваннем і працоўнай, і тэхналагічнай дысцыпліны.
Дзмітрый БАГУШЭВІЧ,
намеснік дырэктара  па ідэалагічнай рабоце  Ляхавіцкага льнозавода.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *