Сесія здадзена. Канікулы ў разгары
657 навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, як і ўсе прадстаўнікі вялікай студэнцкай сям’і нашай краіны, трымалі экзаменацыйныя выпрабаванні падчас першай у навучальным 2009-2010 годзе сесіі – зімовай. Для 131 першакурсніка яна і ўвогуле была першай. Яны хоць і не здавалі непасрэдна экзамены (ім выстаўляліся адзнакі за семестр па выніках вучобы), але ўсё ж хваляванняў было нямала. Дзве навучэнкі (дарэчы дзяўчаты займаюцца ў адной групе 11 аддзялення ветэрынарнай медыцыны) Яўгенія Рашэтнік і Ганна Кунцэвіч за свае веды атрымліваюць толькі “васьмёркі”, “дзевяткі” і “дзесяткі”. А ў Ганны Кунцэвіч і ўвогуле сярэдні бал паспяховасці 9,53.
Канечне, вучыцца так атрымліваецца далёка не ва ўсіх. Некаторыя студэнты старэйшых курсаў завяршылі сесію з “хвастамі” – не здалі экзамены. Але шанц выправіць становішча ў іх ёсць: добра падрыхтавацца па прадмеце за канікулы і на пераздачы атрымаць станоўчую адзнаку. У іншым выпадку можна пазбавіцца статуса навучэнца ЛДАКа.
Яшчэ адзін немалаважны аспект на карысць паспяховай здачы залікаў і экзаменаў – атрыманне стыпендыі. Чым вышэйшы бал паспяховасці, тым большы каэфіцыент і, зразумела, большая стыпендыя. У агракаледжы яна вагаецца ад 81950 рублёў (каэфіцыент 1) да 131000 рублёў з максімальным каэфіцыентам 1,6.
У рабят наперадзе яшчэ адзін тыдзень адпачынку, амаль усе каляджане раз’-ехаліся па дамах, таму ў вучэбных аўдыторыях нязвыкла ціха, але ўжо 8 лютага яны зноў напоўняцца галасамі будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі, і вучэбны працэс прадоўжыцца.
Святлана ТАРАСЕВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ЛДАКа.