Культура гаспадарання ва ўсім

На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама разглядалася пытанне     аб выніках работы  раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якая аб’ядноўвае 264 чалавекі. Гаспадарка БТПР у раёне – 67,4 тысячы  гектараў паляўнічых угоддзяў – палявых, лясных і водна-балотных.
З пачатку года на рахунку раённай аргструктуры 24 прыродаахоўныя  рэйды, з іх 2 сумесных з супрацоўнікамі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. За парушэнне правілаў палявання прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці 7 чалавек. Уласнымі сіламі таварыства рамантуе   і рэканструюе  біятэхнічныя збудаванні. Выраблена і ўстаноўлена 30 саланцоў для капытных, 5 перанасных вышак, 20 гняздоўяў  для вадаплаўных птушак.  На базе Востраўскай, Начаўскай і Крывошынскай   паляўнічых дач   створаны пярвічныя калектывы, якія за пару месяцаў абсталявалі     пункты для сталавання жывёлы, 23 саланцы для капытных, затрымалі двух парушальнікаў за незаконнае знаходжанне ў паляўнічых угоддзях.
Члены таварыства паляўнічых і рыбаловаў папулярызуюць яго  дзейнасць: прымаюць удзел у міжраённых і абласных конкурсах, праводзяць разнастайныя акцыі і іншае. Дырэктар раённай структуры БТПР Ігар Бортнік акрэсліў шэраг  праблем, над вырашэннем якіх      працуюць члены арганізацыі.
Старшыня райвыканкама  Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што ахова прыроды – справа дзяржаўнай важнасці, таму ў гэтым  накірунку паляўнічая гаспадарка павінна ўзаемадзейнічаць і  з іншымі арганізацыямі, больш працаваць з насельніцтвам.
Па другім пытанні нарады начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Святлана Махнач праінфармавала пра пераразмеркаванне зямель і іх выкарыстанне ў першым паўгоддзі. Кіраўнік раёна  рэзюмаваў: хоць і робіцца ў гэтым накірунку нямала, але не ўсюды яшчэ выпрацаваны гаспадарскі падыход да зямлі. Зямля павінна быць у абароце, павінна працаваць. Неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць кожны яе  ўчастак.  І датычыць гэта не толькі сельгаспрадпрыемстваў  і сельвыканкамаў, але і любога землекарыстальніка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *