Пасуе маме ордэн. 27 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 235 аб узнагароджанні мнагадзетных маці, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць і больш дзяцей, ордэнам Маці. Сярод узнагароджаных – наша зямлячка Аксана Судакова, аператар машыннага даення СВК «Ляхавіцкі».

Ля веснічак акружаная малечай стаяла абаяльная жанчына. Яна ўсміхалася, а хлопчыкі і дзяўчынкі з цікаўнасцю, сарамліва і крышачку насцярожана выглядалі з-за мамы: што за незнаёмцы да іх завіталі. Але ўжо хутка яны зноў адчувалі сябе гаспадарамі і ў доме, і ў двары, з задавальненнем паказвалі свае ўладанні, расказвалі пра маму і тату.
У Аксаны і Яўгенія Судаковых тры дачушкі і два сыночкі! Бацькі не нацешацца дзецьмі, стараюцца, каб яны не ведалі недахопу ні ў чым, выхоўваюць справядлівымі і добрымі, паслухмянымі і працавітымі.

Усяго 3 гады, як сям’я жыве ў Гаслаўшчыне. Калі вырашылі пераехаць з Навагрудчыны ў Ляхавіцкі раён, прыглядзелі дом, уладкаваліся на работу ў СВК “Ляхавіцкі”. Авансам атрымалі ад гаспадаркі бонус – беспрацэнтную пазыку на пакупку жылля. Дом абклалі цэглай, навялі парадак ў двары, пасадзілі агарод, завялі гаспадарку. Сёння на падвор’і – карова, свінні, куры. Свае прадукты для сям’і – зручна і здорава.

Аксана і Яўгеній з задавальненнем расказвалі пра дзяцей. Старэйшая Наташа сёлета скончыла 9 класаў і хоча стаць цырульнікам: марыць вучыцца ў Баранавіцкім каледжы, ужо даведалася, што ёсць магчымасць жыць у інтэрнаце. Бацькі гатовы ёй дапамагчы і ганарацца Наташай. Цалкам падтрымала выбар мама, якой клопаты старэйшай дачкі блізкія і зразумелыя. Хоць сама і не прыхільнік хобі мужа і сына Арцёмкі – яны рыбаловы – але не супраць іх захаплення. Хлопчык закончыў 5 класаў, добра вучыцца, дапамагае па гаспадарцы і марыць стаць машыністам цягніка. Арцём неаднойчы бачыў татаву работу (цяпер ён працуе манцёрам Лунінецкай дыстанцыі пуці), разумее, што яна адказная. Запала ў сэрца хлопчыку прафесія машыніста, які па сталёвых магістралях вядзе вялізарны састаў. ”Вось гэта сіла!” – захапляецца Арцём.

А Вераніка, якая сёлета пойдзе вучыцца ў чацвёрты клас, малюе: дзяўчынку захапляе прыгажосць прыроды, і сваё бачанне цудоўнага яна стараецца перадаць у фарбах.  Пяцігадовы Арсеній і чатырох-гадовая Дзіяна – малодшыя ў сям’і і самыя пацешныя. Яны ўсюды ўдзельнічаюць, усім стараюцца дапамагчы, асабліва маме.

Здаецца, што справіцца з такой вялікай “арміяй”, дзе кожны са сваімі жаданнямі, патрабаван- нямі, намерамі і густамі, вельмі цяжка.

– У вялікай сям’і крышачку іншыя парадкі, – дзеліцца сакрэтамі мнагадзетная мама. – Тут адзін за ўсіх, усе за аднаго. Нават самы маленькі ласунак дзеліцца на ўсіх, уключаючы і маму з татам. А калі праблемы ў аднаго, бягуць на дапамогу ўсе. Павага да бацькоў – вялікая справа: мой голас, кожнае сказанае слова яны чуюць сярод любога гоману. Прычым, гэта прывівалася старэйшым, а малодшыя ўжо вучацца ад іх, – пераканана мама Аксана.

Кожны новы дзень яна пачынае першай: выводзіць з хлява карову на пашу і спяшаецца на ферму, дзе працуе аператарам машыннага даення. Пасля дойкі вяртаецца, а гаспадарка ўжо дагледжана: муж управіўся, перш, чым ісці на работу. Старэйшая Наташа накарміла сям’ю, сняданак прыгатавала і для мамы. Цяпер, калі дачушка пойдзе вучыцца, будзе крыху складаней, прызнаецца Аксана Іосіфаўна.

Нават у самых маленькіх дзяцей сям’і Судаковых ёсць свае абавязкі: прыбраць ложкі пасля сну, не раскідаць па хаце цацкі, вымыць рукі перад абедам… Калі стомленая мама прыляжа адпачыць, усе ходзяць на пальчыках, каб не патрывожыць.

Нядаўна вялікая сям’я з радасцю сустракала гасцей: на канікулы прыехалі два пляменнікі і малодшы брат Яўгенія – Яніс. Так што часова сям’я Судаковых павялічылася аж да дзесяці чалавек. Нязручнасці не адчувае ніхто: старэйшыя дапамагаюць бацьку рамантаваць дом, у малодшых свае справы. А што паспелі зрабіць за дзень, кожны раскажа за сталом, у цэнтры якога паруе бульба, смачна пахнуць катлеты, апетытна выглядае салат. На дэсерт – чай з ласункамі і сямейныя размовы – шчырыя і доўгія.

У рэдкія хвіліны адпачынку, калі чарговы дзень, поўны клопатаў завершаны, мама Аксана ў думках плануе заўтра: што на сняданак прыгатаваць, якімі справамі заняць рабят, каб не сумавалі, якія прыспелі работы па доме… Цяжка? Ды толькі радасць ад такіх клопатаў, бо, як ўзнагарода, бязмежная, пяцікратная любоў самых дарагіх сэрцу “маміных сонейкаў”.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “Пасуе маме ордэн. 27 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 235 аб узнагароджанні мнагадзетных маці, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць і больш дзяцей, ордэнам Маці. Сярод узнагароджаных – наша зямлячка Аксана Судакова, аператар машыннага даення СВК «Ляхавіцкі».

  • 16/07/2016 в 14:28
    Permalink

    С уважением отношусь к многодетным мамам. Это ж сколько сил и энергии надо, чтобы вырастить. воспитать, дать образование. Нравится, что в таких семьях каждый друг за дружку горой, каждый при деле, при обязанностях. Одним словам — героини

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *