Лета – гэта адпачынак
Клопат пра здароўе падрастаючага пакалення – адзін з важнейшых накірункаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Немалыя бюджэтныя сродкі выдзяляюцца на падрыхтоўку да летняй аздараўленчай кампаніі, датацыі на дзіцячы адпачынак і аздараўленне, забеспячэнне бяспекі. Не варта забываць і пра тое, што ў нашых юных землякоў ёсць выдатная магчымасць па медыцынскіх паказаннях бясплатна аздаравіцца і адпачыць у лепшых дзіцячых санаторыях краіны “Баравічок”, “Багатыр”, “Налібоцкая пушча”, “Случ” і нават за межамі краіны – у санаторыі “Беларусь” (г.Друскінінкай) і “Белоруссия” (г.Місхор). За першае паўгоддзе аздараўленне прайшлі 40 хлопчыкаў і дзяўчынак з Ляхавіцкага раёна, сямёра з іх адпачывалі разам з мамай або татам. Дарэчы, такі адпачынак не дарагі для сямейнага бюджэту: працуючыя бацькі аплачваюць усяго 15 працэнтаў кошту сваёй пуцёўкі.
Канешне, больш за іншых у аздараўленні маюць патрэбу дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ім надзвычай важна не толькі ўмацоўваць здароўе, але і развіваць пазнавальныя інтарэсы, набываць разнастайны сацыяльны вопыт. Для такіх рабят у нашым раёне некалькі гадоў запар на базе цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі працуе летні аздараўленчы лагер “Усмешка”. Педагогі ЦКРНіР на занятках і праз гульні дапамагаюць асаблівым хлопчыкам і дзяўчынкам паверыць у свае сілы, перамагчы пэўныя страхі, адаптавацца да рэальнасці.
У летні перыяд дзеці-інваліды разам з бацькамі праходзяць аздараўленне і атрымліваюць санаторна-курортнае лячэнне праз прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Сёлета магчымасць бясплатна аздаравіцца і адпачыць ужо атрымалі 5 рабят, летась ёю скарысталіся 8 хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Алена БУЛАТАЯ, галоўны спецыяліст па аздараўленні Ляхавіцкага раёна.