Да роднага слова быць бліжэй

Сёння, на жаль, усё радзей мы чуем беларускую гаворку. Таму нашым дзецям і ўнукам цяжка навучыцца размаўляць на прыгожай і мілагучнай роднай мове. Як жа выхаваць у новага пакалення краіны жаданне размаўляць па-беларуску?

Адзін са шляхоў – далучэнне да лепшых узораў айчыннай літаратуры, да чытання на беларускай мове. Так, не проста прапагандаваць беларускую кнігу ў асяродку амаль выключна рускамоўным. Але для бібліятэкараў гэта становіцца справай гонару. Сама я размаўляю па-беларуску і пераканана, што менавіта ўласны прыклад выхоўвае лепш за самыя правільныя словы. Чым часцей дзеці будуць чуць жывую мову, тым больш адчуюць яе меладычнасць і прыгажосць. І раённы конкурс на лепшы агляд новай беларускай літаратуры “Чытаем на роднай мове” – яшчэ адна нагода звярнуць увагу на работу ў гэтым накірунку, шукаць сродкі, якія дапамогуць павысіць яе эфектыўнасць.

У бібліятэцы аформлены тэматычныя выставы “Родная мова”, “Сустрэча з роднай кнігай”, “Кніжку беларускую вазьміце”, “Да нас новая кніга прыйшла”.

Каб беларуская кніга трывала заняла месца ў жыцці дзяцей, каб абудзіць у іх жаданне звярнуцца да скарбніцы беларускай літаратуры, у бібліятэцы быў арганізаваны тыдзень беларускай кнігі “Сэрцам роднага слова краніся”. Падчас яго дзеці завочна вандравалі па дзівоснай краіне пісьменства. Першы дзень тыдня прапанаваў чытачам адкрыты кнігапрагляд “Скарбы роднай мовы”. Разам чыталі і слухалі, як прыгожа гучыць роднае слова са старонак кніг Леаніда Пранчака, Веры Дыдышкі, Валерыя Гапеева, Міхася Зарэмбы.

Гадзіна цікавага чытання “Цуда-кнігі”, што праходзіла на другі дзень, ператварылася для дзяцей у сапраўднае свята. Акрамя знаёмства з новымі кнігамі, “абыгралі” вершаваную казку Леаніда Пранчака “Афрыканская вандроўка”. Разважаючы і аналізуючы ўчынкі галоўнага героя казкі, дзеці прыйшлі да агульнай высновы, што нідзе не бывае лепш, чым дома, на сваёй радзіме.

Падчас літаратурнай гадзіны “Мова Скарыны, Купалы, ты не прапала ў вяках” рабяты пазнаёміліся з выданнямі, прадстаўленымі на тэматычных выставах.

Закончыўся тыдзень вандроўкай па старонках кніг беларускіх загадак “Загадкі сеем, як зярняты, каб ураджай сабраць багаты”.

Своеасаблівай візітнай карткай бібліятэкі з’яўляецца пастаянная выстава краязнаўчых матэрыялаў. Наш краязнаўчы фонд налічвае каля 70 экзэмпляраў дакументаў. Ён размешчаны на асобных стэлажах пад назвай “Красуй, адраджайся, жыві, вёска!” Бібліятэка пастаянна займаецца зборам і выяўленнем новых матэрыялаў пра свой край. Арганізуюцца кніжныя выставы “Матуліны песні, бабуліны казкі, дзедава мудрасць”, “Вёска, у якой я жыву”, “Чалавек – галоўная каштоўнасць” і г.д. Важным дапаўненнем да краязнаўчага фонду з’яўляюцца тэматычныя папкі з матэрыяламі краязнаўчага характару “Напеўнае слова маіх землякоў”, “Новы дзень вёскі”, “Невычэрпнасць жыватворных крыніц”, “Пра час і сучаснікаў”. Вядзецца краязнаўчая картатэка, картатэка цікавых людзей.

Бібліятэка – не толькі прапагандыст кнігі і захавальніца кніжных багаццяў, але і адзін з асноўных арганізатараў вольнага часу. Сярод шматлікіх разнапланавых мерапрыемстваў, у якіх ні на хвіліну не спыняецца выхаванне беларускасці, павагі да сваёй радзімы і гісторыі, – літаратурна-краязнаўчая гадзіна “Краявіды роднага краю, вам у любові я прысягаю”, гутарка “Край бацькоўскі, родны”, урок мужнасці “Побач з намі жыве ветэран” і г.д. Вялікую цікавасць выклікалі кніжная выстава “Мова маіх продкаў знікнуць не павінна”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай  мовы, літаратурная гадзіна “Праўда жыве ў творах Івана Мележа”, кніжная выстава “Талент дадзены Богам” (да 90-годдзя Івана Шамякіна), агляд літаратуры “Беларускія пісьменнікі – дзецям”. Для аматараў вершаванага слова была падрыхтавана гадзіна паэзіі “Беларуская паэзія мовай кветак”.

У бібліятэцы праводзіцца значная работа па зберажэнні і адра-джэнні нацыянальных традыцый, у тым ліку штогод арганізуецца святкаванне Каляд, Масленіцы, Вялікадня, Купалля, Спаса.

Бібліятэка імкнецца прапагандаваць сярод чытачоў і выкарыстоўваць у сваёй працы творы беларускіх аўтараў на электронных носьбітах інфармацыі. Сярод школьнікаў і студэнтаў попытам карыстаюцца дыскі “Электронная бібліятэка – школьнікам”. Дыск з вершамі беларускіх паэтаў выкарыстоўваўся пры правядзенні гадзіны паэзіі “Сонца вам і кветак, дарагія мамы”.

Шмат якія мерапрыемствы запланаваны такім чынам, што ў іх прысутнічае элемент прапаганды беларускай кнігі. І гэта бібліятэка робіць са шчырым жаданнем вучыць шанаваць родную мову і літаратуру.

Валянціна   КАРПОВІЧ,
бібліятэкар Малагарадзішчанскай  сельскай  бібліятэкі

One thought on “Да роднага слова быць бліжэй

  • 08/05/2012 в 08:07
    Permalink

    Шаноуная Валянціна!
    Дзякуй за добры ліст пра стан беларускай мовы.
    Тое,што Вы напісалі-прауда.
    Каб родная мова стала гучаць у краіне штодзенна,на маю думку
    уладам і чыноунікам патрэбна зрабіць беларускамоунае тэлебачанне
    і радые,дзе на працягу усяго дня і зауседы вяліся перадачы(таксама
    для дзяцей,вучняу,чыталіся творы па-беларуску ,паказвалі
    кінастужкі на беларускай мове,спартыуныя мерапрыемствы і т.д.)
    Трэба стымуляваць пашырэння у асяроддзі насельніцтва і галін
    прамысловасьці беларускую мову.
    Родная-беларуская мова павінна быць фактарам кансалідацыі паміж людзьмі,
    якія жывуць у нашай краіне.
    Вывучыць мову можна,калі есьць жаданне.
    Жыць у краіне патрэбна ведаць традыцыі , шанаваць мову а не зьневажаць.
    Вельмі крыудна мне-беларусу,які нарадзіуся і жыву тут бачыць ,якое
    дрэннае становішча з нашай мовай.
    Вельмі мала беларускамоуных газэт,часопісау,кніг,аудыекніг,шыльд,кінастужак і т.д.
    У сталіцы -Мінску амаль,што нельга пачуць на вуліцах,установах,прадпрыемствах,
    кінатэатрах,музэях размову паміж людзьмі па-беларуску.
    Беларусы!
    Калі ласка вывучайце родную,беларускую мову,пішыце,размауляйце
    усюды і зауседы.Яна вельмі цудоуная і меладычная.
    Тады мова будзе жыць у нашай сінявокай краіне.
    З павагай-Лявон.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *