Час пенсійны. Што трэба ведаць пра парадак назначэння пенсіі
Працуючыя грамадзяне і члены іх сем’яў (у выпадку страты карміцеля) падаюць заяву аб назначэнні пенсіі праз работадаўцу па месцы апошняй работы.
Работадаўца ў 10-дзённы тэрмін з дня паступлення заявы афармляе неабходныя для назначэння пенсіі дакументы і разам з пададзенай заявай і сваім прадстаўленнем накіроўвае іх у раённае (гарадское) упраўленне (аддзел) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства заяўніка.
Калі работніку, які звярнуўся за назначэннем пенсіі, адмоўлена ў прадстаўленні да назначэння пенсіі, работадаўца абавязаны паведаміць яму пра гэта ў пісьмовай форме з указаннем прычыны адмовы. У тых выпадках, калі грамадзянін, які звярнуўся за пенсіяй, не згодны з рашэннем работадаўцы аб адмове ў прадстаўленні яго да назначэння пенсіі, ён можа падаць заяву аб назначэнні пенсіі непасрэдна ў раённае (гарадское) упраўленне (аддзел) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.
Заява аб назначэнні пенсіі непра-цуючымі грамадзянамі падаецца самастойна непасрэдна ў раённае (гарадское) упраўленне (аддзел) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.
Раённыя (гарадскія) упраўленні (аддзелы) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне даюць тлумачэнні і даведкі па пытаннях назначэння пенсіі, але абавязак па зборы дакументаў, неабходных для назначэння (пераразліку) пенсіі на іх не ўскладзены. Па просьбе непрацуючага заяўніка аказваецца садзейнічанне ў атрыманні неабходных дакументаў. Працуючым грамадзянам садзейнічанне ў запыце даведак, якіх не хапае для назначэння пенсіі, аказвае работадаўца да прадастаўлення дакументаў у органы, якія назначаюць пенсію.
Дакументы, неабходныя для назначэння пенсіі
Абавязковымі для назначэння любога віду пенсіі з’яўляюцца дакументы: якія засведчваюць асобу (для беларускіх грамадзян – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства – пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца); якія пацвярджаюць стаж работы (працоўная кніжка, дакумент аб вучобе, ваенны білет, пасведчанні аб нараджэнні дзяцей і інш.); аб заробку за перыяды работы да 1.01.2003. Асобам, пенсіі якіх назначаюцца ў 2016 годзе, заробак вылічваецца за апошнія 22 гады працы (у 2017 – за апошнія 23 гады працы, у 2018 г. – 24 і г.д.).
Зварот за пенсіяй
За назначэннем пенсіі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне можна звярнуцца ў любы час пасля ўзнікнення права на пенсію без абмежавання якім-небудзь тэрмінам. Зварот за назначэннем працоўнай пенсіі па ўзросце можа ажыццяўляцца і да наступлення пенсійнага ўзросту, аднак не раней чым за месяц да ўзнікнення права на гэтую пенсію.
Днём звароту за пенсіяй лічыцца дзень прыёму органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне заявы з усімі дакументамі, неабходнымі для вызначэння права на пенсію і яе памеру.
У выпадку, калі да заявы аб назначэнні пенсіі прыкладзены не ўсе неабходныя дакументы, раённае (гарадское) упраўленне (аддзел) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне паведамляе работадаўцу (заяўніку), якія дакументы павінны быць прадстаўлены дадаткова. Калі яны будуць гатовы не пазней аднаго месяца з дня атрымання паведамлення аб неабходнасці прадстаўлення адсутных дакументаў, то днём звароту за пенсіяй лічыцца дзень прыёму заявы аб назначэнні пенсіі.
Тэрмін назначэння пенсіі
Пенсіі назначаюцца з дня звароту за пенсіяй, але не раней дня ўзнікнення права на даны від пенсіі, акрамя наступных выпадкаў, калі пенсіі назначаюцца з больш ранняга тэрміну: пенсіі па інваліднасці назначаюцца з дня ўстанаўлення інваліднасці, калі зварот за пенсіяй быў не пазней за 3 месяцы з дня ўстанаўлення інваліднасці; пенсіі з выпадку страты карміцеля назначаюцца з дня ўзнікнення права на пенсію, але не больш чым за 12 месяцаў перад зваротам за пенсіяй.
Адказнасць работадаўцы
Работадаўцы абавязаны своечасова афармляць дакументы аб стажы работы, заробку і аб выніках атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы, неабходныя для назначэння пенсіі, і своечасова прадстаўляць іх у раённыя (гарадскія) упраўленні (аддзелы) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Яны нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам за страту, прычыненую несвоечасовым і няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для назначэння і пераразліку пенсіі, а таксама прадстаўленнем дакументаў, якія ўтрымліваюць несапраўдныя звесткі, у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Сумы пенсіі, залішне выплачаныя ў сувязі з прадстаўленнем работадаўцам дакументаў, якія ўтрымліваюць несапраўдныя звесткі, спаганяюцца на карысць органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, які выплачвае пенсію.
Пры прыёме на работу пенсіянера, у тым ліку і па грамадзянска-прававым дагаворы, работадаўца абавязаны паведаміць пра гэта ў пяцідзённы тэрмін у орган, які выплачвае пенсію. Сумы пенсіі, залішне выплачаныя ў сувязі з невыкананнем работадаўцам згаданага патрабавання, спаганяюцца на карысць органа, які выплачвае пенсію, па яго распараджэнні ў бясспрэчным парадку з работадаўцаў – юрыдычных асоб і ў судовым парадку з работадаўцаў – фізічных асоб.
Абавязак пенсіянера
Пенсіянер абавязаны паведамляць у орган, які выплачвае яму пенсію, пра абставіны, якія цягнуць змяненне памеру пенсіі або спыненне яе выплаты (напрыклад, уладкаванне на работу, перамена месца жыхарства, атрыманне іншай пенсіі на іншай падставе або ад іншага ведамства і інш.).
Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама.