Недзяжурная размова пра надзённае. Кожны дзень важны, кожны крок важкі, кожная ініцыятыва ўплывовая
З калектывам ДРБУ-200 у праграме адзінага дня інфармавання насельніцтва, тэмай якога сталі вынікі пятага Усебеларускага народнага сходу і задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў новай пяцігодцы, сустрэўся дэлегат гэтага форуму, кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч. Размова атрымалася зусім недзяжурнай, закранала надзённыя пытанні, у тым ліку і перспектывы развіцця Ляхавіччыны.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта падкрэсліў, што Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка назваў праграму на бліжэйшае пяцігоддзе праграмай развіцця, а не застою; праграмай будучага, а не мінулага; праграмай дзеянняў, а не чаканняў.
Расклад на сёння і на заўтра вядомы: будзем умацоўваць абараназдольнасць і бяспеку краіны, забяспечваць рост эканомікі і вытворчасці, інвестыцый, экспарту, канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, укараняць інавацыі. У сацыяльнай палітыцы плануецца рэалізаваць больш за 20 дзяржаўных праграм, першаступенны клопат і падтрымка – медыцыне, адукацыі, культуры, сем’ям, сацыяльнай абароне насельніцтва. У тым ліку і для гэтага патрабуецца рост вытворчасці, трываласць эканомікі.
На пятым Усебеларускім народным сходзе акрэслена перспектыва рэгіёнаў, у яе аснове – развіццё. Праграма развіцця нашага раёна прадугледжвае больш высокія арыенціры ў аграрным сектары, прамысловасці, сферы паслуг, прадпрымальніцтве, стварэнне новых рабочых месцаў. Дарэчы, менавіта Ляхавіцкі раён стаў пераможцам штогадовага рэспубліканскага конкурсу “Лепшы раён і вобласць для бізнесу Беларусі-2016”.
Сярод важнейшых складнікаў паспяховасці Вячаслаў Сельмановіч назваў кантроль-улік-дысцыпліну-адказнасць. Гэтыя ўплывовыя фактары залежаць ад стаўлення да справы кіраўнікоў, спецыялістаў, рабочых – усіх разам і кожнага паасобку.
Што датычыць ДРБУ-200, то, па сутнасці, яго работа зводзіцца да забеспячэння бяспечнага, камфортнага руху на дарогах раёна. Галоўным аб’ектам сёння для ўпраўлення з’яўляецца аўтадарога Дарава-Навасёлкі, рамонт якой пачалі 25 чэрвеня, а завяршыць павінны 25 жніўня. Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога называе кошт пытання – 390 тысяч дэнамінаваных рублёў і падкрэслівае, што сродкі выдаткаваны з дарожнага збору, які штогод аўтаўладальнікі плацяць за права допуску да ўдзелу ў дарожным руху.
Працуюць брыгады ДРБУ-200 на сваіх аб’ектах і ў аграгарадку Нача – рыхтуюць населены пункт да раённых “Дажынак”. Закончылі работы на дарозе Заполле-Гута-Кулікі, прывялі ў парадак дарогу Галаўнінцы-Стральцы-Востраў. На ўчастку ад Галаўнінцаў да Бенькаўцаў зрабілі фрэзераванне, як некалькі раней ад Задвор’я да Набярэжнай і далей.
Гэта станоўчыя сведчанні развіцця дарожнага камфорту, такі неабходны клопат пра ўсіх удзельнікаў руху – пешых і пасажыраў.
Ёсць у ДРБУ-200 і негалоўная вытворчасць – завод па выпуску дарожнага борта і тратуарнай пліткі. Прадукцыя яго даволі запатрабаваная і неабходная не толькі самім дарожнікам, але і патэнцыяльным кліен-там – жыхарам горада і раёна. Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці і, магчыма, асартыменту – на парадку дня. Гэтыя і іншыя пытанні ў спалучэнні са свядомым стаўленнем да справы ўсіх працаўнікоў з’яўляюцца надзённым зместам вытворча-эканамічнага развіцця прадпрыемства, раёна, таму што раённыя параметры залежаць ад сукупнасці дасягнутага асобнымі прадпрыемствамі.
Месяц прайшоў з таго часу, як пяты Усебеларускі народны сход зацвердзіў праграму развіцця краіны на новую пяцігодку. І ўсе мы працуем над выкананнем гэтай праграмы. Кожны дзень важны, кожны крок важкі, кожная ініцыятыва ўплывовая. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, трэба вельмі сур’ёзна і адказна ставіцца да справы. Дабрабыт краіны, вобласці, раёна, кожнага грамадзяніна залежыць ад вынікаў працы, росту вытворчасці, умацавання эканомікі.
Вольга БАРАДЗІНА.