“Уралец” шукае і знаходзіць
У пошукавых работах на Беларусі шосты год запар удзельнічае атрад з паўднёваўральскага горада Азерска.
Памяць. Яна не ведае межаў, бо пакуль помнім – мы жывём. Ідуць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, а памяць пра загінуўшых за незалежнасць і свабоду Радзімы жыве ў сэрцах удзячных нашчадкаў, у помніках і абелісках, каля якіх заўжды ляжаць кветкі. Прайшло шмат часу, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай, а колькі яшчэ невядомых прозвішчаў загінуўшых герояў. Між тым, гавораць, што вайна лічыцца закончанай тады, калі ўстаноўлена апошняе прозвішча загінуўшага.
З 2003 года на Ляхавіччыне працуе 52-гі асобны пошукавы спецыялізаваны батальён, які займаецца выяўленнем няўлічаных воінскіх пахаванняў. Раскопкі праводзіліся на тэрыторыі Куршынавіцкага, Навасёлкаўскага, Конькаўскага, Востраўскага, Жарабковіцкага сельсаветаў. За гэты час паднята 105 астанкаў воінаў і ахвяр вайны, прозвішчы 56 з іх устаноўлены. Таксама вызначаны масавыя пахаванні Першай сусветнай вайны у вёсцы Краглі і аграгарадку Жарабковічы.
Сёлета разам з беларускімі ваеннымі пошукавыя работы ў нашым раёне вялі і 10 расійскіх рабят ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў — членаў пошукавага атрада “Уралец” з паўднёваўральскага горада Азерск Чаля-бінскай вобласці. З 2005 года следапыты з Урала займаюцца пошукавай работай у Беларусі. Узначальвае атрад Барыс Чыгірын – журналіст, уладальнік Нацыянальнай літаратурнай прэміі і медаля “Патрыёт Расіі”. Гэты нераўнадушны, неардынарны чалавек цікавіцца гісторыяй і займаецца патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення. Ён ініцыятар стварэння атрада, яго кіраўнік і ідэйны натхняльнік. Менавіта Барыс Чыгірын на пачатку ліпеня прыйшоў у “ЛВ” , каб расказаць пра рабят з “Уральца” і падзяліцца ўражаннямі пра Ляхавічы і ляхавічан.
Атрад (створаны ён пры палацы творчасці дзяцей і юнацтва) дзейнічае ў складзе рэгіянальнага аддзялення ўсерасійскай арганізацыі ветэранаў “Баявое брацтва”. Ён працаваў пад Санкт-Пецярбургам, у Наўгародскай і Чалябінскай абласцях, ва Украіне.
— Рабяты падчас шматлікіх экспедыцый змаглі вярнуць з нябыту не адну сотню прозвішчаў уральцаў, якія загінулі ў гады ваеннага ліхалецця, у тым ліку і тых, хто вызваляў Беларусь ад фашыстаў, а на Радзіме лічыўся без вестак прапаўшым, — расказвае Барыс Чыгірын.
Амаль штогод атрад папаўняецца навічкамі. А тых, каму споўнілася 18 гадоў, замяняюць малодшыя. Нават прыходзяць сем’ямі. Напрыклад, шмат гадоў у атрадзе браты Кузняцовы.
Работа ва “Уральцы” пастаўлена сур’ёзна. У абавязковым парадку ўсе ”навабранцы” на працягу года наведваюць тэарэтычныя і практычныя заняткі, вывучаюць тэхніку бяспекі, правілы вядзення земляных работ, вучацца асцярожнасці ў абыходжанні з выбухованебяспечнымі рэчывамі.
Шосты год запар “Уралец” вядзе раскопкі разам з байцамі 52-га пошукавага спецыялізаванага батальёна ў Беларусі. Сёлета з 6 ліпеня падчас работ на Ляхавіччыне каля Вадзяціна пачалося раскрыццё чарговых тайнаў ваенных гадоў. Былы жыхар гэтай вёскі Яўгеній Дамашэвіч расказваў, як у гады Вялікай Айчыннай падчас акупацыі вёскі фашыстамі была расстраляна за дапамогу партызанам сям’я Тарлюк. Гітлераўцы расстралялі, а потым кінулі ў агонь мужа з жонкай і дваіх дзяцей. Мясцовыя жыхары пахавалі сваіх землякоў. Шмат гадоў пра магілу нагадвалі толькі куст бэзу і тры ясені. На гэтым месцы і праводзіліся раскопкі. Тут былі знойдзены астанкі чатырох чалавек, пасля правядзення экспертызы яны будуць перапахаваны.
24 чэрвеня 1941 года каля так званай Кацярынінскай горкі байцы Чырвонай Арміі вялі няроўны бой з фашыстамі. Вось што ўспамінае сведка тых далёкіх ваенных падзей жыхарка вёскі Завінне Вольга Вярбіла:
— Пасля бою мы з бацькам пайшлі да таго месца, дзе ішоў доўгі бой. Там стаялі падбітыя савецкія танкі і бронетранспарцёр, з якога мы дасталі двух абгарэлых загінуўшых і пахавалі іх на могілках.
Пры правядзенні пошукавых работ ва ўказаным месцы на могілках у Завінні былі знойдзены астанкі шасці воінаў Чырвонай Арміі, тры салдацкія медальёны (па іх па выніках экспертызы можна будзе вызначыць прозвішчы загінуўшых), а таксама баявыя патроны і фрагменты зброі.
Пры пракладцы газаправода ў вёсцы Вялікая Лотва падчас земляных работ на 1-м Палявым завулку знойдзены астанкі трох чырвонаармейцаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ва ўсіх гэтых пошукавых мерапрыемствах прымалі ўдзел і рабяты з “Уральца”.
А ў вольны час яны знаёміліся з гісторыяй і культурай Ляхавіччыны, сустракаліся з равеснікамі-беларусамі. Сяброўскія адносіны склаліся ў расіян з будатрадаўцамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. А колькі ўспамінаў у юных расіян засталося пасля наведвання Брэсцкай крэпасці, Жыровіцкага і Свята-Елісееўскага манастыроў!
— У Ляхавіцкім раёне для работы і адпачынку нам стварылі вельмі камфортныя ўмовы. Нават не спа-трэбіліся палаткі, як было раней, – жылі ў добраўпарадкаваным інтэрнаце каледжа, — дзеліцца ўражаннямі Барыс Чыгірын.
У мінулы чацвер “Уралец” развітваўся з гасціннай Ляхавіччынай.
— На апошнім урачыстым пастраенні разам з рабятамі прысутнічалі камандзір і ваеннаслужачыя 1-й роты 52-га пошукавага батальёна. Са словамі падзякі да пошукавікаў звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, ваенкам Ігар Гусак. Воіны тэрміновай службы і рабяты з “Уральца” былі ўзнагароджаны граматамі і падзячнымі пісьмамі, атрымалі падарункі. Падзячныя пісьмы райвыканкама за актыўную работу па ўвекавечанні памяці загінуўшых воінаў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ўручаны кіраўніку пошукавага атрада Барысу Чыгірыну і камандзіру 1-й роты 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Івану Цётушкіну. Барыс Чыгірын перадаў медаль “За захаванне гістарычнай памяці” старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Дзмітрыю Бурдуку. Медалём “Памятаем пра мінулае і верым у будучыню” ўзнагароджаны намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, камандзір роты 52-га спецыялізаванага батальёна Іван Цётушкін — ордэнам Святога Сімеона Верхатурскага ІІ ступені, а старшы прапаршчык батальёна Аляксандр Клімовіч – ордэнскім Знакам Пятра Вялікага. Былі і іншыя прыемныя сюрпрызы, падарункі і ўзнагароды.
Госці развітваліся не назаўжды, яны ўпэўнены, што абавязкова яшчэ вернуцца ў Беларусь. Як расказаў Уладзімір Крук, заключана папярэдняя дамоўленасць наконт таго, што наступным летам атрад у складзе дваццаці юных ляхавічан адправіцца ў Чалябінскую вобласць. Стасункі, якія ўсталяваліся паміж беларускімі і расійскімі рабятамі, будуць працягвацца.
— Працуючы ў вашай цудоўнай краіне не першы год, мы вучымся ў вас, шаноўныя беларусы, як берагчы і захоўваць памяць, каб у поўную моц загучалі імёны герояў, вучымся ганарыцца подзвігам сваіх продкаў, як ганарыцеся вы, — шчыра сказаў падчас развітання кіраўнік “Уральца” Барыс Чыгірын.
Галіна КАНЬКО