Стаць сталіцай? Калі ласка!
Асобы глыбінны змест і непаўторнае хараство беларускай вышыванкі. Яно, як і ўзоры слуцкіх паясоў, распавядае пра многае гістарычнае і лірычнае, пра любоў і жыццёвыя радасці-перажыванні, пра хлеб надзённы і мару, пра віртуознасць майстра і рамесніцкі твор. Выкаваная з металу ружа ці падкова на шчасце, бліскучыя гладышы, жбаны ці свістулькі з гліны, саламяныя кветкі і наіўныя макаткі, вытанчаныя выцінанкі і мудрагелістыя коўдры, вобразнае народнае слова, трапны гумар, мілагучная песня… – якое ж яно непаўторнае, роднае-народнае, непадуладнае капрызам моды, сілкуючае сувязь часоў і пакаленняў.
У Крошыне можна палюбавацца на жырандолю Паўлюка Багрыма, у невялікай вёсачцы – спаталіць смагу сцюдзёнай вадой з калодзежа-жураўля, на Палессі падзівіцца на своеасаблівы абярэг-засцярогу на хатах – на франтоне-закоце выкладзена шалёўкай сонейка. Сваё, непаўторнае ёсць і ў Ляхавіцкім раёне. Больш таго, яго вельмі многа – каштоўнага, самабытнага, але часам забытага-паўзабытага. У куфэрках, на гарышчах вякуюць непатрэбнымі прабабуліны андаракі, на падстрэшшы вісяць сярпы, у хлявах стаяць кадушкі, зробленыя адмысловымі майстрамі, іржавеюць некалі незаменныя ў гаспадарцы сячкарні. У музеі народнага побыту гэтае і многае іншае магло б стаць вартымі ўвагі экспанатамі. Верыцца, што і ў нашым раёне такі музей будзе, таму што ўвага да культуры не толькі сённяшняй, але і ўчарашняй відавочная – дзяржавы, грамадства, улады.
Калі гаварыць пра Ляхавіцкі строй, то наш невялікі раён можна ўмоўна падзяліць на некалькі складнікаў. І будзе сярод іх песенная спадчына Падлесся, Жарабковічаў, Ліпска, ткацтва гулічан, свяцічан, тальмінаўцаў; ганчарства любейкаўцаў і стральцоўцаў, а яшчэ кавальства, бондарства, бортніцтва з іх рэчыўнымі атрыбутамі і многае іншае, пра што мы гаворым як пра распаўсюджаныя калісь народныя рамёствы. І як жа здорава, што цікавіць усё гэта землякоў, што моладзь ідзе ў этнаграфічныя экспедыцыі, аднаўляе забытае, танчыць старадаўнюю польку, спявае песні сваіх бабуль-прабабуль, вучыцца завіхацца ля рускай печы і ахвотна становіцца ля ганчарнага круга. Цуд-каромысла, цуд-млын, цуд-ручнік вышываны. Радасць фэста, дзе ў галоўнай ролі роднае-народнае. Захапленне “ З крыніц спрадвечных”, якое штогод ахоплівае, кружыць у віхуры прыгажосці, наталяе смагу – тую, якую адчуваюць не вусны, а душа.
У Год культуры (і не толькі) дарэчы пра гэта гаварыць, а яшчэ больш дарэчы – рабіць. Успомніце нядаўнія “Флер’яноўскія чытанні” – прыемны факт, зусім невыпадковы, у канве карціны з культурным сюжэтам. Аказваецца, гэта цікавіць многіх, аказваецца, гэта патрэбна многім, аказваецца, гэта толькі пачатак і будзе працяг. Напрыклад, у жніўні Грушаўка зафестываліць: як многа прыемных сустрэч чакаецца “З крыніц спрадвечных”. А потым, магчыма, і стары Рэпіхаўскі парк стане адрасам чагосьці адноўлена жаданага з вытокамі даўнімі і дарагімі. Пра гэта я пачула і ад кіраўніка раёна.
Прастора для творчасці неабсяжная, нагод – больш чым трэба, ідэі фантануюць. Адна з іх: чаму б штогод на Ляхавіччыне не аб’яўляць культурную сталіцу раёна? Сёлета, напрыклад, на гэты статус па праву маглі б прэтэндаваць тыя самыя Флер’янова і Грушаўка. Праўда, хутка восень, за вокнамі амаль што жнівень… Але ж жыццё працягваецца, так што спыняцца не варта. Што дасць такі часовы статус населенаму пункту? Аматары фальклору, народнай культуры, нераўнадушныя землякі, асабліва моладзь калі ўсур’ёз возьмуцца за справу, то, мяркую, і адкрыцці зробяць, і добра забытае старое выцягнуць з куфэркаў і падстрэшшаў, і экспедыцыі этнаграфічныя правядуць, і новыя-старыя песні запішуць, і нейкія абрады адновяць. І карані нашай існасці падсілкуюцца новымі ведамі, умацуюцца ў адчуванні сувязі ў ланцужку пакаленняў і адказнасці за гэту сувязь цяпер і сёння. Ну і перавага фестывальная, пленэрная, канцэртная за гэтымі каардынатамі замацуецца на цэлы год як пастфактум Года культуры. Як жа многа можна зрабіць, калі пастарацца. І за некалькі гадоў любая вёска пабудзе ў сталічным статусе. Культурна-раённага маштабу. Абмяркуем?!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Как всегда редактор попала с идеей прямо в яблочко! Задумка шикарная. Можно обогатить таким образом историю «малых кропак», глубже познать роднае-народнае, прихорошить «родныя мясціны». А ещё ето очень замечательный повод привлечь в район туристов. Сейчас дело за неравнодушными организаторами, которые подхватять подсказку и разовьют её, претворят в жизнь