Чаранкевічы, да дошкі! Гонару!

Святлана Чаранкевіч

Таццяна Чаранкевіч

Надзвычай прыемная навіна: вучаніца Начаўскай СШ Таццяна Чаранкевіч стала абсалютным пераможцам шостага злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў”. Дзяўчынка ўзяла самую галоўную ўзнагароду гэтага форуму, якой удастойваецца адзін – лепшы па выніках конкурсу  прадстаўнік краіны, пераможца ўсіх яго этапаў. Малайчына, Танюша!

Гэта быў конкурс юных прафесіяналаў, хто займаецца   прыродазнаўча-навуковымі дысцыплінамі: арніталогіяй, гідрабіялогіяй, энтамалогіяй, глебазнаўствам і г.д. 70 беларускіх і расійскіх школьнікаў – вучняў 8-10 класаў сталі ўдзельнікамі  гэтых іспытаў.

Намеснік дырэктара Начаўскай СШ Дзіна Янушкевіч з захапленнем расказвала пра поспех вучаніцы:

– Уявіце, якія веды, настойлівасць, мэтанакіраванасць і іншыя выдатныя якасці праявіла Таня Чаранкевіч, каб быць удастоенай статуса абсалютнай пераможцы. Дарэчы, злёт праходзіў з 22 па 29 ліпеня ў нацыянальным парку “Куршская каса”, што ў Калінінградскай вобласці.

Дзіна Анатольеўна падкрэсліла, што мерапрыемства праводзіць ужо ў шосты раз Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расіі – дзеля расшырэння беларуска-расійскага інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і ўмацавання сяброўскіх сувязяў паміж навучэнцамі і моладдзю, якія  займаюцца эколага-біялагічнай дзейнасцю, навукова-даследчай работай.

Радасць ад поспеху і незабыўныя ўражанні ад злёту, адкрыццё якога адбылося ў Музеі Сусветнага акіяна, для Тані Чаранкевіч стануць не толькі ўспамінам пра яе апошняе школьнае лета (дзяўчына пойдзе ў

11 клас), але і адзнакай яе навуковых спроб, якія так высока ацэнены. І там на злёце, бы экзамен, прайшлі тэарэтычны і практычны туры конкурсу юных эколагаў, выніковая экспедыцыя. А потым было ўзнагароджанне – урачыстае, яркае, шчаслівае. Дарэчы сказаць, што, акрамя асабістых намаганняў дзяўчыны, да конкурснага трыумфу ёй дапамаглі дабрацца і настаўніца біялогіі Наталля Катко, і настаўніца геаграфіі, яна ж мама Тані – Святлана Чаранкевіч, ды і перабольшаннем не будзе сказаць – увесь педагагічны калектыў Начаўскай школы. Таму што тут створаны добрыя ўмовы для вучобы, развіцця здольнасцяў і талентаў хлопчыкаў і дзяўчынак.

А сёння калектыў радуецца поспеху сваёй выхаванкі, і не толькі Таццяны, але і яе мамы Святланы Мікалаеўны Чаранкевіч, партрэт якой сёлета занесены на Галерэю славы нашага раёна.

Настаўнік геаграфіі і абслуговай працы, кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі, член журы па праверцы работ другога этапу рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, навукова-даследчых работ навучэнцаў. А яшчэ настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, сертыфікаваны карыстальнік інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ў катэгорыі “Вучэбна-выхаваўчая работа”. І проста выдатны педагог, які бязмежна любіць сваю прафесію, дзяцей, які вучыць і вучыцца сам, штодня папаўняючы запас ведаў. І дружалюбны, добразычлівы, спагадлівы, добры чалавек. Гэта пра Святлану Мікалаеўну, для якой кожны ўрок – у радасць, кожная сустрэча са сваімі выхаванцамі пасля ўрокаў – чарговае адкрыццё. Вучні ў яе актыўныя і, на думку Святланы Чаранкевіч, усіх можна зацікавіць і прадметам, і карыснай справай. Ну а лепшыя паказваюць выдатнае веданне геаграфіі, краязнаўства, навыкі працоўнага навучання. Мамін гонар –яе дочкі: старэйшая працуе ўжо, а Таня – школьніца, якая ў мінулым навучальным годзе адзначана дыпломам у раённым конкурсе творчых праектаў па працоўным навучанні. Кіраўніком была Святлана Мікалаеўна. І гэта не адзіны поспех сямейнага “экіпажа”: Таня стала дыпламантам раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу экскурсаводаў “Мая малая радзіма”. Яшчэ адна вучаніца Святланы Мікалаеўны юны экскурсавод Юлія Голя адзначана дыпломам Міністэрства адукацыі.

Пра шчасце можна разважаць бясконца. Але наколькі важней адчуваць яго. Шчасце – жыць, займацца любімай справай, шчасце – мець добрую сям’ю, шчасце –  ісці поплеч з сябрамі-аднадумцамі, імкнуцца і дасягаць. Вось і малодшая дачка Святланы Мікалаеўны рыхтуецца пайсці ў выпускны клас. Мама верыць, што ўсё ў Танюшы атрымаецца. А яшчэ прызнаецца, што сумуе па сваіх гарэзлівых, непасрэдных, цікаўных вучнях і чакае з нецярпеннем 1 верасня.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Дзіны ЯНУШКЕВІЧ  і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Чаранкевічы, да дошкі! Гонару!

  • 02/08/2016 в 20:25
    Permalink

    Такие лучистые глаза и сильную энергетику, которая исходит от Татьяны, невозможно не заметить. Достойная награда за знания. Не останавливайся на достигнутом! Ждем новых побед!

  • 03/08/2016 в 11:00
    Permalink

    У школе новае дасягненне і новая перамога!!!
    Адказнасць, добрасумленнасць і захопленасць Святланы Мікалаеўны настаўніцкай працай прыносіць адпаведны вынік. Поспехі вучняў заўсёды радуюць яе. Іх дасягненні натхняюць нават больш, чым свае ўласныя. Асаблівы гонар – поспехі дачкі.
    Не сумняваемся, што і апошні школьны год стане для Таццяны яе новым пераможным годам. Яна мэтанакіравана ідзе па сонечным баку жыцця да сваёй мары: стаць паспяховай у жыцці, у будучай прафесіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *