Падраслі травы ў Свяціцы
Падчас першага ўкосу гарачае надвор’е перашка-джала падняцца атаве, а цяпер дажджы адпаілі пашу і сенажаці – травастой пайшоў густы і сакавіты. У сельгаспрадпрыемстваў з’явіўся шанц добра папоўніць кармавыя запасы. Праўда, каб яго выкарыстаць, неабходна вельмі пастарацца: гэтым часам “збегліся” разам адказнейшыя работы, асноўныя сілы кінуты на ўборку хлеба.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў актывізаваць работу міжгаспадарчага корманарыхтоўчага атраду.
СВК “Шлях новы” даў у часовае карыстанне аграрнаму каледжу прэс-падборшчык. На свяціцкіх лугах, дзе асабліва падняўся травастой, для вучгаса нарыхтавана 102 тоны сакавітага сенажу ў рулонах. У СВК “Жарабковічы” працэс нарыхтоўкі кармоў і не спыняўся. Разам з уборкай збожжа вядзецца закладка саламанажу. Дарэчы, за некалькі апошніх гадоў тут пераканаліся ў эфектыўнасці гэтага корму. Летась нарыхтавалі 8000 тон саламанажу – хапіла і для сваёй гаспадаркі, і вясной лішкі прадалі іншым сельгаспрадпрыемствам.
Кукуруза сёлета як на заказ: ураджай чакаецца выдатны ва ўсіх гаспадарках, акрамя КСУП “Тальмінавічы”. Многія гаспадаркі змогуць папоўніць свае запасы. А “Тальмінавічам” трэба касіць травы. Няма сваіх – Свяціца прапануе. Не лішняй будзе скошаная атава і для райаграсэрвіса, КСУП “Ліпнянка”, у якіх патрэбна тэрмінова аднавіць работу міжгаспадарчага мехатраду.
Упусціць магчымасць і праігнараваць другі ўкос траў – недапушчальная безгаспадарчасць. Тым больш, што назапашаныя па раёне 8,8 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы значна ніжэй, чым сярэднеабласны паказчык.
Аліна ЛАПІЧ.