Каб касцюмчык сядзеў. Сярод самых папулярных тавараў, на якія сёння павышаны пакупніцкі попыт, – школьная форма, партфелі, сшыткі, дзённікі

Чым менш застаецца часу да 1 верасня, тым больш  пакупнікоў у магазінах, што прадаюць тавары  для школьнікаў.  Бацькі з дзецьмі вывучаюць асартымент, параўноўваюць цэны. Галоўнае –     выбраць рэчы  якасныя і зручныя, каб і выглядалі, і насіліся добра.

У Ляхавічах цэнтрам гандлю школьнымі таварамі лічыцца  магазін “Дзіцячы свет “Аліса”.  Гэтым  часам  тут што ні    дзень – новы прывоз. Гардэроб  для хлопчыкаў і дзяўчынак  прапануюць айчынныя  вытворцы  легпрама:    “Калінка”, “БелКрэда”, “Славянка”,   “8 Сакавіка”, “Дылма плюс” і іншыя. Асартымент спадніц, сарафанаў, касцюмаў, джэмпераў, можна сказаць,  багаты. Цана залежыць ад памеру, саставу  тканіны, мадэлі. Камплект (камізэлька  і штаны) на першакласніка каштуе крыху больш  за 20 рублёў, касцюмы  – ад 37 рублёў  і вышэй (ёсць і за 65, і за 80). Пінжак на юнака ростам  170 сантыметраў каштуе больш як  80 рублёў, штаны –  47 рублёў.
Камплект дзявочы  (камі-зэлька і спадніца) – ад  43 рублёў і вышэй. Кошт сарафана каля  41 рубля, спадніцы –18, спартыўных  штаноў –  17, джэмпера –  ад 8 рублёў і вышэй.
Санітарныя ўрачы раяць пры пакупцы школьнай  і спартыўнай формы  асаблівую  ўвагу звяртаць   на іх якасць. Пажадана, каб  матэрыял не быў сінтэтыч-ным – вельмі добра, калі адзенне дзіцяці  будзе са  змешаных тканін з перавагай натуральных.
У продажы разнастайныя кофты, джэмперы, блузкі,  бялізна, кашулі і многае іншае. Праўда, для  старшакласніц, якія імкнуцца падкрэсліць   індывідуальнасць, выбар тут не самы лепшы. Таму не абысціся без рынку і паездкі ў Баранавічы. Ёсць і такія, хто ў пошуках стыльных рэчаў  для школы можа аб’ехаць ледзь не палову  Беларусі і не толькі яе.
Апранаючы дзіця, бацькам трэба памятаць пра дзелавы стыль адзення, прызначанага  для заняткаў у агульнаадукацыйных установах.  Джынсы  – не для школы. Абутак таксама павінен адпавядаць дзелавому стылю, а яшчэ быць лёгкім і  няслізкім. У якасці “зменкі” падыходзіць лёгкі абутак на невялікім (1-2 сантыметры) абцасіку. Ці купіце яго ў ”Алісе” – пытанне. А вось спартыўнага абутку тут большы выбар. Менавіта за ім прыйшоў з мамай Аленай Кірыл Булаты. Купілі многае з неабходнага для школьніка і засталіся вельмі задаволены якасцю тавару і абслугоўваннем.  Прадаўцы заўсёды ветлівыя, рады дапамагчы  і падказаць. Кірыл – першакласнік. Па словах маці, усе неабходныя канцылярскія тавары яны набылі менавіта ў ”Алісе”. Агульны іх кошт атрымаўся каля 50 рублёў, у гэтым спісе для першакласніка даражэй за ўсё  пенал і  папка для сшыткаў. Альбомы, пластылін, фарбы, каляровая папера і іншыя патрэбныя дробязі ў гандлёвай кропцы  на любы густ і кашалёк. Прадавец магазіна Святлана Пішч расказвае, што сёння ў землякоў ёсць магчымасць скарыстацца пакупкай  школьных тавараў у крэдыт  пад 23 працэнты на  6 месяцаў.
Некаторыя бацькі першакласнікаў ігнаруюць пакупку партфеля, маўляў, пакуль не трэба. Але вопытныя педагогі сцвярджаюць, што дзіця толькі калі надзене рукзачок, адчувае сябе сапраўдным школьнікам.  Гэты атрыбут вучня  каштуе ад 20 рублёў і вышэй. А зручныя  рукзакі ад беларускай  “Галантэі” прапануюць па 42 рублі 35 капеек.
Выбіраючы школьны рукзак, трэба звярнуць увагу на мадэлі з  цвёрдай (лепш за ўсё артапедычнай) спінкай,  шырокімі і рэгулюемымі па вышыні лямкамі.  Добра, каб  у ранцы  было шмат кішэняў. Вельмі  пажадана  і наяўнасць святлоадбівальных элементаў, каб дзіця было бачным  на дарозе.
Адкладваць напасля паход у магазін – рызыка рабіць пакупкі ў спешцы. А гэта, згадзіцеся, не заўсёды добра.  Каб касцюмчык сядзеў, шопінг  лепш праводзіць з запасам часу.
Наталля  ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *