Сіні, жоўты, зялёны

Устаноўка ў людных месцах райцэнтра так званых еўракантэйнераў для паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў яшчэ не азначае “еўрапейскасць” нашых паводзін. У адносінах да гэтых самых адходаў.

Ёсць меркаванне, што там гэта ўжо на ўзроўні рэфлексаў – сартаваць смецце па чатырох а то і васьмі кошыках. Як не дадуць падмануць камунальнікі, нам да ідыліі пакуль далёка: нярэдка у кантэйнеры, прызначаным для шкла і абазначаным сінім колерам, сустракаюцца і “жоўтыя” (пластык) і “зялёныя” (папера) адходы. Часам адна ёмістасць утрымлівае бясконцы смеццевы мікс. Перапрацаваць такую мешаніну і даць такім чынам бытавым адходам другое жыццё – няпростая задача. Іншая справа, калі другасныя матэрыялы адсартаваны папярэдне кожным з нас. Зрабіць гэта нічога не каштуе: пластык да пластыку, шкло да шкла. У ляхавічан ёсць для таго ўсе ўмовы. Дарэчы будзе яшчэ раз узгадаць пра еўракантэйнеры, што “сямейкамі” размясціліся ў многіх месцах горада. Галоўнае “не памыліцца” з адрасам. А перад тым ёсць і сэнс, і неабходнасць, і абавязак складваць адно да аднаго. Сплюшчаныя папярова-кардонныя каробкі складваць і звязваць у стосік і накіроўваць на перапрацоўку. Разам са шпагатам. З адмысловымі асаблівасцямі ў кожным з выпадкаў, але і ў сэнсавай аналогіі пажадана і неабходна дзейнічаць у абыходжанні з іншымі відамі другаснай сыравіны.
Гаворана-перагаворана, што тым самым мы стаім на варце прыроды, захоўваем экалагічны баланс, мацуем і асабістую, і дзяржаўную эканоміку. Зрэшты, залежнасць паміж апошняй і перадапошняй самая прамая. Дзяржаўная выгада так ці інакш закранае выгаду кожнага яе грамадзяніна. Патрэбна расшыфроўка? Смецце, якое трапляе на звалку нярэдка падпальваюць. Дым атраўляе атмасферу і наша здароўе. Выратаваны ад агню ліст паперы фармату А1 азначае беражлівую ашчаднасць у адносінах да лесу. Дапаможам захаваць яго для нашчадкаў. Акрамя таго, перапрацоўка другаснай сыравіны – гэта цэлая вытворчая індустрыя, гэта працоўныя месцы, заработкі. І новыя тавары, якія не саступаюць па якасці, але істотна выйграюць па сабекошце перад вырабленымі “з нуля” аналагамі.
Зарэкамендаваць сябе гаспадаром у адносінах з бытавымі адходамі мела мэтай і адно з нядаўніх рашэнняў райвыканкама. У адпаведнасці з ім з 23 чэрвеня па 23 ліпеня ў раёне праводзіўся месячнік па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. За гэты час прадпрыемствамі, арганізацыямі раёна, насельніцтвам Ляхавіччыны было сабрана 26,1 тоны макулатуры, 53,2 – адходаў шкла, 4,76 – пластыку і 2,6 тоны зношаных шын. Тым не менш, усяго гэтага дабра патрабуецца больш і больш. Асабліва макулатуры, пластыку, бытавой тэхнікі, якая выпрацавала ўжо свой рэсурс, але можа яшчэ папрацаваць на эканоміку.
Камунальная служба раёна вельмі ўдзячна ўсім жыхарам Ляхавіччыны за паасобны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. “Імянныя” кантэйнеры павінны заставацца менавіта такімі. Там не месца харчовым і будаўнічым  адходам, упакоўкам “тэтра-пак”, электрапрыборам, батарэйкам.
На адходах можна яшчэ і зарабіць. Адсартаваныя другасныя матэрыялы закупляюць многія гандлёвыя аб’екты райпо, размешчаныя як у сельскай мясцовасці (Дарава, Тухавічы, Тальмінавічы, Русінавічы, Ліпск, Востраў, Малое Гарадзішча, Задвор’е, Галаўнінцы, Жарабковічы), так і ў райцэнтры (магазін “Родны кут” і спецыялізаваныя прыёманарыхтоўчыя пункты). Апошніх пяць, і знаходзяцца яны па вуліцах Леніна, 16; Савецкай, 67; Цітовіча, 1;  Чкалава, 3 і завулку Вакзальным, 3. Працуе, у тым ліку на заказ, і перасоўны прыёманарыхтоўчы пункт.
Варта было б паклапаціцца, каб у кожным з іх была інфармацыя для здатчыкаў другаснай сыравіны з дакладнымі расцэнкамі.
Ірына ГРЫНЯЛЕВІЧ,
начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *