Шукаюць вадзіцеля, вадзіцель шукае
Часам у жыцці здараецца незапланаванае. Кагосьці скарацілі, іншаму захацелася нешта памяняць у сваім жыцці, другога не задавальняюць умовы працы ці заработная плата. Некаторыя самі адпраўляюцца на пошукі работы, да дзірак зачытваюць газеты з аб’явамі, хтосьці становіцца кліентам службы занятасці і цэнтраў перападрыхтоўкі кадраў ці заўсёднікам кірмашоў вакансій. Некаторыя пасля доўгіх блуканняў і сумненняў кардынальна мяняюць прафесію.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла заўважыла: паказчык па беспрацоўі ў нашым раёне – 1,1 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва (ніжэй за агульнаабласны). Па стане на 1 жніўня на ўліку ў службе занятасці 119 чалавек, з іх 69 вяскоўцы. Сярод беспрацоўных – 36 жанчын, 22 прадстаўнікі маладога пакалення, 46 чалавек атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі, 92 зарэгістраваныя ў службе занятасці задзейнічаны на грамадскіх работах па добраўпарадкаванні і азеляненні вёсак, аграгарадкоў, райцэнтра. Усяго за 7 месяцаў сёлета за дапамогай у пошуку работы, атрыманнем накіравання на вучобу ці перанавучанне сюды звярнуліся 314 жыхароў раёна.
Існуе агульнаабласны банк вакансій, са зместам якога можна азнаёміцца ў тым ліку і на старонцы Ляхавіцкага райвыканкама на сайце аблвыканкама. Гэту інфармацыю можна атрымаць і ў службе занятасці. Часцей за ўсё работу шукаюць бухгалтары і юрысты. Сярод самых запатрабаваных прафесій – урачы, медыцынскія сёстры, прадаўцы, спецыялісты сельскай гаспадаркі. Ёсць і залатая сярэдзіна – вадзіцелі мараць працаўладкавацца, і вакансій для іх шмат.
У нашым раёне ёсць вакансіі для працаўладкавання ў лясгасе, райпо, райаграсэрвісе, раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і ў некаторых іншых арганізацыях і на прадпрыемствах. Па даных службы занятасці на 1 жніўня налічваецца 43 вакансіі.
Курсы па атрыманні новай прафесіі ці перакваліфікацыя – добры варыянт для тых, хто па розных прычынах застаўся без працы ці жадае знайсці больш высокааплатную. У асноўным гэта магчымасць запатрабавана маладымі людзьмі. Па словах Ірыны Пабягайла, з пачатку гэтага года на вучобу накіравана 8 чалавек.
Па-ранейшаму існуе выдатная прапанова для ініцыятыўных і прадпрымальных. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мае магчымасць выдаць субсідыі на развіццё бізнесу. Але сёлета жадаючых заняцца сваёй справай сярод нашых землякоў пакуль не знайшлося.
Дарэчы, у службу занятасці звяртаюцца з заяўкамі на спецыялістаў арганізацыі не толькі Ляхавіцкага раёна, але і іншых рэгіёнаў краіны.
Галіна КАНЬКО.