Стратэгічны аб’ект жніва

Валерый Вайцешык і Яўгеній Генеральскі з ДП «Нача» працуюць ашчадна і хутка

Праз рукі людзей, якія працуюць на зернетаках, праходзяць сотні тон збожжа – хлебныя горы. Па сутнасці, няма большай адказнасці, чым у іх: зберагчы і захаваць бясцэнны набытак, над якім цэлы год шчыравалі хлебаробы. Таму і працуюць тут людзі адказныя, старанныя, якім можна давяраць.

Аператары сушыльнай устаноўкі ЗСК-30 Уладзімір Кандыбовіч і Сяргей Кандыба з СВК “Шлях новы” суткамі выдаюць на-гара збожжа, даведзенае да патрэбнай кандыцыі. Яны сярод лепшых сушыльшчыкаў, як і аператары агрэгата ЗСК-20 Мікалай Правалаў і Васілій Суднік. Акрамя згаданых, у гаспадарцы задзейнічана яшчэ 3 сушылкі: на зернятоку суткамі кіпіць работа.
У СВК “Ляхавіцкі” больш як 4 000 тон збожжа падрыхтавалі да захоўвання і продажу ў лік дзяржзаказу аператары Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік. Іх высокапрадукцыйная ўстаноўка М-819 за суткі перапрацоўвае пад 80 тон зерня.
Унушальная зернесушыльная гаспадарка ў СВК “Жарабковічы” – 5 сушыльных установак. У ДП “Нача” працуюць  3 такія агрэгаты. Наогул, у сельгаспрадпрыемствах раёна сёлета задзейнічаны 33 сушыльна-ачышчальныя агрэгаты, з якіх 6 – мабільных. Дарэчы, іменна апошнія і  з’яўляюцца іншы раз самым надзейным звяном: калі элеватары перагружаны збожжам, СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”, райаграсэрвіс, ЗАТ “Белпрампрыбор” могуць у момант даставіць мабільную падмогу на любы вытворчы ўчастак.
З-за частых дажджоў сёлета вільготнасць збожжа, якое дастаўляецца на элеватары, часта перавышае 20 працэнтаў. Каб давесці яго да нармальнага стану (13 – 14 працэнтаў вільготнасці), даводзіцца патраціць шмат паліва. Многія сельгаспрадпрыемствы дзеля эканоміі перавялі работу ачышчальна-сушыльных агрэгатаў на мясцовыя віды паліва. У ДП “Нача”, напрыклад, усе 3 стацыянарныя сушылкі – на дровах.
На адной з гэтых сушылак зладжана працуюць аператар КЗС Валерый Вайцешык і яго памочнік Яўгеній Генеральскі. Іменна яны давялі да патрэбных стандартаў насенне рапсу, а цяпер шчыруюць над збожжам.
КЗС-10 і КЗС-20 працуюць на мясцовых відах паліва ў КСУП “Востраў-Агра” і “Ліпнянка”, адзін агрэгат з пяці – у СВК “Шлях новы”. Эканомія відавочная.
Як запэўнілі ў райсельгасхарчы, усе, хто дапушчаны да работы на сушыльна-ачышчальных комплексах, прайшлі папярэднюю падрыхтоўку, маюць пасведчанні аператараў КЗС. Акрамя таго, з усімі, хто працуе на зернятоку, праведзены заняткі па тэхніцы бяспекі.  У кожнай гаспадарцы гэтыя пытанні і правілы пажарнай бяспекі пад кантролем інжынераў па ТБ, спецыялістаў і спецыяльных камісій.
За суткі зернесушыльная гаспадарка раёна перапрацоўвае сотні тон збожжа, гатовага для захоўвання ў якасці зернефуражу, насення, на продаж у лік дзяржзаказу.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *