Ніва налева, ніва направа
Пачынаючы з Альхоўцаў, куды ні глянь – уладанні ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Падбарочча, Пад’язаўле, Малое Гарадзішча, Адахаўшчына… Толькі праехаць усе вытворчыя ўчасткі сельгаспрадпрыемства – патрабуе часу.
Намеснік дырэктара райаграсэрвіса па вытворчасці Уладзімір Юруць стараецца пабываць на ўсіх жніўных палях.
…Малагарадзішчанскі вытворчы ўчастак. Тут брыгадзірам Кацярына Кулак. Дзяўчына маладая, але вытворчасць ведае і не баіцца працы, за гэта яе і паважаюць. Яна трымае пад кантролем якасць і аператыўнасць жніва. 25 гектараў трыцікале павінны былі ўбраць да абеду, а далей – на жытнёвую ніву. Кацярына пераканана: каб не засуха, ураджайнасць была б выдатная, па коласе відаць, не хапіла яму сілы развіцца і наліцца ў поўную моц. Але ёсць падстава спадзявацца, што пшаніца, магчыма, намалоты павялічыць.
Камбайны, зрабіўшы круг, сталі пад разгрузку бункераў. У МАЗ з прычэпам, за рулём якога Мікалай Вярбіла, пасыпаліся два хлебныя патокі. Бясцэнны груз без прамаруджвання накіраваўся на зерняток, а камбайны – у новыя загонкі. І зноў паплылі, пакідаючы пасля сябе шлейф з абмалочанай і здробненай саломы.
Намеснік дырэктара расказаў, што сёлетнія 2126 уборачных гектараў збожжавых і зернебабовых культур убіраюць 10-цю камбайнамі, адвозяць намалоты на зерняток 6 МАЗаў з прычэпамі. Усе камбайне-ры – асы, за плячамі кожнага дзясяткі ўборачных кампаній, у якіх яны не проста прымалі ўдзел – спаборнічалі і часта перамагалі. Андрэй Юруць у мінулыя гады быў пераможцам і абласнога, і рэспубліканскага спаборніцтваў. Яго экіпаж і цяпер лідзіруе ў гаспадарцы. Сёлета ён зноў жне разам з пляменнікам Уладзімірам, з якім летась намалацілі больш за 2 000 тон збожжа.
Другі вынік па намалотах у Аляксандра Русакевіча і Мікалая Курыловіча. Літаральна следам ідуць экіпажы Сяргея Параскевіча, Міхаіла Крупінскага і Дзмітрыя Слівы, Вячаслава Піліпчыка. Наогул, як заўважыў Уладзімір Юруць, усе збожжаўборачныя экіпажы працуюць старанна і вынікова, як і вадзіцелі, і аператары сушыльна-ачышчальных установак, і паляводы, якія прыйшлі на дапамогу.
– Усяго 3-4 дні, і будзе завершана ўборка збожжавых і зернебабовых. Толькі б надвор’е дало шанц хлебаробам, а мы яго не ўпусцім, – гаворыць Уладзімір Юруць.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота аўтара.