Участак. Яго поўная назва – Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ “Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”
Калі быць асабліва лаканічным, вытворчыя задачы гэтага прадпрыемства можна ўмясціць у тры простыя дзеясловы: прыняць, дапрацаваць, захаваць. Яго поўная назва – Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ “Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” – дае разуменне, што працуе прадпрыемства з прадуктам першай неабходнасці, з хлебам.
Іменна гэтымі днямі-тыднямі на ўчастку гадавы пік гарачыні. Жніво. І ў плане на-пружанасці, адказнасці, загружанасці работай іх зерненарыхтоўка не надта адрозніваецца ад зернеўборкі. На ўліку кожная хвіліна, кожная вытворчая і працоўная адзінка. Што тычыцца апошніх, то на перыяд нарыхтоўкі штат хлебапрыёмнага пункта істотна павялічваецца. Сёлета, напрыклад, на дапамогу 26 штатным было прызвана 14 часовых работнікаў. Як правіла, студэнты, канікулы для якіх сталі і добрай працоўнай практыкай, і магчымасцю папоўніць асабісты бюджэт. Юнакі і дзяўчаты з ліку мясцовых – жыхары Русінавіч, Тальмінавіч, Ганчароў, Мядзведзіч, іншага блізкага наваколля. Стартавыя 12 дзён работы становяцца для іх і стажыроўкай, і выпрабаваннем.
Далей – самастойнае плаванне ў якасці грузчыкаў, лабарантаў, вагаўшчыкоў, проба-адборшчыкаў. Апошнія і сустракаюць транспарт з грузам: дробна-пробны аб’ём зярнят паступае ў лабараторыю, дзе даследуецца па шэрагу параметраў. Калі, напрыклад, фактычная вільготнасць перавышае складскую – гэтай партыі ўраджаю шлях на сушылку. І толькі пасля прывядзення ў норму (14, а ў выпадку працяглага захоўвання і ўвогуле 12,5 працэнта) жыта, пшаніца, ячмень, трыцікале зоймуць сваё месца на складзе. Дарэчы сказаць, што агульная ўмяшчальнасць складоў Рэйтанаўскага вытворчага ўчастка раўняецца 40 000 тон.
Разам з кіраўніком прадпрыемства старшым майстрам Вадзімам Козелам мы прайшліся па тэрыторыі ўчастка ў мінулую пятніцу. Фактычна склад быў запоўнены прыкладна на 65 працэнтаў. А аўтамабілі-зернявозы працягвалі прыбываць. У той дзень і час перад умоўнымі варотамі хлебапрыёмнага пункта назіралася нават невялікая чарга: “хвост” з МАЗаў выглядваў з-за бліжэйшага павароту.
– Сітуацыя не характэрная. Сёлетняя нарыхтоўка праходзіць дастаткова роўна, спакойна, без звышнаплыву. У нашых магчымасцях прыняць за суткі да 2 500 тон зерня. Максімум, што было ў гэтым годзе – паўтары тысячы, – растлумачыў кіраўнік.
Адметнасцю можна назваць і тое, што ўраджай палёў сёлета больш вільготны. Праз сушыльны комплекс участка прайшло прыкладна 6500 тон зярнят. Гэта на паўтары тысячы больш, чым за ўвесь леташні хлебанарыхтоўчы сезон. Сёлета ж ён далёка не закрыты: як пачаўся 11 ліпеня з прыёму першых тон насення рапсу, так і працягваецца.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.