Класная работа. У школы Ляхавіччыны сёлета прыйшлі працаваць 12 маладых спецыялістаў з педагагічнай адукацыяй

Дыплом (у кагосьці і чырвоны)  у  кішэні, і маладыя спецыялісты гатовы пакараць новыя вяршыні, рабіць кар’еру, станавіцца па-сапраўднаму самастойнымі. У жніўні яны традыцыйна прыходзяць на сваё першае працоўнае месца.  Яшчэ тыдзень-другі і школьны званок пакліча на ўрок дзяцей і настаўнікаў. Сёлета на Ляхавіччыне  12 навічкоў – выпускнікоў сярэдніх  спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў.

Гарачыя дзянькі цяпер у галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяны Зубік. Трэба паспець праверыць і аформіць усе дакументы, улічыць інтарэсы і маладых спецыялістаў з улікам іх кваліфікацыі, і навучальных устаноў. Гімназія, гарадскія школы,  Жарабковіцкая, Ліпская, Тухавіцкая, Крывошынская СШ, Падлескі ДС-СШ  гатовы да сустрэчы з настаўніцкім папаўненнем. У гэтыя навучальныя ўстановы прыйшлі фізікі, матэматыкі, настаўнікі фізкультуры і англійскай мовы,  пачатковых класаў, сацыяльныя педагогі, выхавальнікі. 10 закончылі педагагічныя ВНУ.  У кожнага з іх была свая матывацыя,  каб атрымаць настаўніцкую прафесію.  Кагосьці натхніў прыклад любімага настаўніка, іншы  прадаўжае сямейную дынастыю,   бачыць у прафесіі сваё прызванне,  з дзяцінства марыў пра яе.
Безумоўна, важную ролю адыгрывае і тое, што апошнім часам у краіне робіцца многае, каб павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі. Пра  неабходнасць павышэння статуса настаўніка  гаварыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка,  калі заслухоўваў даклад пра  ход прыёмнай кампаніі і падрыхтоўкі сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года. Роля настаўніка ў жыцці грамадства,  далейшае ўдасканаленне сістэмы адукацыі ў краіне – пытанні, якія ўздымаліся і на пятым Усебеларускім народным  сходзе.
Выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта  Надзея Жыдовіч, па яе ўласным прызнанні,  не можа дачакацца, калі, у рэшце рэшт,  прыйдзе ў клас  не практыканткай, а настаўніцай.  Перш чым размеркавацца ў Ляхавічы дзяўчына ( родам з Дзяржынска) прыехала ў наш горад, які ёй вельмі спадабаўся. А пасля сустрэчы  і размовы  з дырэктарам СШ № 1 канчаткова вырашыла:  працаваць тут і толькі тут. Надзея верыць, што ўсё павінна атрымацца: нездарма карпела над падручнікамі, вывучала  дадатковую  літаратуру. Вельмі спадзяецца на дапамогу, падтрымку больш вопытных настаўнікаў. Дарэчы, вырашаецца і жыллёвае пытанне.
Некалькі хвілін ад дома – і выхавальнік дзіцячага  сада і па сумяшчальніцтве настаўніца інтэграванага класа  Анастасія Шахмуць  пераступае парог Падлескага ДС-БШ. Яна ў штаце тутэйшых педработнікаў з 13 жніўня.
Выпускніца ляхавіцкай  гімназіі  калісьці павезла падаваць дакументы ў Пінскі медкаледж, але па дарозе перадумала і стала навучэнкай педагагічнага каледжа імя А.С. Пушкіна. Вучылася на настаўніка пачатковых класаў  з ахвотай і інтарэсам. Паспела  без адрыву ад вучобы  замуж пайсці,  дачку нарадзіць.  Пакуль маладая мама пісала канспекты, слухала лекцыі, у дэкрэтным водпуску быў бацька.  Насця гаворыць, што невядома як справіліся б  у  матэрыяльным плане, каб не дапамога сваякоў мужа, сама дзяўчына – сірата.
– На асноўную практыку прыехала ў аграгарадок  Падлессе. Як  душэўна і добра тут  да мяне  аднесліся!  Асабліва дапамагала метадыст-настаўнік Таццяна Мікалаеўна Таранда. А колькі слушных парад атрымала ад завуча Наталлі Міхайлаўны Усенка! –  успамінае пра  знаёмства з Падлескім ДС-БШ  Анастасія  Шахмуць.
Зараз маладая сям’я будуе  ўласную кватэру і з нецярпеннем чакае  наваселля.
–  Не церпіцца  працаваць самастойна. Канешне, крыху  хвалююся, бо давядзецца  амаль на цэлы дзень замяніць сваім маленькім выхаванцам маму – гэта такая вялікая адказнасць  – дзеліцца Анастасія, у планах якой вышэйшая адукацыя.
Не толькі дзяўчаты выбіраюць  справай жыцця настаўніцтва.  Хаця і ў меншай колькасці, але  педагагічную сям’ю папаўняюць  прадстаўнікі моцнай паловы.
– Добрай раніцы, рабяты! Мяне завуць Уладзіслаў  Уладзіміравіч.  Я буду выкладаць у вас фізіку, – так малады педагог  збіраецца пачаць сваё знаёмства з вучнямі СШ № 1. Гэта ўстанова адукацыі стала для Уладзіслава Мейлаха, як і для настаўніцы замежнай мовы Надзеі  Жыдовіч,  настаўніка  матэматыкі Сяргея Яновіча,  першым месцам працы.
На размеркаванні ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С Пушкіна ў юнака, які родам з Жабінкі,  быў  выбар паміж Столінам і Ляхавічамі. Выбраў наш райцэнтр.
Энергіі і  энтузіязму  ў маладога папаўнення хапае.  Але акрамя  маральнага стымулявання,  не менш важна і матэрыяльнае заахвочванне. Пытанне на кантролі ўлады.  Каб ведаць патрэбы і праблемы маладых кадраў, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч штогод сустракаецца з маладымі спецыялістамі. Нямала гарантый для тых, хто па размеркаванні прыйшоў на  першае працоўнае месца занатавана  ў  калектыўных дагаворах арганізацый. Па словах старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Бялецкай, кожны малады спецыяліст атрымаў прадугледжаныя заканадаўствам “пад’ёмныя”,  таксама пасля заключэння кантракта штомесяц на працягу трох гадоў можа разлічваць на 10-працэнтную прыбаўку за складанасць, напружанасць працы; павышэнне тарыфнай стаўкі  не ніжэй як на 20 працэнтаў. Акрамя таго, часткова кампенсуюцца пры наяўнасці дагавора найму і расходы на арэнду  жылля.
Згодна раённага галіновага сацыяльнага пагаднення паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкама галіновага прафсаюза, калектыўнага дагавора паміж адміністрацыяй навучальнай установы і прафкамам,  маладыя педагогі, з якімі пасля абавязковай адпрацоўкі заключаны кантракт тэрмінам не менш за 3 гады, атрымліваюць аднаразовую  выплату ў памеры не менш  5 базавых велічынь.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *