Школьна-садаўскі марафет
Дзіцячы сад закрываўся на рамонт на некалькі тыдняў. За гэты час усё падрыхтавана-падрамантавана. Дарэчы, у тухавіцкім садку чакаецца папаўненне – у вёску прыехала сям’я, у якой адразу чацвёра дзетак-дашкалят.
Наступны прыпынак – Тухавіцкая СШ. Вялікі двор (агульная плошча каля 4 гектараў) па-гаспадарску дагледжаны: кусты роўна падстрыжаны, трава скошана, вакол мноства кветак. Нарэшце зроблена адмостка ля будынка. Унутры пашчыравалі тэхработнікі – фарбавалі, клеілі, ім пры неабходнасці дапамагалі настаўнікі. Зроблена асвятленне над класнымі дошкамі. Поўнасцю ўкамплектаваны кабінет абслуговай працы. Швейная машынка, электрапліта, мікрахвалёўка, набор посуду – усё, каб дзяўчынкі маглі атрымаць навыкі дамашняй гаспадыні. Светла, чыста, камфортна і ў сталоўцы. А дзвюм трэніровачна-трэнажорным залам можа пазайздросціць нават спартыўная школа. Прычым, яны ніколі не пустуюць, запоўнены наведвальнікамі да самага вечара. Сюды ўмацоўваць здароўе, пазаймацца на трэнажорах штодня спяшаюцца не толькі школьнікі, але і дарослыя тухавічане. Нават наведваецца група мужчын ва ўзросце ад 60 гадоў і старэйшых. Наогул, да спорту ў Тухавічах ставяцца з вялікай пашанай. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму – яркая і змястоўная насценгазета, намаляваная маці аднаго з вучняў да Алімпійскіх гульняў у Бразіліі.
Па ўсім перыметры тэрыторыі Востраўскай СШ чырвоныя, пунсовыя, белыя ружы. Прыгожа! Але не толькі гэтым парадуе сёлета сустрэча са школай. Дырэктар навучальнай установы паказвае новы камп’ютарны клас з інтэрактыўнай дошкай. Любімае месца для вучняў і настаўнікаў школьная бібліятэка. Акрамя вялікай колькасці кніг, газет і часопісаў (на бачным месцы і “ЛВ”), ёсць камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, іншая аргтэхніка. Пры жаданні можна прыйсці сюды і з уласным ноўтбукам. Касметычны рамонт рабілі ўласнымі сіламі, матэрыяламі забяспечыў аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Відаць, што ў Востраўскім дзіцячым садзе значную ўвагу надаюць пытанням бяспекі жыццядзейнасці сваіх выхаванцаў: на пляцоўках дарожная разметка, знакі – усё для таго, каб школьнікі ў гульнёвай форме замацоўвалі веданне правілаў дарожнага руху. У памяшканнях зроблены касметычны рамонт. На заўвагі наконт недастатковага асвятлення тэрыторыі, неабходнасці абгарадзіць кантэйнер са смеццем загадчыца ўстановы абяцае аператыўна выправіць сітуацыю.
Хто не быў у Малагарадзішчанскім ДС-СШ апошнія некалькі гадоў, напэўна, не пазнае тэрыторыю гэтай навучальнай установы – колькі тут кветак, клумбаў, зялёных астраўкоў. У тым ліку дзякуючы і шэфам – райаграсэрвісу, больш прывабны выгляд набыў цэнтральны ўваход, адрамантаваны поручні, фундамент будынка пафарбаваны ў бела-ружовы колер. Свой уклад у падрыхтоўку школы да новага навучальнага года ўнеслі і старшакласнікі.
Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына адзначыў, што сёлета ўстановы адукацыі вельмі пастараліся, выправілі многія з выяўленых раней недахопаў. Нявырашанымі засталіся для некаторых сельскіх школ аднатыпныя пытанні: сталы ў класах для пачаткоўцаў не заменены на парты, прыборы ацяплення ў класах, калідорах, спартыўных залах не абгароджаны аб’ёмнымі рашоткамі, недастаткова асветлены дваровыя тэрыторыі ў некаторых дашкольных установах. Неабходна прадоўжыць работу па рамонце пад’язных шляхоў да іх і пешаходных дарожак, прагулачных і гульнёвых пляцовак. У першую чаргу гэта датычыць Конькаўскага ДС-СШ, Крывошынскай СШ, гімназіі, Задворскага і Крывошынскага дзіцячых садкоў. Шмат зроблена па ўладкаванні пляцовак часовага складзіравання цвёрдых камунальных адходаў, аднак, у Начаўскай СШ, Ураджайнінскім і Русінавіцкім садках работы яшчэ не завершаны. Не ва ўсіх школах і садках у спраўным стане механічная вентыляцыя. З шаснаццаці школьных спартыўных залаў толькі ў сямі ў раздзявалках працуюць душавыя з гарачай вадой, некаторыя патрабуюць рамонту.
Валянцін Скарына падкрэсліў, што з кожным годам паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў, ва ўстановах адукацыі створаны і захоўваюцца належныя ўмовы для арганізацыі харчавання дзяцей. Ахоп гарачым харчаваннем ў апошнія гады стопрацэнтны. Наспела неабходнасць правядзення капітальнага рамонту сталовых СШ № 1 і гімназіі.
Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па прыёмцы ўстаноў адукацыі Дзіяна Трысцень задаволена: школы і дзіцячыя сады добра падрыхтаваліся да чарговага навучальнага года, таму ўсе правераныя аб’екты атрымалі пашпарты гатоўнасці ў дзень прыёмкі. Выдаткаваныя дзяржавай бюджэтныя грошы на рамонт асвоены выключна па прызначэнні.
– З лепшага боку ў плане падрыхтоўкі вызначыліся яслі-сад № 1 і № 4 райцэнтра, Жарабковіцкі, Начаўскі і Ліпскі дзіцячыя садкі, Падлескі дзіцячы сад-базавая школа, Малагарадзішчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Востраўская і Тальмінавіцкая СШ. Нельга не адзначыць і дапамогу шэфаў: ТБЗ «Ляхавіцкі» і льнозавода, СВК “Жарабковічы”, райаграсэрвісу, ПМК-13, – падвяла вынікі Дзіяна Трысцень.
Галіна КАНЬКО.