Попыт “бытоўкі”
І ў першую, і ў другую чаргу кавалямі свайго бытавога шчасця з’яўляемся, канешне, мы самі. Пры шчырым на тое жаданні і пэўных намаганнях любое ў гэтым сэнсе пытанне будзе даведзена да патрэбнага завяршэння: не так – дык іншым спосабам, калі не сёння – то праз дзень-тыдзень, як не непасрэдна па месцы жыхарства – то з выездам у суседні населены пункт. Аднак, роля існуючых спецыялізаваных службаў і сэрвісу іменна ў тым і заключаецца, каб максімальна спрасціць гэты шлях, зрабіць яго больш кароткім, прывабным для патэнцыяльных карыстальнікаў і, адпаведна, камерцыйна выгадным для сябе.
КУП па аказанні паслуг “Ляхавіцкі РКБА” на працягу апошніх гадоў камерцыйных зорак з неба зусім не хапае, мякка кажучы. За прадпрыемствам цягнуцца даўгі. Як удакладніў падчас размовы адносна нядаўна назначаны дырэктарам Ігар Клімец, цягнуць яны на 300 мільёнаў рублёў, у тым ліку больш як 120 з іх складаюць даўгі камунальныя – за пастаўленую раней цеплавую энергію.
Пытаюся ў дырэктара, які з відаў гаспадарчай дзейнасці з’яўляецца зараз для прадпрыемства найбольш прывабным з эканамічнага пункту гледжання? “Выручаюць агароджы”, – гучыць у адказ.
На вытворчасці жалезабетонных агароджаў у камбінаце заняты два чалавекі. Працуюць нядрэнна, лічыць Ігар Клімец, зацікаўлены ў аб’ёмах выпрацоўкі і, адпаведна, у заробку. Нярэдка выкарыстоўваюць для работы і пазанарматыўны час. У апошнім месяцы, напрыклад, вырабілі 931 элемент агароджы. Устаноўкай абсалютнай большасці з іх займаліся спецыялісты райбыткамбіната. Зборку агароджаў выконваюць таксама два чалавекі. Апошнім часам працавалі (на бягучым тыдні, па словах дырэктара, работы павінны былі завяршыцца) у аграгарадку Падлессе. Пэўная колькасць камплектаў панэляў і слупкоў ідзе на патрэбы аб’ектаў ці населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыях іншых сельсаветаў. Атрымалася “пагасіць” частку даўгоў. Як і адгрузіць частку вырабаў у адрас адной з прыватных структур суседніх Баранавічаў. І ўсё ж асноўныя аб’ёмы работ выконваюцца на тэрыторыі свайго раёна. Вось і наступнай задачай значыцца мантаж 120-метровай агароджы на тэрыторыі Востраўскага дзіцячага садка.
Больш года таму ў публікацыі “ЛВ” адзначалася, што раённая бальніца адмовілася ад паслуг пральні камбіната. “Усё наладзілася”, – сведчыць Ігар Клімец.
А з надыходам лета на тэрыторыі раёна пачалі дзейнічаць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, і ў пральнага цэха РКБА заказаў стала больш. За няпоўны месяц, па словах дырэктара, “фабрыка чысціні” РКБА выканала работ на суму прыкладна 30 мільёнаў рублёў.
Паспяховасць работы майстэрні па рамонце абутку пэўным чынам залежыць ад сезона. Значная колькасць патэнцыяльных кліентаў ”дастаецца” канкурэнтам – аналагічныя паслугі ў горадзе прапануюць і прыватныя структуры.
Слова “канкурэнцыя” гучала і калі гаворка ішла пра цырульні камбіната бытавога абслугоўвання. Іх дзве: непасрэдна ў будынку РКБА і ў памяшканні цэнтральнай раённай бальніцы. Майстры працуюць не толькі “стацыянарна”, у адпаведнасці з графікам наведваюцца ў вёскі і аграгарадкі раёна. На тамашніх комплексных прыёмных пунктах ёсць неабходная база, створаны ўмовы для работы. База ёсць, а вось кліенты ў пажаданай колькасці не заўсёды. Прыватнікі часта дзейнічаюць на апераджэнне, лічыць дырэктар. Зноў канкурэнты, прычым, нюанс яшчэ і ў тым, што нярэдка РКБА сам сабе іх рыхтуе. За год-некалькі работы ў цырульні камбіната майстар набівае руку, “абрастае” кліентурай, кажа “да пабачэння” і … становіцца вольным мастаком.
Сітуацыя, у прынцыпе, мае месца. Аднак, паглядзець на яе варта і з іншага боку. У той ці іншай ступені канкурэнцыя была, ёсць, будзе. І чым больш салодкім у плане атрымання прыбытку з’яўляецца пірог, тым больш жадаючых прыняць удзел у яго дзяльбе. Гэта нармальна, больш таго – неабходна і прагрэсіўна. А каб паспець за прагрэсам, атрымаць максімальна важкі кавалак пірага, каб перамагчы канкурэнтаў, неабходна супрацьпаставіць ім свае аргументы. Яны вядомыя: цана, якасць, тэрміны выканання, рознага роду зручнасці ў абслугоўванні, гатоўнасць максімальна ісці насустрач кліенту, памятаць, што ён заўсёды мае рацыю і г. д. Гэта няпроста, але і другога не дадзена.
Швейная вытворчасць бытоўкі ў апошні час і зараз у значнай ступені арыентавана на пашыў рабочага спецадзення. Па інфармацыі дырэктара камбіната, з “канвеера” цэха штомесячна з пачатку года сыходзіць прыкладна 200 касцюмаў-спяцовак. “Абшываліся” тут некаторыя сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы нашага раёна, частка заказаў знаходзіцца ў стадыі выканання, у рабоце з іншымі ёсць перспектыва. Акрамя таго, за падобнымі паслугамі да швейнікаў камбіната звярталіся і асобныя прадпрыемствы суседніх Баранавічаў: зелянбуд, вытворчае баваўняна-папяровае аб’яднанне, швейная фабрыка. Апошні факт дзіўным можа падацца, аднак, такім не з’яўляецца. Па тлумачэнні Ігара Клімца, сітуацыя наступная: Баранавіцкая швейная фабрыка надзвычай загружана заказамі. Гэтым часам, напрыклад, на паток пастаўлена вытворчасць касцюмаў для школьнікаў. Фабрыка працуе і на экспарт. Пры ўсім гэтым існуе яшчэ і дэфіцыт работ-нікаў асноўнай прафесіі. Можна не сумнявацца, там дакладна пралічылі эканамічную выгаду размяшчэння заказаў на пашыў спяцоўкі ў Ляхавіцкім РКБА.
У адносінах з Баранавіцкай фабрыкай камбінат мае намер не абмяжоўвацца разавым выкананнем заказу на пашыў спецадзення. Як адзначыў дырэктар, вядуцца перамовы аб магчымасці вытворчасці на базе цэха РКБА некаторых элементаў гатовых вырабаў швейнай фабрыкі. Але гэта пакуль толькі на ўзроўні вусных стасункаў, нейкая канкрэтыка, магчыма, з’явіцца ў самы бліжэйшы час.
Значную частку сваіх памяшканняў камбінат здае ў арэнду. Будынак па вуліцы Южакова ў райцэнтры ці не поўнасцю ў карыстанні арандатараў, асобныя памяшканні асноўнага — таксама. Аднак грошай за арэнду, прызнаецца дырэктар, прадпрыемства, можна сказаць, не бачыць – яны цалкам ідуць на пагашэнне даўгоў РКБА.
Іван КАВАЛЕНКА.
Стан спраў у райбыткамбінаце пракаменціраваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Дзяжурны:
— Становішча няпростае. Сельскія комплексныя прыёмныя пункты стратныя ў прынцыпе. Як правіла, выручку яны прыносяць нязначную, якая і блізка не пакрывае расходы на ўласнае ўтрыманне. У шэрагу выпадкаў, да таго ж, КПП базіруюцца на арандуемых плошчах. Было б вельмі нядрэнна, каб на вёску ў сферу бытавога абслугоўвання сельскага насельніцтва прыйшоў прыватнік. Не ідзе, на жаль.
Каб атрымаць станоўчы вынік, РКБА неабходна заметна пашырыць запатрабаваны асартымент паслуг, нарасціць аб’ёмы вытворчасці сталярнай майстэрні камбіната. Калі не з дапамогай пакупкі дадатковага абсталявання – гэта дорага і зараз наўрад ці магчыма – то шляхам яго магчымай арэнды і больш інтэнсіўнага выкарыстання таго, што ўжо ёсць.
Зрэшты, інтэнсіфікацыя вытворчасці, большая гібкасць у вядзенні гаспадарчай дзейнасці, імкненне і ўменне паспяваць за патрабаваннямі рынку неабходны і іншым структурам і падраздзяленням РКБА. Ну, а ідэя кааперацыі з Баранавіцкай швейнай фабрыкай вельмі цікавая. Будзем працаваць, каб гэты пакуль яшчэ вусны праект набыў рэальныя рысы.
Асобная крыніца паляпшэння сітуацыі, безумоўна — удасканаленне арганізацыі працы калектыву, павышэнне каэфіцыенту карыснага дзеяння ўсіх падраздзяленняў.