Мядовы сезон
У садах пах спелых яблыкаў і грушаў. Раздолле восам – ласуюцца, бы гурманы. Паспявай азірацца, каб не ўджалілі. А над пчальніком зусім непаўторны «мікраклімат», галоўнай ноткай якога – узмоцнены жнівеньскім сонцам дымковы водар. У пчалінай гаспадарцы СВК «Ляхавіцкі» – за 40 вулляў.
– Трымаем, як гавораць, для душы і для патрэб працаўнікоў сельгаскааператыва. А адказвае за «мядовую вытворчасць» захопленая гэтай справай Марыя Жалнярэвіч, – расказвае старшыня Аляксандр Вітко.
Марыя Рыгораўна – пчаляр і… даярка ў адной асобе. Тры дзясяткі гадоў займаецца пчоламі, вывучыла іх прывычкі і прыхільнасці (прычым не толькі на практыцы – закончыла вучылішча пчаляроў, таму ўсё робіць па навуцы). Тое, што справа ёй даспадобы, відавочна па ўсмешцы: шчыра і радасна асвятляе яна твар жанчыны, якая «разбіраецца» з чарговай порцыяй ураджаю.
– Не пакусаюць? – заўсёднае пытанне літаральна ад усіх, хто бачыць Марыю за справай.
– Канешне, не! Мы разумеем адзін аднаго. Дарэчы, укус пчалы гаючы, пры ўмове, што ў чалавека няма алергіі. Так што праца на пчальніку не толькі любімая мною, захапляльная, патрэбная, але і ўмацоўваючая здароўе, – Марыя Рыгораўна зноў шчыра ўсміхаецца.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.