Старшакласнікам растлумачылі, для каго напісаны законы
Старшакласнікі часта задумваюцца над прававымі пытаннямі, сэнсам законаў, юрыдычных норм і правіл, па якіх жыве грамадства, часткай якога з’яўляюцца і яны. Павысіць узровень прававой культуры, правасвядомасць маладых людзей, прымусіць задумацца іх над некаторымі ўчынкамі сваімі і сваіх сяброў і гэтым самым знізіць колькасць правапарушэнняў і злачынстваў сярод вучняў ставіла сваёй мэтай мерапрыемства “Законы напісаны для ўсіх”.
На сустрэчу з рабятамі прыйшлі намеснік пракурора Дзіна Дуброўка, следчы раённай пракуратуры Міхаіл Булыгін, кансультант суда Вольга Зелянко, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Дыдышка, урач-нарколаг ЦРБ Леанід Лапіч, загадчыца сектара ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла. Школьнікі атрымалі кампетэнтныя адказы на шматлікія пытанні, пазнаёміліся з некаторымі аспектамі крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні. Было над чым паразважаць і пасля выступлення ўрача-нарколага, які расказаў пра каварства наркотыкаў і алкаголю.
Для моладзі, якая ўжо заўтра ўступіць у самастойнае жыццё, важным пытаннем з’яўляецца прафесійнае самавызначэнне і самарэалізацыя. Інфармацыю пра навучанне і працаўладкаванне падлеткаў прадставіла Ірына Пабягайла.
Важна, што падчас мерапрыемства кожны школьнік быў не толькі слухачом, але і актыўным удзельнікам размовы.
Алена КАМІНСКАЯ, сацыяльны педагог СШ № 1 г. Ляхавічы.