Пра што расказвае парадак, ці Выразны тэст на гаспадарлівасць
Жарабковіцкі сельсавет па плошчы, а адпаведна і па маштабах дзейнасці адзін з буйнейшых ў раёне: 17 вёсак і вёсачак, у якіх пражывае каля трох тысяч чалавек. Немалая інфраструктура: 4 медыцынскія ўстановы, 2 школы і 2 садкі, 5 бібліятэк, 9 клубаў і Дамоў культуры, 8 гандлёвых кропак (у маланаселеныя пункты тавары дастаўляе аўталаўка), паштовыя і банкаўскія аддзяленні, 2 комплексныя прыёмныя пункты, 2 ветэрынарныя ўчасткі.
Старшыня сельвыканкама Аляксандр Трыбухоўскі ведае, чым жывуць тутэйшыя людзі: як заўсёды, клопатам пра хлеб надзённы. На гэтай урадлівай зямлі хлебаробская справа перадаецца з пакалення ў пакаленне. Дзяцей гадуюць у працы і адказнасці. Многія маюць багатыя ўласныя
падвор’і – лішкі малака, выгадаваную свойскую жывёлу прадаюць. Дарэчы, вельмі хутка пачатак новага навучальнага года, таму і падрыхтоўка школ да сустрэчы з вучнямі – найважнейшая задача. Падчас Дня Савета, які праходзіў у мінулы чацвер, убачылі: у аграгарадку Падлессе школа выдзяляецца ўтульным, расквечаным дворыкам. Нібы новы будынак, хоць яму хутка 40 гадоў. У класах ёсць усё неабходнае для навучання дзяцей. Сёлета за парты сядуць 58 вучняў – на жаль, змяншаецца колькасць дзетвары, таму гэтая адукацыйная ўстанова ператварылася ў вучэбна-педагагічны комплекс ”дзіцячы сад-базавая школа” з перспектывай напаўняльнасці на бліжэйшыя 5 гадоў не менш як 50 вучняў. Добрыя ўмовы створаны і для дзяцей дашкольнага ўзросту.
А ў Жарабковіцкай СШ, здаецца, нічога не змянілася – як і шмат гадоў назад тут жыццё кіпіць і хутка за парты сядуць 108 рабят. Умовы для вучобы выдатныя, педкалектыў абнаўляецца новымі кадрамі, маладымі, крэатыўнымі, зацікаўленымі. У сплаве з вопытам старэйшых педагогаў гэта дае выдатны вынік у падрыхтоўцы вучняў: у каго ёсць мэта, усе паступаюць у ВНУ.
І садок у Жарабковічах дагледжаны, забяспечаны ўсім неабходным і запоўнены дзятвой: зараз тут выхоўваецца чатыры групы рабят, такая ж перспектыва на бліжэйшыя гады.
У выдатным стане на тэрыторыі сельсавета медыцынскія ўстановы: Падлеская ўрачэбная амбулаторыя, Жарабковіцкі, Сваятыцкі, Зубелевіцкі ФАПы. Працуюць лазні. У аграгарадку Падлессе і вёсцы Зарытава ўжо некалькі гадоў ёсць фірменныя гандлёвыя кропкі мясцовай гаспадар- кі – прыбытковыя і вельмі запатрабаваныя ў насельніцтва. Дагледжаныя ўстановы культуры, падрыхтаваныя да ацяпляльнага сезона кацельні.
Дапамогу сельскаму Савету ў вырашэнні самых розных пытанняў і праблем аказвае мясцовая гаспадарка – СВК “Жарабковічы”. Па сутнасці, гэта адзіны і самы надзейны спонсар для ўсіх арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельгас-прадпрыемства. Як зазначыў старшыня СВК Антон Булаты, усё, што робіцца, – гэта для сваіх працаўнікоў, дзеля іх камфорту і дабрабыту. Напрыклад, круглы год сельгаскааператыў штодзённа гатуе абеды для работнікаў, а яшчэ бясплатная лазня, жывёла на асабістых падвор’ях забяспечваецца кармамі. Не толькі работнікі, але і пенсіянеры могуць купіць па сабекошце зерне, размалоць яго.
Значная дапамога сельгаскааператыва ў арганізацыі і правядзенні работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета і, у прыватнасці, па зносе састарэлых нічыйных сядзібаў і ўвядзенні вызваленых земляў у севазварот.
Праўда, ёсць праблема, якая не першы год хвалюе ўсіх жыхароў Жарабковіч – забеспячэнне якаснай пітной вадой. Станцыя абезжалезвання, якая тут была пабудавана раней, не спраўляецца са сваёй задачай. Па інфармацыі райЦГіЭ, утрыманне жалеза ў вадзе значна перавышае норму. Пытанне патрабуе вырашэння.
Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, узаемадзеянню сельвыканкама і праўлення сельгаскааператыва можна павучыцца іншым. Але і тут прастор для далейшай работы неабсяжны. У Падлессі, напрыклад, шмат будынкаў, што належаць райпо, пустуюць, разбураюцца. Усё, што зроблена гаспадарамі, – выстаўлена інфармацыя аб іх продажы праз аўкцыён, але беспаспяхова. Пара падумаць над іншымі варыянтамі выкарыстання гэтых пабудоў. Скардзяцца людзі і на тое, што ўжо больш за месяц не працуе райпоўскі магазін у аграгарадку Падлессе. Добра што ёсць фірменны, які належыць гаспадарцы, ды прыязджае аўталаўка, але ж населены пункт вялікі, значыць і патрэбы пакупнікоў значныя. Наогул, як можа быць, што ў аграгарадку няма крамы райспажыўсаюза?! Дарэчы, гэтай праблемай падляшане днямі падзяліліся і з раённай газетай, скардзіліся на нязручнасці і не вельмі ясныя перспектывы далейшага лёсу магазіна.
Клапоцяць падляшан разбітыя дарогі: балота нават на вуліцы да школы, трэба падсыпаць гравій і ля мясцовага СДК.
На жаль, не ўсе гаспадары адэкватна рэагуюць на патрабаванні сельвыканкама навесці парадак вакол сядзіб, ёсць тут расаднікі пустазелля. Кантрасты добраўпарадкавання (хіба для паказу, што такое добра і як быць не павінна) – у будынку, дзе размешчаны магазін сельгаскааператыва. Там, дзе лесвіца ў паштовае аддзяленне сувязі, – беспарадак ва ўсёй красе: на сценах за многія гады павукі звілі на- дзейныя прыстанішчы, брудная, выбітая лесвіца, на поручні якой агідна абаперціся. А ўвечары тут, напэўна, людзі прабіраюцца навобмацак, бо няма ніводнай лямпачкі. Размовы не пра рамонт капітальны і дарагі, хоць бы ўсё памыць ды падфарбаваць, каб і сабе прыемна, і перад людзьмі не сорамна.
Яшчэ адзін непрывабны краявід прама ля Дома культуры – прыватнае падвор’е. Навокал вэрхал: кучы гною, пустазелле, смурод. Карціна ніяк не пасуе ўстанове культуры. І гэта ўжо клопат сельвыканкама, як спыніць такое гаспадаранне, прымусіць уладальнікаў сядзібы навесці парадак.
Падвядзенне вынікаў работы выязнога мерапрыемства адбылося ў Зубелевіцкім сельскім клубе. Прадстаўнікі раённых службаў выказвалі свае заўвагі, прапановы, меркаванні наконт убачанага. Але, як зазначыў Яўгеній Юрлевіч, практычна ўсе праблемы могуць вырашыцца на мясцовым узроўні.
Аліна ЛАПІЧ.