Гатоўнасць нумар адзін

Гагарынскі ўчастак. Вольга Новік адказвае на пытанні выбаршчыцы Алены Кубіцель.

Выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падышлі да свайго важнейшага этапу. Праз тыдзень – 11 верасня – жыхары краіны прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць галасы за самых дастойных – тых, хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў парламенце.

Ужо з наступнага аўторка пачнецца датэрміновае галасаванне, якое традыцыйна даволі папулярнае сярод выбаршчыкаў, у тым ліку нашых землякоў. На працягу пяці дзён, па суботу ўключна, любы, хто плануе на наступныя выхадныя важныя справы, зможа атрымаць бюлетэнь, запоўніць яго і апусціць у урну для датэрміновага галасавання. Такая практыка, дарэчы, шырока распаўсюджана і ў краінах далёкага замежжа, сярод якіх, напрыклад, Фінляндыя і ЗША. У Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Іспаніі і многіх іншых краінах дапускаецца галасаванне нават па пошце. Беларускае выбарчае заканадаўства такіх радыкальных навацый пакуль не прадугледжвае, але штогод удасканальваецца з улікам лепшага сусветнага вопыту. Так, напрыклад, на нашых выбарчых участках у апошнія гады з’явіліся празрыстыя урны для галасавання – таксама сусветны трэнд. Больш правоў і магчымасцяў цяпер у наглядальнікаў, для іх створаны самыя зручныя ўмовы на кожным выбарчым участку. Для зручнасці выбаршчыкаў пашыраны пералік дакументаў, на падставе якіх выдаецца бюлетэнь, і г.д. Нязменным застаюцца асноўныя выбарчыя прынцыпы – тайнага і свабоднага галасавання, а таксама тое, што ў Беларусі выбары для большасці насельніцтва – мерапрыемства не проста важнае і адказнае, але і святочнае: з выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці, выязным гандлем, падарункамі тым, хто галасуе ўпершыню.

Пакуль на выбарчых участках яшчэ нешматлюдна: выбаршчыкі прыходзяць сюды, каб пракансультавацца па тых ці іншых пытаннях ці праверыць сваё прозвішча ў спісе для галасавання. Але такіх, як сцвяджае сакратар участковай камісіі Гагарынскага выбарчага ўчастка №36 Вольга Новік, няшмат. Напрыклад, ляхавічанка Алена Кубіцель вырашыла на ўсякі выпадак зазірнуць у спіс, калі прыйшла па справах у бібліятэку (участак размешчаны ў будынку купалаўкі): усё аказалася ў парадку – прозвішча, адрас, асабістыя даныя.

– Спісы былі складзены да 26 жніўня. Напачатку тыдня разнесены запрашэнні выбаршчыкам. Участак поўнасцю гатовы да выбараў, засталося толькі апячатаць урны, гэта будзе зроблена напярэдадні датэрміновага галасавання, – расказвае Вольга Новік.

Гатоўнасць нумар адзін і на Кастрычніцкім выбарчым участку № 39. Кожнага з 618 выбаршчыкаў, унесеных у спісы, чакаюць па новым адрасе – на другім паверсе ў адміністрацыйным будынку лясгаса. На гэтым, сцвярджае старшыня камісіі Наталля Багдановіч, акцэнтавалі ўвагу асабліва:

– Нагадвалі пра гэта і падчас удакладнення спісаў, новы адрас прапісаны ў запрашэннях. Для таго, каб прасцей было арыентавацца ў будынку, ёсць казальнікі.

Гатовы да сваёй адказнай місіі і іншыя ўчасткі на тэрыторыі Ляхавіччыны. Справа за нашай актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля Багдановіч: Кастрычніцкі ўчастак гатовы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *