У педагагічнай майстэрні аншлаг

Паспяхова на педагагічнай ніве працуе калектыў Востраўскай СШ. Установа адукацыі сёлета занесена на Галерэю славы раёна.

У мінулы аўторак прадстаўнікі ўсіх навучальных устаноў раёна сабраліся ў ГДК на традыцыйны жнівеньскі педсавет. З новым навучальным годам настаўнікаў шчыра павіншаваў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які зазначыў, што педагагічныя калектывы раёна шмат зрабілі для паляпшэння якасці адукацыі і выхавання, але спыняцца на дасягнутым ні ў якім разе нельга. Трэба ставіць перад сабой новыя задачы і паспяхова іх вырашаць. Кіраўнік раёна ўручыў узнагароды райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

У цэнтры ўвагі – маладыя спецыялісты, якіх прымалі ў дружную настаўніцкую сям’ю па традыцыі ўрачыста: кветкі і сувеніры, а самае галоўнае – наказ ад вопытных калег, які агучыла настаўніца Начаўскай СШ Таццяна Чаранкевіч, – верай і праўдай служыць прафесіі.

Настаўнік не толькі вучыць іншых, але павінен пастаянна вучыцца сам, удасканальвацца. Без інавацый у адукацыі, як і без павышэння якасці навучання і выхавання, нельга – такія меркаванні гучалі неаднойчы падчас канферэнцыі па тэме “Вопыт і ініцыятыва педагога – рэсурс развіцця адукацыі раёна”.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская падрабязна спынілася на здабытках сістэмы адукацыі раёна і акрэсліла задачы. Педагогам ёсць чым і кім ганарыцца. Усё больш новых зорачак запальваецца на адукацыйным, творчым, спартыўным небасхіле Ляхавіччыны. Поспех дзяцей немагчымы без падтрымкі, ведаў, якімі дзеляцца з імі настаўнікі. На слыху прозвішчы педагогаў – сааўтараў пераможных выступленняў на прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах. Не ў кожным раёне Брэстчыны ёсць педагогі, якім прысвоена катэгорыя настаўнік-метадыст. А наш можа ганарыцца: уладальнік такой катэгорыі Сяргей Абярган выкладае хімію ў СШ № 1. Нямала ў нас і наватараў на педагагічнай ніве.

Ёсць дасягненні ў прафарыентацыйнай рабоце. Станоўчыя вынікі дае папулярызацыя прафесіі настаўніка. У СШ № 2 на базе старэйшых класаў створана педгрупа. Сёлета на 11 працэнтаў павялічылася колькасць выпускнікоў гэтай школы, якія сталі студэнтамі педагагічных ВНУ. Прадоўжаць работу рэспубліканскія інавацыйныя пляцоўкі ў СШ № 1 і № 2, Крывошынскай СШ, упершыню з’явіцца такая ў яслях-садзе № 1.

Прыемна, што з улікам усіх крытэрыяў (а іх больш за 20, у тым ліку – кадравы патэнцыял, узровень навучання і выхавання) па выніках 2015 года аддзел адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама заняў другое месца сярод сельскіх раёнаў Брэстчыны. Сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання па шасці прадметах сярод выпускнікоў нашага раёна перавышае сярэднеабласны паказчык. Усе 16 сёлетніх медалістаў сталі студэнтамі ВНУ.

Навучальныя ўстановы сустракаюць 1 верасня з пашпартамі гатоўнасці. Толькі з раённага бюджэту пайшло больш за 4 мільярды рублёў (недэнамінаваных) на рамонт, набыццё матэрыялаў. Дапамагаюць ствараць бяспечныя і камфортныя ўмовы для вучобы і шэфы. Сёлета асабліва пастараліся льнозавод, торфабрыкетны завод, “Трансэлектракамплект”, райаграсэрвіс, камунгас, СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ДП “Нача”, КСУП ”Тальмінавічы”, ПМК-17, ТАА “Фермент”, фермерская гаспадарка “Шавялі”, ПГУП “АРТ-Наталі”, ТДА “Лармгрупсэрвіс”, ІП Вячаслаў Тарлюк.

Штаты ва ўсіх школах укамплектаваны кадрамі з вышэйшай адукацыяй. Разам з тым, у дашкольных установах узровень прафесійнай кампетэнтнасці кадраў патрабуе павышэння.

Тэхнічнае аснашчэнне школ заслугоўвае высокай адзнакі: дзяржава не шкадуе сродкаў, каб дзеці вучыліся, займаліся ў гуртках па інтарэсах, развівалі здольнасці ў камфортных і бяспечных умовах. Камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, багатыя бібліятэкі, доступ у інтэрнэт, неабходная для настаўнікаў метадычная літаратура на электронных і папяровых носьбітах ёсць у дастатковай колькасці.

Настаўнік СШ № 1 Сяргей Абярган падрабязна спыніўся на дыстанцыйным навучанні, расказаў пра яго перспектывы і перавагі. Педагог арганізаваў у інтэрнэце алімпіяду па хіміі “ІнтэрХімік-Ляхавічы”. Спачатку ў ёй удзельнічалі толькі вучні СШ № 1, цяпер да іх далучыліся рабяты з усяго раёна – больш за 300 школьнікаў.

Умовы навучання і выхавання ў сельскай школе не адрозніваюцца ад гарадскіх. Галоўнае – заахвоціць дзяцей, знайсці падыход да кожнага вучня, бачыць у ім асобу, развіваць здольнасці. Пра гэта гаварыла дырэктар Востраўскай СШ Алена Дыдышка. Усе вучні школы наведваюць факультатывы, 18 працэнтаў займаюцца ў розных аддзяленнях школы мастацтваў. Сёлета палова выпускнікоў стала студэнтамі ВНУ, пераважная большасць будучыню звязвае з лясной гаспадаркай і будаўнічай галіной.

Спартыўныя дасягненні юных ляхавіцкіх спартсменаў узгадаў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Погас. Назваў і праблемныя моманты. Калі поспехі ў лёгкай атлетыцы, дзюдо, футболе (сярод дзяўчынак) відавочныя, то ў футболе, гандболе – зацішша. Час падумаць і пра пераемнасць пакаленняў: вопытных трэнераў шмат, а вось маладых, з іскрынкай у вачах, гатовых пераняць традыцыі і выхоўваць новых чэмпіёнаў, зусім мала.

Па-новаму паспрабуюць працаваць у школах і з бацькамі вучняў. Зменяцца падыходы, каб больш эфектыўным стаў кантакт “бацькі-школа”.

Многія з прысутных былі адзначаны граматамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прафсаюза. Апладысментамі сустракалі педагогаў Святлану Гаўрыленя і Марыю Яраш, якія на працягу многіх гадоў узначальвалі адпаведна Жарабковіцкую СШ і Ліпскі дзіцячы сад.

Лепшымі ўстановамі адукацыі прызнаны Востраўская СШ і яслі-сад № 1, пераможцамі ў розных намінацыях сталі Тухавіцкая, Начаўская СШ, Дараўскі ДС-СШ, гімназія, СШ № 2.

Падарункам для педагогаў сталі канцэртная праграма і выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

У сераду педсаветы прайшлі ў школах, дзіцячых садках, пазашкольных установах. А ўжо ў чацвер цішыню парушыў залівісты першавераснёўскі школьны званок, які абвясціў пачатак навучальнага навагоддзя.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Яслі-сад №1- лепшая дашкольная ўстанова адукацыі раёна


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *