Дэтэктыўная гісторыя

Канешне, падлеткам ён заміраў перад тэлевізарам, калі ішла чарговая серыя “Месца сустрэчы змяніць нельга”, канешне, зачытваўся дэтэктывамі і ў думках разам з міліцыянерамі ішоў па слядах каварнага і хітрага злачынцы і перамагаў яго… Мусіць, усе хлапчукі мараць стаць следчымі, як дзяўчынкі – артысткамі. А становяцца нямногія. Сярод гэтых нямногіх і Аляксандр Траяноўскі.

Сёння ён – падпалкоўнік юстыцыі, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта, вопытны прафесіянал, які плённа працуе сам і дапамагае маладым калегам асвойваць складаную справу – следства.

Першую юрыдычную адукацыю атрымаў у тэхнікуме, з дыпломам якога і прыйшоў на службу ў міліцыю больш за дваццаць гадоў назад. Практычна столькі ж працуе следчым. Ужо тады, у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, малодшаму лейтэнанту міліцыі Траяноўскаму давялося на практыцы ўбачыць, з чаго бяруць сюжэты для дэтэктываў пісьменнікі і сцэнарысты. Насілле, крадзяжы, слёзы і адчай пацярпелых, боль людзей, чый блізкі ўчыніў злачынства… Апытанні, допыты, следчыя эксперыменты, вочныя стаўкі… І заўсёды канстантай застаецца літара Закона – ніякіх сантыментаў і лірычных адступленняў, злачынца павінен быць пакараны, а для гэтага неабходна даказаць, што ён – злачынца. Місія следчага надзвычай адказная, і ўжо толькі пасля гэтага можна гаварыць пра яе складанасць, спецыфіку, ненарміраваны рабочы дзень лю-дзей, якія разблытваюць клубок злачынства. Ва ўсякім разе для Аляксандра Траяноўскага гэта відавочна. Ён бескампрамісны ў тых пытаннях, якія безварыянтна не дапускаюць кампрамісаў. І пры гэтым ён вельмі ўважлівы і спагадлівы чалавек і калега, што гатовы засведчыць многія з тых, хто яго ведае і з кім ён працуе, у першую чаргу, начальнік райаддзела СК Віталій Лабанаў:

– Мой намеснік следчую справу ведае выдатна, і гэта вельмі спрыяе паспяховай рабоце. Аляксандр Траяноўскі –  прафесіянал высокага класа, уважлівы настаўнік маладых калег. За ўвесь час існавання нашай структуры судом не было вынесена ніводнага апраўдальнага прыгавора па ўзбуджаных райаддзелам СК крымінальных справах, што з’яўляецца сведчаннем прафесіяналізму ўсяго калектыву. Роля Аляксандра Здзіслававіча ў гэтым значная.

Траяноўскі сціплы і лаканічны ў размове пра яго:

– Канешне, справу сваю люблю. Ведаў многа не бывае – таму прафесійнае самаўдасканаленне працягваецца заўсёды. Не шкадую, што выбраў менавіта гэты шлях.

Ён не акцэнтуе ўвагу на складанасцях, не падкрэслівае значнасць службы, не паказвае адзнак і ўзнагарод. Але, як мінімум, пра адну ляхавічане ведаюць: Аляксандр Траяноўскі сёлета ўдастоены ў раёне звання “Чалавек года”.

– Адразу скажу, што гэта ганарова і надзвычай адказна. Лічу такую высокую адзнаку не выключна асабістай заслугай, а заслугай усяго калектыву нашага раённага аддзела – калектыву аднадумцаў і прафесіяналаў, – гаворыць Аляксандр Здзіслававіч. А на пытанні пра “саўдзельніцу” поспеху – сям’ю –  хораша ўсміхаецца і дадае, што і жонка, і дачка, і сын яго заўсёды разумеюць, падтрымліваюць і радуюцца, калі справы ладзяцца.

…Размова з падпалкоўнікам юстыцыі Траяноўскім адбылася напярэдадні знакавай для следчых падзеі – сёлета 12 верасня ўпершыню будзе адзначацца ў нашай краіне Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства, з чым “ЛВ” шчыра віншуе героя гэтай публікацыі і яго калег з Ляхавіцкага райаддзела СК і ветэранаў следчай службы.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *