Гэта моцная слабая жанчына

Не захапляцца Лідзіяй  Архангельскай нельга. З гэтым меркаваннем пагадзіцца кожны, хто ведае гэтую цікавую, мужную і шчырую жанчыну. Для яе, расіянкі, Беларусь стала родным домам: менавіта тут, у нашых Ляхавічах, Лідзія Архангельская 23 гады паспяхова і творча кіравала вялікім  калектывам настаўнікаў і вучняў  школы з багатым гістарычным мінулым – СШ № 1. Дзеці не проста любілі Лідзію Іванаўну — адносіліся да яе з вялікай павагай і захапленнем. Яна спалучала ў сабе шчырасць і любоў да вучняў – як жанчына і маці, патрабавальнасць і строгасць – як настаўнік і дырэктар.

Пры Архангельскай у школе склаўся калектыў аднадумцаў і педагогаў-наватараў, атмасфера добразычлівасці, узаемападтрымкі і ўзаемапавагі.

— Калісьці я і не думала, што лёс закіне мяне ў Беларусь. Нарадзілася ў невялікім расійскім гарадку Куйбышаўскай вобласці ў першы пасляваенны год і з самага дзяцінства марыла пра прафесію настаўніка. Дарэчы, лічу, што педагог – гэта не проста прафесія, а лад жыцця, – разважае Лідзія Архангельская.

Выпускніца Хабараўскага педагагічнага інстытута, у розныя гады яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, пэўны час была занята на камсамольскай рабоце ў Куйбышаўскай, Хабараў-     скай і Магаданскай абласцях. Такая  шырокая геаграфія працоўнай біяграфіі тлумачыцца даволі проста – жонка ваеннага.

У 70-я гады мінулага стагоддзя сям’я  Архангельскіх па чарговым армейскім накіраванні мужа апынулася ў Ляхавічах. І засталася тут назаўжды. Муж працягваў службу, сын вучыўся, Лідзія Іванаўна працавала спачатку інспектарам па кадрах райбыткамбіната, інструктарам райвыканкама. А з красавіка 1982 года была прызначана на пасаду дырэктара СШ № 1, дзе верай і праўдай займалася любімай справай да лета 2005 года.

Цяпер Лідзія Архангельская на заслужаным адпачынку, але ў яе, як заўжды, шмат клопатаў – на дачы, ды і сыну з нявесткай трэба дапамагчы ўнукаў даглядаць. Бабуля яна цудоўная! А як  выпадзе гадзіна вольнага часу, спяшаецца да нітак з іголкай:  у яе кватэры – сапраўдная галерэя ўласных карцін-вышыванак.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *