Гарачая тэма

Прыйшоў Ілья, восень кажа: тут і я. Вядомае народнае выказванне акцэнты расстаўляе трапна. Летняя пара ляціць хутка. Трэба паспець з падрыхтоўкай да халадоў: зімовае надвор’е ў доме напрамую залежыць ад глыбіні і якасці выканання міжсезонных падрыхтоўчых рэгламентаў. Гэта справядліва і ў дачыненні кожнага асобнага домаўладання, і ў дачыненні КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, усіх цэнтралізавана “завязаных” аб’ектаў раёна.

Цеплавая гаспадарка жылкамунгаса мае асаблівае месца ў плане значнасці, тэхналагічнасці, тэхнічнай складанасці, маштабнасці. Адных толькі кацельняў налічваецца 25. З іх 7 прыстасаваны для спажывання прыроднага газу, 3 – камбінаваныя (здольны трансфармаваць у цяпло як газ, так і цвёрдыя віды паліва), астатнія працуюць на мясцовых відах паліва. Плюс да гэтага многія дзясяткі кіламетраў цеплавых трас, разнастайнае цеплаабсталяванне і аснастка. “Руліць” гэтай махінай не проста, асабліва з улікам значнага амартызацыйнага зносу многага з пералічанага і таго, што пэўная частка кацельняў і цепласетак перайшла на баланс ЖКГ не так даўно.

Як паведамілі на прадпрыемстве, па стану на пачатак жніўня прафілактычны міжсезонны рамонт і выпрабаванне абсталявання праведзена на 14 кацельнях. Выканана ачыстка ўнутранай паверхні 56 з 83 катлоў. Праблемнымі, у тым ліку і зыходзячы з мінулагодняга вопыту, цеплавымі аб’ектамі раёна з’яўляюцца кацельня абласной псіханеўралагічнай бальніцы “Крывошын” і тая, што абавязана “грэць” аграгарадок Жарабковічы. Іменна тут сканцэнтравана асаблівая ўвага эксплуатацыйнікаў. Як паведамілі на прадпрыемстве, з-за значнай зношанасці асноўнага абсталявання кацельня псіхбальніцы не забяспечвае дастаткова выпрацоўку цяпла, яе каэфіцыент карыснага дзеяння далёкі ад разліковага. У якасці мерапрыемстваў, закліканых адаптаваць аб’ект пад рэальныя патрэбы, прадугледжваецца, у прыватнасці, капітальны рамонт двух катлоў. Па сутнасці, як заўважыў начальнік кацельнай гаспадаркі ЖКГ Міхаіл Новік, гэта на 80 працэнтаў будуць новыя катлы. Рамонт бяруцца выканаць пастаўшчыкі абсталявання. Прадугле-джана замена ўсёй так званай трубнай часткі. Са старога застаецца падмурак ды нешта з топачнай часткі. Выканаўцы работ ужо вызначыліся з іх аб’ёмамі, з патрэбнасцю ў камплектуючых і іншым.

Жарабковіцкая кацельня таксама не выдавала неабходных гігакалорый. Рамонтныя работы на ўсіх 4 катлах КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” выканала ўласнымі сіламі. У блізкіх планах – рамонт і частковая замена сеткавага абсталявання: помпаў, дымасосаў і г. д.
Акрамя таго, і ў Крывошыне, і ў Жарабковічах мяркуецца пашырыць навесы для складавання дроў. У аграгарадку, дарэчы, гэтыя работы ў азначаным накірунку ўжо вядуцца. Сэнс таксама і ў тым, каб даць дровам большую “вытрымку”, максімальна высушыць. Як вынік – падняць іх цеплатворную здольнасць.

Максімальнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва – дроў, тарфяных паліўных брыкетаў – замест дарагіх імпартных энерганосьбітаў з’яўляецца надзённым прыярытэтам і дзяржавы ў цэлым, і асобных карыстальнікаў-цеплавытворцаў. У бягучым міжсезонні на мясцовыя віды паліва быў дадаткова пераабсталяваны кацёл кацельні Дараўскага ДС-САШ. На такой аснове там цяпер працуе палова з чатырох цеплагенератараў. У сувязі з адзначаным, дарэчы, таксама ўзнікла неабходнасць павелічэння ёмістасці навеса для дроў, што зараз і выконваецца.
Сітуацыя з сезонным назапашваннем дроў абсалютна аптымістычнай не здаецца і ў лічбах мае наступны выгляд: з планава неабходнага да 1 кастрычніка запасу, роўнага 6500 кубічным метрам дроў, пад навесамі знаходзіцца пакуль толькі каля 1600 кубоў. Пэўная, хоць і даволі сціплая ў параўнанні з агульным аб’ёмам, колькасць дроў знаходзіцца ў месцах высечкі, у тухавіцкіх балотах, напрыклад, куды дабрацца зараз вельмі няпроста. Увогуле, сярод асноўных партнёраў у плане нарыхтоўкі дроў для ЖКГ, акрамя ТБЗ “Ляхавіцкі”, таксама мясцовы і Ганцавіцкі лясгасы, ПМС і інш. Нарыхтоўкі стрымлівае недахоп абаротнага капіталу на рахунках ЖКГ. Камунальнікі запазычылі, завінавацілі даўжнікі і ім. У тым ліку ёсць такія і сярод жыхароў-спажыўцоў камунальных паслуг. Дысцыпліна з разлікамі, відавочна, стымулявала б і працэс паліванарыхтовак.

Пастаўшчыком тарфяных паліўных брыкетаў на камунальныя кацельні з’яўляецца ТБЗ “Ляхавіцкі”. У рабоце з раённымі брыкетчыкамі, па словах Міхаіла Новіка, невырашальных праблем не ўзнікае. З неабходных на пачатак кастрычніка 1500 тон брыкетаў на гэты час вывезена каля 550.
Другі прамы складальнік цеплавога балансу жылых дамоў, сацыяльна-культурных, прамысловых і іншага кшталту аб’ектаў залежыць ад функцыянальнасці цеплатрубаправодных сетак. Што робіцца, што ў планах? Запланавана выканаць дадатковае ізаляванне паветранай цеплатрасы, што забяспечвае гігакалорыямі Жарабковіцкую САШ. Гэта, канешне, павінна зменшыць страты калорый у выніку іх перадачы ад вытворцы да спажыўца. Увогуле па ЖКГ, як адзначыла начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства Валянціна Ідрысава, у бягучым міжсезонні запланавана замена 4,2 кіламетра цепласетак у аднатрубным вымярэнні. Работы па замене вядуцца ў горадзе ад дома №8 па вуліцы Южакова і ў накірунку вуліцы Першамайскай. А распачатыя летась у Каранеўшчыне мяркуецца завяршыць ужо ў жніўні. Не здымаецца з парадку дня і пытанне абнаўлення сетак у Востраве.

Можна было б узгадаць і пра выкананне бягучага рамонту на асобных участках трас цеплазабеспячэння. І гэта было б праўдай, аднак, праўда і ў тым, што якасць падрыхтоўкі да зімы дакладна стане вядома зімой.
Сваімі думкамі пра ход падрыхтоўкі камунальнай гаспадаркі да ацяпляльнага сезона падзяліўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір ГУРСКІ:
— Праблемным пытаннем падрыхтоўкі камунальнай цеплавой гаспадаркі да ацяпляльнага сезона застаецца нарыхтоўка дроў у патрэбным для таго аб’ёме. Да выдзеленых пад высечку ўчасткаў нярэдка з цяжкасцю можа дабрацца аўтатранспартная тэхніка. Маюць месца фінансавыя нестыкоўкі, а апошнім часам абвастрылася сітуацыя і з камплектаваннем брыгад для работы на дзялянках. Пастаўка тарфяных паліўных брыкетаў працягваецца і няма падстаў сумнявацца, што працягнецца ў адпаведнасці з графікам.

Кацельні ў Жарабковічах і Крывошыне знаходзяцца ў той ці іншай стадыі рамонту, які максімум да пачатку ацяпляльнага сезона атрымае лагічнае завяршэнне.
Гарадская кацельня, якая размешчана непадалёку ад гімназіі, у мінулым працавала не ў поўную сілу. Былі задзейнічаны 4 з 6 магчымых катлоў. Аднак, у сувязі са значным пашырэннем ”завязанай” на кацельню жылой забудовы, наспела неабходнасць уводу ў эксплуатацыю і 2 астатніх. Зараз вырашаецца пытанне з іх некаторай даўкамплектацыяй.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *