Выбар народа. Дэпутаты выбраны па ўсіх 110 акругах
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 верасня прыняў удзел у выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай выбарчага ўчастка, паразмаўляў з наглядальнікамі. Па традыцыі Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дэпутаты павінны настройвацца на складаную і цяжкую заканатворчую работу. «Функцыя прыняцця законаў – выключна функцыя парламента. Таму галоўнае гэта, усё астатняе потым», – сказаў Прэзідэнт.
«Калі мы некалькі разоў абмяркоўвалі пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў, я не адзін раз гаварыў, што нашым дэпутатам трэба дабавіць палітычнага складніка, у тым ліку ў нейкай ступені дыпламатычнага, каб дэпутаты былі больш актыўнымі палітычна як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыкладаюцца ўсе намаганні да таго, каб па выніках выбарчай кампаніі з боку Захаду не было ніякіх прэтэнзій. Любы палітык і асабліва кіраўнік дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка, зацікаўлены ў тым, каб адносна яго краіны не ўводзіліся якія-небудзь абмежаванні і санкцыі.
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што, калі Беларусі ставяць пэўныя ўмовы, ён перш за ўсё глядзіць на тое, ці адпавядае гэта інтарэсам краіны, ці ёсць магчымасць пайсці на той ці іншы крок. «Калі гэта магчыма, мы на гэта ідзём. Навошта залішне напружваць абстаноўку? Таму мы рабілі ўсё, каб да нас было менш прэтэнзій», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Парламенцкія выбары ў Беларусі прайшлі ў спакойнай абстаноўцы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня ў час сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам.
«Выбары завяршыліся, і я хацеў бы ведаць асноўныя іх вынікі. Як сапраўды прайшлі гэтыя выбары з пункту гледжання арганізатараў, таму што вам і Адміністрацыі Прэзідэнта першапачаткова было даручана арганізаваць іх такім чынам, каб было ціха, спакойна, бяспечна, і каб людзі маглі свабодна выказаць сваё меркаванне, сваю волю. Размова вось з гэтай пазіцыі».
Аляксандр Косінец праінфармаваў, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Паводле яго слоў, упершыню выбары адбыліся на небезальтэрнатыўнай аснове ва ўсіх 110 акругах, яўка выбаршчыкаў склала 74,8 працэнта. Як лічыць кіраўнік Адміністрацыі, колькасць абумоўлена якасцю. «Першы складнік – гэта высокая свядомасць нашага народа, які неабыякавы да будаўніцтва маладой дзяржавы. Другі – высокі конкурс удзелу ў гэтых выбарах – 484 кандыдаты ў 110 акругах. І трэці – праведзена вялікая работа ўсімі без выключэння галінамі ўлады, каб забяспечыць высокую дысцыпліну, арганізацыю правядзення выбараў», – растлумачыў ён.
Аляксандр Косінец асабліва акцэнтаваў увагу на высокай яўцы мінчан – 62,1 працэнта. Высокай была яўка выбаршчыкаў і на ўчастках у абласцях, якая даходзіла да 80 працэнтаў. «Гэта сведчыць аб тым, што народ зацікаўлены і разумее неабходнасць выбрання тых асоб, якія будуць адстойваць інтарэсы, займацца заканатворчай дзейнасцю», – лічыць кіраўнік Адміністрацыі.
На прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына агучыла папярэднія вынікі выбараў, адзначыўшы, што на момант падвядзення канчатковых вынікаў ЦВК зможа прадставіць больш дэталёвую інфармацыю: «Спадзяюся, мы ў гэту пятніцу зможам падвесці вынікі выбараў, і на працягу 30 дзён пасля правядзення выбараў, гэта значыць апошні магчымы дзень – гэта 10 кастрычніка, адкрыецца першая сесія Палаты прадстаўнікоў».
Кіраўнік ЦВК адзначыла, што «пазіцыя апазіцыі была больш канструктыўнай, чым раней». Лідзія Ярмошына лічыць пазітыўным, што ўпершыню прадстаўнікі апазіцыі не прымянялі рыторыку, накіраваную на зрыў выбараў, прынамсі, у масавым парадку; што не было масавага зняцця кандыдатаў у дэпутаты з перадвыбарнай гонкі ў знак пратэсту.
Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ўлады прадаставілі больш свабодны і ліберальны рэжым для правядзення выбараў.
«Думаю, што значная частка галоўных рэкамендацый АБСЕ была выканана ў той ці іншай меры ў выглядзе правапрымяняльнай практыкі – рэкамендацыі Цэнтральнай камісіі перш за ўсё, ну і па тым свабодным духу вядзення перадвыбарнай агітацыі, які таксама быў практыкай выбарчай кампаніі», – сказала Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў кіраўніка ЦВК, не былі выкананы тыя рэкамендацыі, якія патрабавалі ўнясення змяненняў у закон.
«Мы прааналізуем правапрымяняльную практыку, якая мела месца, прааналізуем тыя прапановы, якія выкажуць міжнародныя наглядальнікі. З улікам гэтага будзе прадстаўлены адпаведны даклад Кіраўніку дзяржавы», – адзначыла старшыня ЦВК.
Інфармацыйнае забеспячэнне выбарчай кампаніі было актыўным і маштабным.Такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Кіраўнік ведамства лічыць гэту парламенцкую кампанію самай актыўнай з пункту гледжання асвятлення ў СМІ. На яе думку, у ходзе падрыхтоўкі і правядзення выбараў нацыянальныя і замежныя сродкі масавай інфармацыі максімальна маштабна паказалі рэальную карціну таго, што адбываецца ў краіне.
Усяго было акрэдытавана 698 прадстаўнікоў СМІ з Беларусі і 25 краін свету.
Журналісты зрабілі ўсё, каб выбары ў Беларусі адбыліся і прайшлі галосна і адкрыта, каб грамадзяне зрабілі ўсвядомлены выбар, каб у краіне быў сфарміраваны прафесійны парламент, адзначыла Лілія Ананіч.
Міністр ад асобы журналістаў падзякавала Цэнтрвыбаркаму за максімальнае садзейнічанне ў інфармацыйным забеспячэнні выбарчай кампаніі.
Па матэрыялах «Тэмы тыдня» БЕЛТА.