Дзе шукаць «скарб» ведаюць у «Ляхавіцкім» /фота/

Чаго імкнецца дасягнуць чалавек, які шчыруе на зямлі? Без шкоды для яе – максімум ад яе. І не важна, гаворка пра трохзначныя лічбы гектараў ці пра пару-тройку дачных сотак. Ураджайнасць засведчыць пра гаспадарлівасць рук, якія шчыравалі. У СВК “Ляхавіцкі” першыя 16 гектараў бульбяных палеткаў далі па 353 цэнтнеры, а агульны бурт заважыў ужо 568 тон. Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Шымкевіч задаволены ўраджаем другога хлеба:

– Тэхналогію вырошчвання строга выконваем. У нас выдатны пасяўны матэрыял. Сарты “скарб”, “арызона”, “рэд скарлет” на нашых глебах прыносяць добрую аддачу. Пакуль убралі 15 працэнтаў плошчаў, асноўная работа наперадзе. Пастараемся спрацаваць кампактна па часе.

Дарэчы, летась ураджайнасць складала 336 цэнтнераў з гектара. Праўда, бульбяныя палеткі СВК займалі плошчу на пару дзясяткаў гектараў большую, чым сёлета.

Два бульбаўборачныя камбайны практычна дазваляюць абыходзіцца без ручнога падбірання клубняў. Пакуль работа ідзе ў адну змену, але не выключана, што пачнецца двухзменка.

Шчодры ўраджай бульбы ў “Ляхавіцкім” традыцыйны, што пацвярджаюць штогадовыя лічбы справаздач і запоўненае па-максімуму бульбасховішча. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы яно адпавядае самым строгім тэхналагічным патрабаванням. Умяшчальнасць – 1000 тон клубняў, якія ў выдатным стане могуць даляжаць да вясны. Як правіла, значную частку ўраджаю, так бы мовіць, з кораня, раскупляюць спажыўцы. Бывае, што бульба з “Ляхавіцкага” адпраўляецца ў Расію, Малдову, па іншых няблізкіх адрасах. У сельгаскааператыве спадзяюцца, што і гэты год не стане выключэннем.

Акрамя «Ляхавіцкага» ў нашым раёне бульбу вырошчваюць СВК «Жарабковічы» – на 101 гектары, райаграсэрвіс – на 75, пад другі хлеб у ДП «Нача» занята 5 гектараў, у агракаледжы – 3. Райаграсэрвіс пачаў уборку клубняў, ураджайнасць – 242 цэнтнеры з гектара, у «Начы» – 209. Такім чынам, сярэдняя ўраджайнасць па раёне па стане на мінулы панядзелак склала 321 цэнтнер з гектара.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны аграном Аляксандр Шымкевіч і брыгадзір Іван Юнік ураджаем бульбы задаволены

Агрэгату ў дапамогу рабочыя рукі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *