СВК «Жарабковічы». Злак лёсу

Вадзіцель Сяргей Урванцаў, камбайнеры Сяргей Новік, Юрый Буцько.

Як канцэрн хочацца расшыфраваць апошнюю літару вядомай аграабрэвіятуры СВК. У адрас “Жарабковіч” гэта будзе не такім ужо і перабольшваннем. Там і аб’ёмы з плошчамі, і факт аб’яднання ў адзіны кулак асобных накірункаў вытворчай дзейнасці. У тым ліку і дастаткова нетрадыцыйных на фоне агульнай аграрнай культуры. Авечкагадоўля, напрыклад, ці “калгасны” гандаль.

Але сёння не пра гэтыя праекты гаспадаркі: галоўная тэма – хлебаробская. Як і ўсіх працаўнікоў нівы, сёлетні сезон даволі жорстка пратэсціраваў жарабковіцкіх земляробаў: калі зямля прасіла вільгаці – пякло сонца. У выніку колас не дабраў, не наліўся, страціў у вазе. Асаблівы дыскамфорт адчулі на сабе яравыя пасевы. Галодныя на ваду, па выніку яны аказаліся на дзясятак і больш цэнтнераў менш ураджайнымі леташніх. З улікам жарабковіцкіх хлебных прастораў істотна страціў у вазе і зерневы вал гаспадаркі. Пры гэтым ён – агульны намалот – з году ў год з’яўляецца безальтэрнатыўна лепшым сярод гаспадарак раёна. Прыродная ўрадлівасць зямлі таму прычына? Не без таго, але гэта толькі адзін і, думаецца, не першы складнік ураджайнай стабільнасці сельгаскааператыва.

Прагучыць не нова, але ва ўсе часы і ў любой справе галоўная роля належыць чалавеку. Прагрэс рухаюць прафесіяналы, адказныя выканаўцы, дысцыплінаваныя работнікі. Сплавам гэтых і многіх іншых выдатных якасцяў, безумоўна, валодае большасць жарабковіцкіх працаўнікоў. Лепшыя з лепшых пакарылі п’едэстал абласнога прафесійнага спаборніцтва. Машыністы зернесушыльных комплексаў Андрэй Свінабурка і Сяргей Таранда, камбайнеры Сяргей Бурак, Георгій Жук, Іван Касміна, Андрэй Дзянішчык у ліку тых, каго пару тыдняў назад вітаў дажыначны Драгічын. Гэта важны і ганаровы штрых, але далёка не ўся жніўная жарабковіцкая карціна. Яна шматразова большая, з дзясяткамі перадавых прозвішчаў, матрыцамі лічбаў, сотнямі гадзін працы, напружанасцю ў многія і многія мегавольты.

Радавыя і не публічныя на фоне галоўных прафесій жніва працаўнікі зернетакоў, рамонтнікі, работнікі “гарачага” цэха СВК – для ўсіх і кожнага жніво з’яўляецца хоць і звыклай, аднак, не будзённай справай. Кухня-сталовая ў “Жарабковічах” – ці не пастаянна дзеючая структура, трэнд, як сказалі б некаторыя. Але з наступленнем жніва і там уключаецца “жніўны” рэжым. Добры работнік – сыты работнік, – адно з жарабковіцкіх правіл.

Быў пачатак жніўня. Ні ветрыку, ні цянёчку на разагрэтай да тэмпературы плаўлення хлебнай ніве. У адрозненні ад стартавых дзён уборкі, калі з-за дажджоў камбайны заходзілі на палеткі нібы ўпотай, на гадзіну-некалькі, такое надвор’е толькі ў плюс. І тэмпы, і якасць, і эканомія, паколькі неабходнасць дасушкі зерня адпадае сама сабой. “Скамбайнаваць”, адвезці на зерняток, ачысціць ад жыцікаў і іншых уключэнняў і ў засекі. Вадзіцель МАЗа-дваццацітонніка Аляксандр Грабянко быў там дзе і павінна. На полі, побач з камбайнамі, у гатоўнасці імгненна падставіць кузаў аўто пад выгрузку намалочанага зерня. Колькі хлебных рэйсаў на рахунку Аляксандра? Гэта другасная статыстыка, у адрозненне ад колькасці перавезеных ад камбайна тон ячменю, пшаніцы і іншага золата палёў. Ужо тады ён першым з калег па СВК пераўзышоў тысячны рубеж. Каб пасля, за кароткі час да фінішу ўборачнай пашырыць гэтую лічбу да больш як 1400 умоўна-рэальных тон. Добры ўраджай злакаў – традыцыйны жарабковіцкі знак.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Камбайнер Уладзімір Сакалоўскі.

Вадзіцель Аляксандр Грабянко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *