З паэтычнага сшытка
А жыццё пражыць не проста,
Бо жыццё — яно рака,
Недзе вір, а недзе востраў,
Ёсць лілеі, асака.
Мель бывае і затокі.
Калі ясна, калі грозна,
Мы бацькоўскія ўрокі
Ўспамінаем вельмі позна.
А каб курсам не змыліцца,
Па рацэ жыцця праплыць,
У віры не патапіцца
І за мель не зачапіць —
Трэба розум ці ўдача?
Асцярожным — смелым быць?
Кожны сам рашыць задачу,
Як раку жыцця праплыць.
К юнаку прыляцела каханне,
Ды прысела яму на плячо,
І вачыма як светлае ранне
На яго паглядае дзяўчо.
Ён высокі, прыгожы і дужы,
А яна — нібы той матылёк.
Пераскочылі разам праз лужу,
І шчаслівыя — бачна здалёк.
У сэрцы смутак і замілаванне —
Маладосць прамільгнула бы ў сне
І шапчу ім услед: беражыце каханне,
Бо яно беззваротна міне,
Бо каханню патрэбна пяшчота
Так, як кветкам патрэбна вада,
І ласкавыя словы ўпотай,
І падтрымка, як побач бяда.
Валянціна Пабягайла