Восень: пацягнула на салодкае
Многія апошнія гады ў раёне вырошчваннем салодкага кораня займаюцца 3 сельгасарганізацыі. Пасеяныя сёлета 1687 гектараў былі размеркаваны ў наступным парадку: 947 – у “Жарабковічах”, 540 – у “Шляху новым”, 200 – у райаграсэрвісе. Па стане на пачатак тыдня практычна трэцяя частка плошчы была ўжо ўбрана. На буракапрыёмныя пункты паступіла амаль 25000 тон салодкіх ляхавіцкіх буракоў.
СВК “Жарабковічы” з’яўляецца абсалютным лідэрам. Не толькі па плошчах, але і па тэмпах уборкі і асабліва па ўраджайнасці. З жарабковіцкімі 582 цэнтнерамі на гектар не могуць канкурыраваць ні “Шлях новы”, ні райаграсэрвіс і, вельмі верагодна, мала хто з буракавытворчых гаспадарак вобласці.
Яшчэ вяскоўцы працягваюць папаўняць кармавыя запасы. Патэнцыял шматгадовых траў выкарыстаны не аднойчы і даволі даўно, базай жа для “зімовых нарыхтовак” сталі кукурузныя палеткі. Закладку сіласу вядуць усе сельгаспрадпрыемствы раёна. Розныя тэмпы, розная ўраджайнасць зялёнага гектара. СВК “Ляхавіцкі” пераўзышоў усіх і, здаецца, самога сябе. З кожнай стандартнай адзінкі плошчаў русінавіцкія кукурузаводы атрымліваюць 427 цэнтнераў зялёнай масы. У наступных па рэйтынгу 355; 348; 325 і далей па ўбыванні. У сярэднім жа наш кукурузны гектар важыць крыху больш за 3 сотні цэнтнераў. Паказчык, які дазваляе Ляхавіччыне трымацца па гэтым паказчыку ў самай сярэдзіне спіска раёнаў вобласці.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.