Да льну з паклонам

Апроч намаганняў па ўборцы хлеба, што, безумоўна, з’яўляецца прыярытэтам і адбірае максімум сіл і намаганняў, аграрыям гэтым часам даводзіцца “разрывацца” ў бок некаторых іншых вытворчых накірункаў. Усе без выключэння гаспадаркі раёна вядуць, напрыклад, лушчэнне ржышча,  іншыя работы. Тыя ж з сельгасарганізацый, што займаюцца вытворчасцю льну, працягваюць біць паклоны даўгунцу. Канешне, не ў прамым сэнсе, як гэта было яшчэ дзясятак, а то і менш гадоў таму, калі многае даводзілася рабіць уручную. Аднак, праца гэта вельмі карпатлівая, няпростая тэхналагічна, у некалькі этапаў, адказная і важная.

У бягучым годзе ў раёне налічваецца 9 ільнаводчых прадпрыемстваў, а агульная колькасць прызначаных для ўборкі палеткаў складае амаль 1600 гектараў. Церабленне льну  гэтым часам працягваецца. Сказаць, што работа вядзецца асабліва актыўна, на жаль, нельга. У рознай ступені спазніліся з пачаткам цераблення ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Ордэна “Знак Пашаны” “Кастрычнік”, “Канюхі”, “Тальмінавічы”. Так, тры названыя апошнімі гаспадаркі выцерабілі, па стану на 9 жніўня прыкладна  50 працэнтаў сваіх ільняных палеткаў.

Між тым, церабленне льну, як і большасць сельскагаспадарчых тэхналагічных аперацый, мае дастаткова жорсткую часовую прывязку — для яго адво-дзіцца ўсяго 10-15 дзён.

Для таго, каб атрымалася максімальна якасная траста, выцераблены лён павінен раўнамерна вылежацца. З абавязковым абарочваннем: пры ўраджайнасці 8–10 цэнтнераў валакна дастаткова аднаго абарочвання, пры больш высокай  аперацыю неабходна выконваць двойчы. Калі ж няма і 8 цэнтнераў, можна абмежавацца простым варушэннем. Цяперашнія ўмовы – раса ў якасці вільгаці, дастатковая яшчэ колькасць дзённага цяпла – з’яўляюцца вельмі спрыяльнымі фактарамі, найлепшым чынам адбіваюцца на спажывецкіх характарыстыках канчатковага прадукту. Нездарма ж з даўніх часоў існуе меркаванне, што лён любіць паклон і жнівеньскія росы. Толькі так магчыма дасягнуць патрэбнай якасці, без якой ва ўмовах сучаснага рынку не можа быць і сапраўднага камерцыйнага поспеху.

Пад “вылежкай” зараз знаходзіцца каля 85 працэнтаў раённых пасеваў даўгунцу. А як доўга яшчэ працягнуцца спрыяльныя ўмовы надвор’я – можна гадаць ды спадзявацца. Хоць спадзявацца заўсёды лепш на самога сябе.

Між тым, пачалася ўжо і ўборка льнотрасты. ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, чые пасевы складаюць больш як 800 гектараў, з’яўляецца самым буйным сярод прадпрыемстваў раёна вытворцам культуры. Ён жа першым з іх распачаў церабленне, а літаральна некалькі дзён таму прыступіў і да ўборкі льнотрасты. Рулонныя прэсы дастат-кова папрацавалі, першы гэтага года ўраджай  ільнопалет-каў трапіў  ужо ў заводскія шохі.

Мікалай КАПЛЫНОЎ,

галоўны аграном

райсельгасхарчу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *