Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Штрафстаянка

Двойчы на працягу года ў поле зроку супрацоўнікаў ДАІ трапіў 42-гадовы ляхавічанін, які кіраваў транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Першае пакаранне парушальніка, на жаль, не спалохала – ні пазбаўленне права на кіраванне транспартным сродкам на 3 гады, ні штраф у памеры 50 базавых велічынь. Ён зноў сеў за руль, ужо матацыкла, п’яным.

На гэты раз пакаранне будзе больш жорсткім: ад папраўчых работ да пазбаўлення волі тэрмінам на паўгода. Акрамя таго, у парушальніка канфіскавалі матацыкл.

Сёлета за 8 месяцаў затрыманы 52 вадзіцелі, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, 3 – паўторна на працягу года. З пачатку верасня выяўлена 5 аматараў п’янай язды, з іх 2 – пенсіянеры.

“Пазычылі”  чужы транспарт

18 верасня ў РАУС звярнуўся жыхар вёскі Канюхі, у якога з двара невядомы ўгнаў трактар “Т-25”. Прынятымі мерамі вышуку праз некалькі гадзін тэхніку знайшлі ў вёсцы Яжавічы Клецкага раёна. Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справау па ч. 1 арт. 214 Крымінальнага кодэкса. Праз некалькі дзён амаль што такім чынам пазбавілася веласіпеда ляхавічанка. Яе двухколы транспарт пазычыў мужчына. І не збіраўся вяртаць. Праводзіцца праверка.

І замок  не перашкода

У ляхавічанкі прапалі залатыя завушніцы коштам 500 рублёў. У крадзяжы падазраецца раней судзімы за аналагічнае злачынства мужчына, які цяпер знаходзіцца пад следствам.

А жыхар Жарабковічаў у адным з дамоў аграгарадка сарваў навясны замок і ўкраў прайгравальнік і спіртныя напіткі. Праводзіцца праверка.

Нагандлявала  і прысвоіла

РАСК узбудзіў крымінальную справу ў адносінах жыхаркі аграгарадка Падлессе. З 16 мая па 12 ліпеня гэтага года яна працавала прадаўцом рознічнага гандлю Ляхавіцкага райпо і прысвоіла больш за 780 рублёў райпоўскіх грошай, якія патраціла для ўласных патрэб. Ступень віны і меру пакарання вызначыць суд.

Дарагі бурштын

Эканамічны суд Брэсцкай вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці –  штрафу ў памеры 20 базавых велічынь – за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі 25-гадовага жыхара Ляхавіцкага раёна. Такая інфармацыя размешчана на сайце эканамічнага суда Брэсцкай вобласці. Сёлета 10 мая ў горадзе Пінску на ўласным аўтамабілі наш зямляк перавозіў бурштын агульнай вагой 6582 грамы на суму звыш 21 тысячы дэнамінаваных рублёў. Бурштын і вагі канфіскаваны.

Паўночны выклік

16 верасня 2016 года ў чвэрць першай гадзіны ночы ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб узгаранні гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Зубелевічы. Пра пажар паведаміла сама гаспадыня. Па прыбыцці выратавальнікаў да месца здарэння пабудова была поўнасцю ахоплена агнём. Пажар ліквідаваны ў лічаныя мінуты, агнём пашкоджаны дах, сцены, маёмасць. Пацярпелых няма.

Папярэдняя версія прычыны пажару – кароткае замыканне электраправодкі.

Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *