Адклад не ў лад

Асноўная задача для камунальнікаў гэтым часам –  заканчэнне падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона. “Некалькі дзён – і гатоўнасць да зімы павінна быць стопрацэнтнай”, – такое патрабаванне выказаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч на апаратнай нарадзе ў мінулы панядзелак. Справаздачу пра гатоўнасць сваіх падраздзяленняў да работы ў перыяд халадоў трымалі кіраўнікі ўстаноў і арганізацый. Адзін з важных аспектаў – утрыманне і стан вентканалаў. І калі аб’екты, якія знаходзяцца на балансе камунгаса, праходзяць праверку па другім крузе, то ў прыватным сектары – толькі пачатак.

Уздымалася пытанне асвятлення гарадскіх і вясковых вуліц. У прыватнасці, кіраўнік раёна агучыў факт: на вуліцы Леніна ў райцэнтры ў мінулыя выхадныя вечарам не працавалі адразу 7 ліхтароў. Дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі запэўніў, што сітуацыя будзе хутка выпраўлена.   Кіраўнік раёна запатрабаваў паскарэння тэмпаў капітальнага рамонту дома № 6 па вуліцы Южакова.

На апаратнай нарадзе размова ішла і пра нарыхтоўку другаснай сыравіны. Тым больш, што раёну да выканання задання далёка. Напрыклад, металалому сабрана толькі палова ад неабходнага. Маруднымі тэмпамі ідуць справы ў райпо, аграрным каледжы, ПМК-17, ЗАТ “Белпрампрыбор”, КСУП “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”.

Яшчэ на 1 верасня было запланавана адкрыццё магазіна “Родны кут” на вуліцы Інтэрнацыянальнай ў райцэнтры. Хутка на календары 1 кастрычніка – магазін не працуе. Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч праінфармаваў, што зараз устанаўліваецца гандлёвае абсталяванне. А вось на пытанне Вячаслава Сельмановіча, па якой прычыне закрыты магазін у Гарадзішчы, кіраўнік райпо так і не даў канкрэтнага адказу.

На апаратнай нарадзе таксама разглядаліся пытанні работы сельвыканкамаў са зваротамі грамадзян і іншыя.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *