Кацельня пры пашпарце

На календары восень, а зусім нядаўна слупок тэрмометра паказваў амаль летні плюс. Але ж, вядома, надвор’е  пераменлівае.
Як жа  камунальнікі і іншыя  арганізацыі падрыхтаваліся ці яшчэ рыхтуюцца да чарговага  ацяпляльнага сезона? Дарэчы, ён звычайна  пачынаецца з  сярэдзіны кастрычніка.  Падрыхтоўка  ўключае ў тым ліку рамонт кацельнага абсталявання,  водаправодных і каналізацыйных сістэм жыллёвага фонду. Правяраецца гатоўнасць цепла- і электрагенерыруючых установак, абсталявання, газавых, цеплавых і электрычных сетак да работы пры максімуме нагрузак.  Асаблівая ўвага – нарыхтоўцы  паліва, выкарыстанню  яго мясцовых відаў: дроў, тарфяных паліўных брыкетаў замест дарагіх імпартных энерганосьбітаў.

…Яшчэ з канца ліпеня раскапаны траншэі ў двары райбальніцы. Прычына раскопак – поўная замена трубаправода цеплатрасы працягласцю 2,8 кіламетра. Старыя цепласеткі свой век аджылі, знасіліся, у апошнія гады былі вельмі энергазатратнымі. Заказчык і падрадчык рэканструкцыі аб’екта – КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Як расказаў інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела камунгаса Віктар Рамановіч, на гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдаткавана 1,2 мільярда рублёў (недэнамінаваных) на матэрыялы і амаль 3,7 мільярда ўласных сродкаў прадпрыемства. Завяршыць замену цепласетак запланавана… да 18 лістапада. Так што цярпець нязручнасці наведвальнікам паліклінікі і бальніцы, медыкам давядзецца і далей, з асцярожнасцю хадзіць каля хаця і агароджаных, але ўсё роўна патэнцыяльна небяспечных акопаў. Гэта адзін бок праблемы. Другі – не менш істотны: а калі халады-маразы пачнуцца раней? Галоўны інжынер камунгаса Аляксандр Жук запэўніў: “Прыйдзе холад, ацяпленне ўключым. Праблем не будзе”. На гэты адказ узнікае сустрэчнае пытанне: як будзе ажыццяўляцца падача цяпла па не гатовых да эксплуатацыі сетках?

Гэты аб’ект не адзіны ў сёлетніх падрыхтоўчых работах да асенне-зімняга перыяду. Сярод маштабных і капітальны рамонт катла на квартальнай кацельні ў Ляхавічах (абышоўся камунгасу ў 1,5 мільярда недэнамінаваных рублёў).

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч расказала, што ўсе спажыўцы цяпла павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці да 1 кастрычніка. Па стане на 26 верасня рамонтна-прафілактычныя работы завершаны на ўсіх 24 кацельнях камунгаса, і ўсе яны атрымалі ад праматамнагляду допуск да эксплуатацыі. Прыборы ўліку цяпла ўстаноўлены таксама на ўсіх кацельнях. Што датычыцца жылых дамоў, то такія прыборы ёсць ва ўсіх 86 шматпавярховіках, якія абслугоўвае ЖКГ.

Установы адукацыі нават рэзкае наступленне халадоў не спалохае. Нарыхтавана большая ад патрэбы частка дроў і брыкету. Усе 34 установы атрымалі пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімні перыяд. Днямі ў дзіцячым садзе № 3 завершана ізаляцыя трубаправодаў у падвальных памяшканнях. Адрамантаваны ацяпляльныя сістэмы ў Малагарадзішчанскім ВПК, Тухавіцкай і Крывошынскай СШ, дзіцячым садзе № 2.

У медустановах створаны стопрацэнтны запас паліва. Праведзена прамыўка сістэм ацяплення райбальніцы, адрамантаваны печкі ў Навасёлкаўскім ФАПе, заменены ацяпляльныя катлы ў Зубелевіцкім ФАПе і Альхоўскай урачэбнай амбулаторыі (тут таксама новыя вокны і адрамантаваны дах).

Выдаткаваны сродкі з мясцовага бюджэту на падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона і ва ўстановах культуры. Кацельні, якія знаходзяцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, палівам забяспечаны ў неабходнай колькасці: 120 тон торфабрыкету і 100 кубаметраў дроў. Прыборы ўліку вады, цеплавой энергіі прайшлі дзяржпаверку. Як і планавалася, адрамантаваны дах Жарабковіцкага СДК, электраправодка ў Вялікалотаўскім СК і Тальмінавіцкім СДК, помпа і дымаход – у Альхоўскім СДК і інш. У будынку Ганчароўскага СДК адноўлена цэнтральнае вода- і цеплазабеспячэнне. Усе гэтыя работы фінансуюцца з бюджэту.

Па словах Ірыны Грынялевіч, па стане на 26 верасня, пашпарты гатоўнасці атрымалі 75 спажыўцоў са 105 і 40 цеплакрыніц з 58. Як паведаміў інспектар энерганагляду Аляксандр Бародзіч, не захоўваюць графік рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці льнозавод, райпо, райветстанцыя, ільнонасенстанцыя, Жарабковіцкі сельвыканкам, СВК «Шлях новы», ЖБСК № 1, 4, 6, 7, 10, 19, 20 і МЖБСК № 1 і № 3   (в. Тухавічы).

Далёкая ад аптымістычнай сітуацыя з сезоннай нарыхтоўкай дроў: з планава неабходнага да 1 кастрычніка запасу ў 5200 кубаметраў пад камунгасаўскімі павецямі пакуль знаходзіцца крыху больш за палову. Частку гэтага віду паліва камунгас нарыхтоўвае ўласнымі сіламі, астатняе купляе ў ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Запазычанасць камунальнікаў перад лясгасам за дровы – 39,6 тысячы дэнамінаваных рублёў. Яшчэ большыя праблемы з торфабрыкетам. Пры заданні 1000 тон нарыхтавана толькі 97. Справа зноў жа ў запазычанасці: больш як 160 тысяч рублёў торфабрыкетнаму заводу “Ляхавіцкі”.

Кожны тыдзень праводзіцца праверка выканання мерапрыемстваў па падрыхтоўцы аб’ектаў ЖКГ да работы ў асенне-зімніх умовах 2016-2017 гадоў.

Важна забяспечыць своечасовую падачу цяпла ў кватэры. І гэта – абавязак камунальнай службы. Але і спажыўцы павінны паклапаціцца пра тое, каб праз шчыліны, адтуліны і г.д. не гуляла паветра з вуліц.Таму пачынаем уцяпляць квадратныя метры там, дзе жывём, вучымся, працуем.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Уверсе выкарыстана ілюстрацыя з сайта http://www.yarskonline.ru

У такой стадыі рамонту знаходзіцца цеплатраса ў раёне бальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *