Калі пяе душа

Партрэты адразу двух работнікаў Русінавіцкага СДК – дырэктара Людмілы Сідорскай і мастацкага кіраўніка   Андрэя Цямчыка – занесены на раённую Галерэю славы
Аказваецца, талент у сабе можна адкрыць зусім выпадкова. Для гэтага ўсяго і трэба – добры настрой, кампанія блізкіх сяброў і падрыхтоўка праграмы для клуба вясёлых і знаходлівых аграрнага каледжа. Андрэй узяў мікрафон і пачаў спяваць…
Яму прапанавалі займацца вакалам у аматарскім аб’яднанні “Юнацтва». Адсюль і пачаўся творчы шлях юнака. Упершыню загаварылі пра таленавітага навучэнца ЛДАКа пасля абласнога конкурсу “Рытмы маладосці”. А потым была першая “Студэнцкая аграрная вясна” ў Віцебску, якая таксама прынесла перамогу і мары пра вялікую сцэну. Поспех паўтарыўся і на наступны год.
Сёння Андрэй Цямчык вядомы ў раёне, вобласці, нават краіне самадзейны спявак. Талентам сваім заслужыў павагу землякоў, якія ў 2014-ым прызналі яго “Чалавекам года”.
– Гэта было нечакана, ганарова і адказна. Яшчэ больш працаваў, старанна вучыўся, прымаў самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Калі прапанавалі прадстаўляць Ляхавіччыну ў абласным туры прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, вельмі хваляваўся, – успамінае Андрэй.
Удача не мінула юнака: з чатырох тысяч удзельнікаў-вакалістаў у дваццатку фіналістаў трапіў, у тым ліку, і Андрэй Цямчык. Пасля ў сталіцы адбылося незабыўнае песеннае шоу. Андрэю пашчасціла рыхтавацца да выступлення пад шэфствам Ірыны Дарафеевай, якая правяла некалькі незабыўных майстар-класаў па вакале, дала каштоўныя парады і была прыемна ўражана талентам правінцыяльнага самадзейнага спевака. Тая яркая падзея адбылася летась. А сёлета Андрэй Цямчык стаў лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Творчыя памкненні Андрэя падтрымліваюцца ў сям’і. Яго жонка, яго Надзея, таксама вакалістка. Яны выдатна спеліся: сваёй творчасцю пакаралі сэрцы аднакурснікаў у каледжы, пасля – на раённай сцэне. Надзя таксама неаднаразова станавілася пераможцай аглядаў-конкурсаў вакалістаў.
У сям’і Цямчыкаў нарадзіўся сын Ягорка, які стаў галоўным “дырыжорам” іх далейшага лёсу. Надзя працуе ў аграрным каледжы лабаранткай, Андрэй – мастацкім кіраўніком у Русінавіцкім СДК, абодва –  салісты народнай эстраднай студыі “Экспрэс”. Хлопчык расце пад калыханку дуэта таты і мамы.
Нядаўна сям’я прагульвалася па горадзе, і Ягорка пазнаў на партрэце на раённай Галерэі славы свайго бацьку і паведаміў пра гэта бабулям і дзядулям.
– Прыжыліся мы ў Ляхавічах, хоць сам я з Іванаўскага раёна, а Надзея – з Міншчыны. Усё лепшае, што ўжо адбылося ў нашым жыцці, звязана з гэтым гарадком, – гаворыць Андрэй Цямчык. – Для поўнага шчасця нашай сям’і не хапае толькі свайго даху над галавой.
Людміла Сідорская ў Русінавічах – вельмі паважаная асоба. Калі яна выходзіць з баянам на сцэну Русінавіцкага СДК, зала ў захапленні. Яе называюць “нашай Кадышавай”. У Русінавічах і навакольных вёсках ні адно свята не абыходзіцца без Людмілы Васільеўны, бо лірычная песня пад баян у выкананні старасты аграгарадка – самы жаданы падарунак.
Дарэчы, на гэтай адказнай пасадзе яна па просьбе вяскоўцаў, якія пераканалі жанчыну, што неабходныя іменна яе неабыякавасць, уменне знайсці падыход да кожнага чалавека, пераканаць, арганізаваць. Дапамагаюць рабоце кантакт з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі – СВК “Ляхавіцкі”, Начаўскім сельвыканкамам. Арганізаваць прывоз торфу, дроў, заараць агарод, упарадкаваць сядзібу ці знайсці нашчадка кінутага селішча, каб вырашыць лёс састарэлай пабудовы, – усе ідуць да старасты. І калі толькі паспявае адпачываць?
– Ды якія ў мяне могуць быць выхадныя, – смяецца Людміла. – Калі выпадаюць, то праводзім іх разам з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Песня для мяне найлепшы адпачынак. На рэпетыцыях паспяваем абмеркаваць вясковыя навіны, разам падумаем і над праблемамі –  як кажуць, сумяшчаем прыемнае з карысным.
Без дапамогі старасты, запэўнівае старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік, давялося б цяжэй з вырашэннем многіх пытанняў.
А нядаўна Людміла Васільеўна правяла шыкоўнае свята аграгарадка Русінавічы: песнямі пад уласны акампанемент зноў сабрала і  аб’яднала людзей…
У адказ на кампліменты Людміла Сідорская запэўнівае: у мяне добрыя памочнікі – вяскоўцы і песня.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *