“Чысты бераг”, чысты адпачынак

Летам бадай кожны з нас марыць адпачыць за горадам, на прыродзе. Тым больш, мясцовыя краявіды, чыстая вада і свежае паветра гэтаму спрыяюць як нельга лепш.

Нядаўна мы з сябрамі вырашылі пайсці ў паход. Знайшлі прыгожае месца. Размясціліся. Увесь вечар прасядзелі ля кастра, слухалі песні пад гітару. Калі прыйшоў час вяртацца,  сабралі ўсё сваё смецце і забралі з сабою. Палянка засталася чыстай і ўтульнай.

Праз нейкі час давялося зноў пабываць на той палянцы. Прыйшлі і не паверылі сваім вачам! Усюды раскіданы рэшткі чыйгосьці “свята”: пустыя пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавыя мяшкі, бляшанкі з-пад кансерваў, аднаразовы посуд… Ад былой прыгажосці нічога не засталося.

Вырашылі, канешне, прыбраць. Але ж усё смецце не вычысціш. Ды і таму, хто гэты вэрхал утварыў, не перашкодзіла б ведаць, што, напрыклад, пластык поўнасцю раскладваецца тысячу гадоў і на працягу гэтага часу выдзяляе ў паветра атрутныя рэчывы. А колькі ў нашых лясах такіх кінутых бутэлек. Між іншым, іх можна і трэба  забіраць і выкідваць у спецыяльныя кантэйнеры для паасобнага збору смецця – гэта не цяжка.

І як добра, што сярод нас нямала неабыякавых. Напрыклад, члены клуба ЮНЕСКА “Заранка” разам са сваімі настаўнікамі праводзяць аперацыю “Чысты бераг” – прыбіраюць смецце з прыбярэжных палос.

Зямля – наш агульны дом. А свой дом трэба захоўваць у чысціні.

Ірына КУЗЬМІЧ,
г. Ляхавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *