Забраць нельга пакінуць
Да кожнай справы, якія разглядаюць на пасяджэннях, індывідуальны падыход, асабліва, калі на камісію па справах непаўналетніх падлетак трапляе ўпершыню. Трэба ўважліва разабрацца ў дэталях, асэнсаваць, чаму хлопчык ці дзяўчынка пайшлі на дрэнны ўчынак. Пакараць прасцей за ўсё. Больш важна, каб падапечныя зразумелі: гэта супраць сумлення, супраць нормаў нашага жыцця, супраць закона. Намеснік старшыні камісіі Наталля Мацкевіч пераканана, што важна выявіць прычыны такіх учынкаў.
поле зроку камісіі і дарослыя, якія не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей. Часта паўстае цяжкая дылема: часова забраць непаўналетніх ад гора-бацькоў ці даць яшчэ адзін шанц такім мамам і татам адумацца, зразумець і выправіць памылкі. Сёлета за 9 месяцаў 13 дзяцей з 6 сем’яў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Хлопчыкаў і дзяўчынак размеркавалі па дамах сямейнага тыпу, дзіцячых прытулках. Бацькам вызначаны выпрабавальны тэрмін на работу над памылкамі – паўгода.
– Калі дзяцей забіраюць з сям’і, гэта заўсёды бяда. Яна пакідае адбітак у душы на ўсё жыццё. Дзеці шчыра любяць маму і тату, нават калі тыя забываюцца пра сваіх сыноў і дачок з-за гарэлкі і кампаніі. Як жа важна, каб дарослыя здолелі асэнсаваць, якая страшная плата за іх абыякавасць да дзяцей, і зрабілі выбар на карысць ладу ў сям’і, – гаворыць намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Дзіяна Трысцень.
Адумацца, усвядоміць, што могуць згубіць самае дарагое назаўжды, навесці парадак у доме, працаўладкавацца, а самае галоўнае – перастаць злоўжываць алкаголем – і ўсё атрымаецца. Так здарылася і з жыхаркай адной з вёсак раёна. У мінулым годзе жанчыну неаднойчы выклікалі на камісію: нідзе не працавала, пакідала дома без нагляду сваіх дзяцей 2005 і 2009 гадоў нараджэння, а час бавіла з сябрамі-алкаголікамі, бадзяжнічала. Дзяцей перадалі на часовае выхаванне ў прыёмныя сем’і. Такая жорсткая мера ў рэшце рэшт паўплывала на жанчыну, якая знайшла ў сабе сілы завязаць з алкаголем.
Лячылася, працаўладкавалася, навяла парадак у доме. Наталля Мацкевіч падкрэслівае, што вялікую ролю ў станоўчых змяненнях адыграла дапамога родных і блізкіх жанчыны. Напачатку мая дзяцей у сям’ю вярнулі. Але камісія па справах непаўналетніх трымае яе пад пастаянным кантролем. Галоўнае, не дапусціць паўтарэння сітуацыі. Хаця і такое, на жаль, здараецца.
На пасяджэнні камісіі выклікаюцца не толькі неўладкаваныя сем’і. На адным з апошніх, напрыклад, давялося чырванець бацькам за свайго сына-падлетка. Яго спынілі міліцыянеры, калі ішоў па вуліцы і піў піва. Дарослыя апраўдваліся, што ніколі не заўважалі за сынам цягі да спіртнога, ён не п’е і не курыць, дома дапамагае па гаспадарцы, уважлівы, добразычлівы. Бацькі атрымалі штраф у памеры5 базавых велічынь – “залатое” атрымалася піва. Больш гэта сям’я ў поле зроку камісіі, праваахоўных органаў не трапляла.
Сямнаццацігадовы юнак купіў сабе матацыкл, ездзіў без правоў, нягледзячы на ўшчуванні і папярэджанні міліцыянераў і КСН. Давялося маці з айчымам заплаціць штраф. Паабяцалі, што сын да 18 гадоў не ўбачыць транспартны сродак.
Некаму хапае аднаго выкліку на камісію, але ёсць і пастаянныя “кліенты”. Пятнаццацігадовы Ігар стаіць на ўліку ў ІСН. У школе характарызуецца адмоўна: канфліктуе з аднакласнікамі, брыдкасловіць, грубіяніць. Чаго толькі дарослыя не паспрабавалі: у “Чайку” пуцёўку выдзелілі – уцёк, у рамках другаснай занятасці школьнікаў працаўладкавалі – не захацеў працаваць. Маці выхоўвае сына адна, з ім не спраўляецца. На камісіі жанчына, якую выклікалі за неналежнае выкананне сваіх бацькоўскіх абавязкаў (сын амаль апоўначы знаходзіўся на вуліцы без суправаджэння дарослых), не стрымлівала слёз. На гэты раз маці заплаціць штраф у памеры 3 БВ. А Ігар, калі не выправіцца, можа трапіць у спецыяльную закрытую выхаваўчую ўстанову для непаўналетніх.
Дзевяцігадовы Арцём украў у магазіне шакаладку. Не для сябе, для сябра. Здавалася, можна на першы раз і дараваць. Калі б не адно але: хлопчыка і яго меншага браціка выхоўвае маці-адзіночка, якая злоўжывае алкаголем, у доме часта збіраюцца п’яныя кампаніі. Як расказала сацыяльны педагог СШ № 2, дзе вучыцца Арцём, сям’я знаходзіцца на ўнутрышкольным кантролі, настаўнікі з міліцыянерамі часта наведваюцца да іх дамоў. Бывае, дзверы не адкрываюць – калі гаспадыня нецвярозая ці ў яе госці. 1 БВ штрафу за неналежнае выхаванне сына і папярэджанне, калі жанчына не выправіць свае паводзіны, дзяцей могуць адабраць.
Як, дарэчы, і ў жыхаркі Зарытава. У свае крыху больш за 30 гадоў яна выглядае значна старэйшай з-за злоўжывання алкаголем. Пра адзінаццацігадовую дачку зусім не клапоціцца: дзяўчынка то ў адной бабулі, то ў другой, іншы раз суседзі пакормяць (бацька ездзіць на работу ў Расію, у яго другая сям’я). Камісія прапанавала хадайнічаць аб адабранні дзяўчынкі ў маці, і гэта ўзрушыла жанчыну, яна папрасіла даць ёй шанц. Далі. Пры ўмове, што ўспомніць пра свае бацькоўскія абавязкі, працаўладкуецца, пралечыцца ад алкагалізму.
Камісія збіраецца на пасяджэнні некалькі разоў у месяц. Хапае спраў і ў іншыя дні. Адна з асноўных задач – прафілактыка, якая дазваляе папярэдзіць праблему, не дапусціць бяды.
Галіна КАНЬКО.
Выкарыстана ілюстрацыя