Прафесія ствараць настрой

Народны ансамбль народных інструментаў настаўнікаў Ляхавіц-кай дзіцячай школы мастацтваў і яго кіраўнік Ларыса Муралава.

У другую нядзелю кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры. Гэтымі днямі віншаванні з задавальненнем прымаюць тыя, чыя прафесія – ствараць для ўсіх свята, арганізоўваць вольны час землякоў, далучаць іх (і не толькі ў якасці гледачоў) да розных жанраў мастацтва, захоўваць і прымнажаць нашу культурную спадчыну.

Сёння на Ляхавіччыне працуюць 27 клубных устаноў (сярод іх – гарадскі і сельскія Дамы культуры, клубы, Дамы народнай творчасці і рамёстваў), 28 бібліятэк (плюс бібліобус для абслугоўвання маланаселеных вёсак, дзе няма сваёй бібліятэкі), кінавідэасетка, 3 дзіцячыя школы мастацтваў – Ляхавіцкая, Тухавіцкая і Навасёлкаўская. Не проста працуюць, а сталі сапраўднымі цэнтрамі культурнага жыцця, аб’ядноўваюць  вакол сябе цікаўных, творчых, нераўнадушных.
Пры клубных установах функцыянуе 227 гурткоў, аматарскіх аб’яднанняў, клубаў па інтарэсах па самых розных накірунках. Тут, напрыклад, вучаць дзяцей і дарослых спрадвечным беларускім рамёствам – ткацтву, лоза- і саломапляценню, вышыўцы, запатрабаваным у многіх пакаленнях вязанню, шыццю і бісерапляценню , а некаторыя работнікі культуры дэманструюць (у тым  ліку на розных выставах і кірмашах, майстар-класах) зайздроснае валоданне навамоднымі хобі-тэхнікамі, такімі як квілінг, канзашы, скрапбукінг.  А яшчэ ва ўстановах культуры збіраюць (часам літаральна па крупінках) і нясуць “у людзі” народныя  традыцыі і абрады, спяваюць, танцуюць, сачыняюць, рыхтуюць самадзейныя тэатральныя пастаноўкі. Словам, прапануюць самыя шырокія магчымасці для развіцця нашых талентаў і захапленняў.
Дарэчы, пра таленты. У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вядзецца раённы банк даных таленавітай моладзі. Сёння ў ім – 31 прозвішча: 13 маладых работнікаў культуры і 18 навучэнцаў школы мастацтваў і агульнаадукацыйных школ.  І гэта толькі самыя-самыя, бо талентаў і здольнасцей нашым землякам не займаць! Нездарма на Ляхавіччыне 17 калектываў мастацкай самадзейнасці і аматарскіх аб’яднанняў маюць высокі статус народных, узорных, заслужаных.
Афіцыйныя ўрачыстасці і яркія фэсты, забаўляльныя і канцэртныя праграмы, тэматычныя кіналекторыі і святы вёсак – далёка не ўсё, да чаго прыкладаюць сваю руку і ў што ўкладаюць душу культработнікі. Няўрымслівыя і крэатыўныя, поўныя задумак і творчых планаў, выдатныя арганізатары, лёгкія на пад’ём – гэта ўсё пра іх. Тых, хто і ў сваё прафесійнае свята будзе не ў глядзельнай зале, а на сцэне – ствараць усім нам добры настрой.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Эдуард Бурвель – таленавіты мастак і афарміцель ГДК.

Творчы сямейны дуэт Міхаіла і Валянціны Карповічаў гаспадарыць у Малагарадзішчанскіх СДК і бібліятэцы.

Удзельнікі ўзорнага ансамбля песні «Спадчына» ГДК, дзякуючы сваім педагогам, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў беларускую песню.

Вакальны ансамбль «Вінс-акорд» ГДК.

Народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК – жаданы госць любога свята.

«Падляшаначку» з Падлескага СДК землякі рады бачыць на сцэне і ў полі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *