Беларусь-Пакістан: сур’ёзныя намеры
Беларусь і Пакістан пацвердзілі ўзаемнае імкненне да развіцця дружалюбных адносін і канкрэтызавалі іх асобныя напрамкі з улікам патрабаванняў часу. Такі вынік афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, праведзеных 5 кастрычніка ў Ісламабадзе.
«Нашы падыходы да развіцця двухбаковых адносін не змяніліся з часу папярэдніх сустрэч. У мяне толькі ўмацавалася ўпэўненасць у шчырасці намераў пакістанскіх партнёраў развіваць дружалюбныя адносіны з Мінскам на прынцыпах узаемнага даверу і супрацоўніцтва», – заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэм’ер-міністрам.
Беларусь і Пакістан дамовіліся выйсці на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі. Прыкладам таго можа стаць мяркуемы ўдзел Беларусі ў будаўніцтве кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора.
У час сустрэчы было адзначана, што Беларусь і Пакістан павінны больш актыўна развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Гэтымі днямі ў Ісламабадзе быў адкрыты Беларуска-пакістанскі цэнтр па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. «Мы ўзмоцнім сумесную работу ў напрамку сельскагаспадарчай і прамысловай кааперацыі. У бліжэйшы час абмяняемся візітамі спецыялістаў для пашырэння супрацоўніцтва па гэтых напрамках», – расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан’юнктуры цэн МЗС Беларусі і Агенцтвам па развіцці гандлю Пакістана, пагадненні паміж урадамі аб паветраных зносінах і ўзаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.
Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф прынялі сумесную заяву, у якой бакі адзначылі канструктыўны характар развіцця двухбаковых адносін і пацвердзілі неабходнасць іх паглыблення, што адпавядае інтарэсам Беларусі і Пакістана.
У Ісламабадзе Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам і спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Сардарам Садзікам. На абедзвюх сустрэчах падкрэсліваўся высокі ўзровень супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана, а таксама імкненне дзвюх краін рабіць усё магчымае для паглыблення партнёрства ў гандлёва-эканамічнай, навуковай, культурнай, адукацыйнай і іншых сферах.