За мірны быт
Як сведчыць міліцэйская статыстыка, назваць сітуацыю ў сферы сямейна-бытавых адносін на Ляхавіччыне спакойнай не атрымліваецца. З пачатку года ў РАУС паступіла 35 заяў пра бытавыя канфлікты, аператыўна-дзяжурная служба прыняла 157 паведамленняў пра сямейныя скандалы. Па выніках разгляду гэтых зваротаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 126 грамадзян, у тым ліку 97 – за дробнае хуліганства.
Трагічную развязку меў сямейны скандал, што адбыўся ў красавіку гэтага года ў вёсцы Сваятычы: мясцовы жыхар 1945 года нараджэння збіў сваю маці. Ад цялесных пашко-джанняў жанчына памерла.
Сёлета падчас прафілактычных мерапрыемстваў былі выяўлены злачынствы, учыненыя на бытавой глебе, па гэтых фактах узбуджаны 4 крымінальныя справы. “Сюжэт” кожнага ў нармальных людзей выклікае жах і разгубленасць. Падляшанін 1972 года нараджэння ўдарыў нажом 10-гадовага сына, рана, на шчасце, аказалася не глыбокай… Ляхавічанін пагражаў забойствам сваёй жонцы – абяцаў задушыць, і намеры выказваў даволі сур’ёзныя… Жыхар Сваятычаў абліў бензінам і спрабаваў падпаліць сваю сужыцельку… У Шчаснавічах мужчына замахнуўся сякерай на мужа сваёй сястры… А колькі фактаў сямейнага насілля засталося па-за ўвагай праваахоўных органаў з-за таго, што родныя не хочуць “выносіць смецце з хаты”, а суседзі і знаёмыя не лічаць па-трэбным умяшацца ў сітуацыю.
З 8 па 16 жніўня на тэрыторыі раёна міліцыя праводзіць комплекс спецыяльных мерапрыемстваў “Быт”. Асаблівая ўвага будзе надавацца прафілактычнай рабоце з асобамі, што стаяць на ўліку ў РАУС, выяўленню і спыненню злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Акцыя накіравана на зніжэнне ўзроўню бытавой злачыннасці.
Аляксандр ЕРМАКОЎ, начальнік РАУС