Пра фундамент чалавечнасці, урокі пяшчоты і прымнажэнне сямейнага капіталу
Душэўна і духоўна, светла і ўрачыста, святочна і па-дзелавому ёміста прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу беларускіх СМІ “Моцная сям’я – моцная дзяржава”, заснавальнікі і арганізатары якога – Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз жанчын.
Адбывалася яна ў сценах мінскага Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Сярод пераможцаў і два брэсцкія адрасы: у намінацыі “Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ” перамога ў “Ляхавіцкага весніка”, а сярод электронных – у тэлерадыёкампаніі “Пінск”. |
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што конкурс праводзіўся ў дзявяты раз і што ўдзел у ім ўзялі больш як 100 прэтэндэнтаў з 76 сродкаў масавай інфармацыі. Лілія Станіславаўна падкрэсліла: беларуская прэса дастаткова актыўна і плённа звяртаецца да тэмы сям’і, і конкурсныя работы сведчаць пра гэта. Наогул жа, сям’я ёсць і будзе маральнай ячэйкай беларускага грамадства, пераканана міністр, – сям’я, дзе ёсць узаемапавага, любоў да дзяцей, шанаванне старэйшых, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Палітыка падтрымкі сям’і, развіццё сямейнага капіталу ў нашай краіне – сярод прыярытэтаў і прырастае ўсебаковымі клопатамі. Вельмі аптымістычна, што гэта палітыка прыносіць выдатны плён, і што Беларусь застаецца апорай маральнасці на фоне падзення каштоўнасцей інстытута сям’і за мяжой.
Лілія Ананіч асабліва падкрэсліла ролю беларускай прэсы ва ўмацаванні прэстыжу і іміджу сям’і і пажадала калегам прырастаць у журналісцкім майстэрстве якасна і духоўна. Патэнцыял нацыянальнай інфармацыйнай прасторы вялікі, а чытач адгукаецца на глыбокія публікацыі, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі, рэзюмавала Лілія Станіславаўна.
Тэма круглага стала, які папярэднічаў цырымоніі ўзнагароджання, паўтарала тэму творчага конкурсу. І закранутыя міністрам інфармацыі аспекты гэтага важнейшага пытання працягваў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода г. Мінска протаіерэй Фёдар Поўны. Ён гаварыў пра духоўныя каштоўнасці ў сучаснай парадыгме беларускай дзяржавы. Гаварыў настолькі пераканаўча, сардэчна і хораша, што хацелася па-новаму пераасэнсаваць многае з жыццёва прывычнага, нават хрэстаматыйна вядомага і адчуць сваё асабістае датыкненне да слова ў тэму і да справы ў тэму.
Наш народ моцны, і сілкуюць яго маральныя каштоўнасці, у першую чаргу, вера, надзея, любоў. З імі мы нараджаемся, носім іх у сэрцы, часам нават не зважаючы на тое, што яны ёсць. Яшчэ яго сілкуе гісторыя: само жыццё, сам лёс навучылі верыць, спадзявацца і любіць. А гісторыя навучыла жыць разам (адсюль і каштоўнасць моцнай, вялікай сям’і), ладзіць з суседзямі. І любіць Айчыну. Галоўнай каштоўнасцю для беларусаў заўсёды была наша зямля, на абарону якой устаюць усе суайчыннікі, незалежна ад веравызнання. У гэтых думках ўслых протаіерэй Фёдар Поўны сканцэнтраваў важнейшую задачу: трэба ўзяцца за новыя ідэі, якія ідуць далёка ў будучыню, і выхоўваць беларуса з яго традыцыйнымі маральнымі каштоўнасцямі, а не проста людзей у глабальным сэнсе – нам нельга страціць свае маральныя арыенціры. Праграма ў адносінах інстытута сям’і можа знаходзіцца толькі на вектары ўмацавання. Таму што толькі ў сям’і чалавек набывае сэнс жыцця. У школе, падкрэсліў настаяцель храма, няма ўрока ці факультатыва пяшчоты. Гэтаму дзіця вучыцца дома, як і сапраўднаму дараванню, трэніроўцы цярпення, узаемадапамозе. У сям’і, дзе пануюць вера, надзея, любоў.
Гэтыя мудрыя разважанні закранулі за жывое. Каб ацаніць подзвіг, трэба зразумець, за што гінулі воіны ў час суровых выпрабаванняў. Адказ: за сям’ю, бацькоўскі дом, за Айчыну. І пра маму, пра галоўнага чалавека ў жыцці, Фёдар Поўны і літаральна ўсе, хто браў слова, гаварылі з пяшчотай. Дарэчы, па традыцыі цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў гэтага творчага конкурсу зноў сёлета праводзілася напярэдадні святкавання ў Беларусі Дня маці і праваслаўнага Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
А завяршыў сваё слова-пропаведзь 12 кастрычніка падчас круглага стала айцец Фёдар зваротам да журналістаў, якія сваім майстэрствам павінны спрыяць умацаванню сям’і: “Ад вас ва многім залежыць, як кажуць, “авторитет учителя и почет родителя“.
На канкрэтных справах па рэалізацыі сацыяльнай палітыкі дзяржавы, у тым ліку па падтрымцы сям’і спынілася старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч. Пра выхаванне падрастаючага пакалення і сумесныя намаганні сям’і і школы гаварыла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. На грамадскіх ініцыятывах, якія спрыяюць гарманічнаму развіццю асобы, засяродзілі ўвагу намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Надзея Ермакова і сакратар ЦК БРСМ, старшыня рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Вікторыя Менанава. Гучалі розныя цікавыя прапановы. Калегі з тэлерадыёкампаніі “Пінск” расказалі пра сваю ўвагу да мясцовага клуба татаў, а адказная за выпуск дадатку “Сямейная газета” ў “Звяздзе” Надзея Дрындрожык прыгадала мудрую прытчу пра выхаванне дзяцей у сям’і.
Размова атрымалася ад душы і для душы. Завяршыла яе міністр інфармацыі Лілія Ананіч слушным пажаданнем: беларуская інфармацыйная прастора павінна быць храмам, куды няма ўваходу бездухоўнасці.
А потым гучала цудоўная класічная музыка ў выкананні юных дараванняў пад кіраўніцтвам дырыжора Уладзіміра Перліна. І гэта было надзвычай у тэму.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Надзеі БУЖАН з сайта газеты «Звязда».
Фота БЕЛТА.
“Моцная сям’я – моцная дзяржава”. Сама назва конкурсу гучыць натхняюча.А стаць яго пераможцай са столькіх прэтэндэнтаў двойчы ганарова і радасна. Віншую родную газету з перамогай. Чарговай і наступнай.Заўсёды прыемна чытаць пра вашыя дасягненні.